Начальник обособленной группы военного комиссариата Новогрудского и Кореличского районов Сергей Шалин рассказал о том, как современные юноши относятся к армии
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць аб выкананні святога абавязку перад Радзімай і прафесіі ваеннага з начальнікам адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргеем ШАЛІНЫМ.
? — Сяргей Аляксандравіч, як Вы абралі прафесію ваеннага?
— Я заўсёды марыў аб пагонах і форме. Любоў да прафесіі прывіў мне бацька, які працаваў рабочым і лічыў прафесію ваеннага патрэбнай і дастойнай для мужчыны.
? — А наколькі ёй цікавяцца юнакі Карэліччыны?
— Прафесію ваеннага выбіраюць многія. Каля 30 прадстаўнікоў раёна вучацца ў вышэйшых навучальных установах краіны, у якіх рыхтуюць абаронцаў Айчыны. Штогод карэліцкая зямля накіроўвае для праходжання тэрміновай ваеннай службы і службы ў рэзерве больш 50 чалавек.
? — Якія задачы даводзіцца вырашаць начальніку адасобленай групы ваеннага камісарыята?
— Самыя розныя — ад прызыву на тэрміновую службу, службу ў рэзерве, адпраўкі на ваенныя зборы да сацыяльных пытанняў. З імі звяртаюцца ветэраны вайны і Узброеных Сіл, прызыўнікі і іх бацькі. Работніку райваенкамата трэба быць добрым знаўцам законаў, сумленным іх выканаўцам, выдатным псіхолагам, быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў свеце. Гэтага патрабуе ад яго прафесія ваеннага — знаходзіцца на абароне інтарэсаў яго грамадзян.
? — У гэтым годзе Карэліччына адзначае значны юбілей — 75-годдзе вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Якая работа праводзіцца ў гэтым накірунку?
— Разам з супрацоўнікамі райвыканкама і пракуратуры аб’ехалі месцы воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, паглядзелі на іх стан. Адзначу, што ўсе памятныя месцы ў нашым раёне захоўваюцца на адпаведным узроўні. Плануецца да Дня Перамогі ўнесці змяненні ў надпіс на абеліску ў аграгарадку Турэц — дапісаць тры нядаўна ўстаноўленыя прозвішчы загінулых на вайне.
? — Ці лічыце Вы службу ў арміі святым абавязкам перад Радзімай?
— Сапраўды, гэта наш святы абавязак, і яго трэба выканаць. Больш таго, гэта адзін з этапаў станаўлення юнака як мужчыны. На жаль, сёння не ўсе маладыя людзі імкнуцца служыць, але многія мараць апрануць ваенную форму, каб адчуць сябе абаронцам Айчыны. Радзіма заўсёды мела і мае патрэбу ў абароне.
? — А ці ёсць ў раёне тыя, хто ўхіляецца ад службы ў арміі? Хто атрымлівае адтэрміноўку?
— На працягу апошніх пяці гадоў укланістаў у раёне няма. Адтэрміноўку атрымліваюць у асноўным пры прадаўжэнні вучобы, па стане здароўя, па сямейных абставінах, у іншых выпадках.
? — Ці шмат жыхароў раёна праходзяць альтэрнатыўную службу і службу ў рэзерве?
— Для праходжання альтэрнатыўнай службы восенню 2016 года мы накіравалі толькі аднаго юнака. Як вядома, гэтая служба ўяўляе сабой грамадска-карысную дзейнасць узамен воінскай службы.
У 2018 годзе служыць у рэзерве нікому не давялося, хаця звычайна штогод яго праходзяць да 10 чалавек. Служба ў рэзерве — гэта ваенныя зборы без адрыву ад вытворчасці, з вышэйшай адукацыяй — на працягу двух, з сярэдняй — трох гадоў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ