Семинар по теории и мастер-класс по практике. Кореличские парикмахеры учатся у столичных профессионалов

У мінулы аўторак праца для цырульнікаў мясцовага Дома быта на нейкі момант прыпынілася. Справа ў тым, што ў госці да карэліцкіх аматараў прыгажосці завіталі прафесіяналы са сталіцы, прадстаўнікі аднаго з самых буйных і знакамітых брэндаў касметыкі – “Estel”.

 

Семінар па тэорыіі і майстар-клас па практыцы для карэліцкіх цырульнікаў правяла Віялета Козел, тэхнолаг-эксперт кампаніі “Estel”. Для жанчыны падобнае мерапрыемства не першае: пашырыць веды ў сферы фарбавання, расказаць пра асноўныя памылкі і тое, як іх выправіць, – задача, з якой сталічны спецыяліст на выдатна справілася ўжо ў Салігорску, Маладзечне і іншых гарадах краіны.

– Нягледзячы на тое, што дваццаць першае стагоддзе – час інавацый, які не патрабуе ад нас ісці ў бібліятэку, калі ўсё неабходнае ёсць у Інтэрнэце, людзям усё ж такі прасцей успрымаць новыя веды ўжывую – так, як гэта робім мы, – расказвае Віялета Козел. – Калі працуеш з калегамі ў рэжыме “тут і зараз”, існуе выдатная магчымасць убачыць іх рэакцыю і здагадацца, ці ўсё яны разумеюць, пры неабходнасці прывесці прыклады, растлумачыць яшчэ раз…

 

Безумоўна, такі падыход насамрэч дзейсны. Падчас тэарэтычнай часткі мясцовыя цырульнікі і спецыялісты з бліжэйшых раёнаў рашалі каларыстычныя задачы, дзяліліся вопытам і задавалі асабістыя пытанні сталічнаму гуру прыгажосці: як вызначыць натуральную базу, што рабіць, калі пад рукой не аказалася чырвонай фарбы, а кліент хоча яркі вогненны колер, у якіх прапорцыях і што змешваць – і яшчэ шмат чаго, што непрафесіяналу ў гэтай галіне здаецца чымсьці за мяжой фантастыкі.

Пасля імправізаванай лекцыі прысутныя апынуліся ў больш звыклай для сябе ролі: апрануўшы пелярыну на дзвюх жанчын, якія з радасцю пагадзіліся паслужыць мадэлямі, пад выразным кіраўніцтвам госці яны пачалі тварыць прыгажосць…

 

– Прыняць удзел у майстар-класе я вырашыла таму, што дагэтуль яшчэ не працавала з новай лінейкай фарбаў “Estel”, – расказвае Людміла Комар з Дзятлава. – Мне патрэбны былі больш дасканалыя тэхналагічныя веды, якія, у прынцыпе, я і атрымала падчас сустрэчы. Увогуле, на маю думку, гэта была выдатная магчымасць дыялогу з прафесіяналам, які займаецца каларыстыкай не адзін-два гады, а значна больш. Усё ж такі вопыт ёсць вопыт.

Пасля вытрыманых хвілін на афарбоўку мадэлі атрымалі новы імідж, а ўсе іншыя – добрыя і шчырыя эмоцыі ад праведзенай працы.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара