Іван і Зінаіда Шэўка з аграгарадка Краснае адзначылі залатое вяселле
20 лютага сям’і Івана і Зінаіды Шэўка з агр. Краснае споўнілася 50 гадоў. Залатое вяселле стала выдатнай нагодай для прыемнага і нечаканага візіту ў дом юбіляраў старшыні Красненскага сельсавета Тамары Лейка і намесніка старшыні СВК “Маяк-Заполле” па ідэалагічнай рабоце Вольгі Грыгаровіч, якія зладзілі для маладых сапраўдную шлюбную ўрачыстасць.
Іван Аляксеевіч і Зінаіда Васільеўна паставілі свае подпісы ў Ганаровай кнізе юбіляраў Красненскага сельсавета, абмяняліся пярсцёнкамі, запалілі свечку, як сімвал сямейнага ачага, цяпла і дабрабыту, пачулі шмат цёплых віншаванняў і атрымалі падарункі ад сельсавета і гаспадаркі.
– Здаецца, толькі ўчора было вяселле, – з лёгкім хваляваннем адзначае гаспадыня. – Добра памятаю 20 лютага 1970 года. Холадна было, завіруха, курганы высачэзныя стаялі. На конях ехалі, а шлюбнае плацейка ў мяне лёгкае было, кароценькае. Калі дадому прыехалі, я адразу не за святочны стол села, а да печы прыльнула.
Івана і Зінаіду Шэўка не інакш як мясцовымі не назавеш. Усё жыццё адпрацавалі на карэліцкай зямлі: ён – у Карэліцкім раёне газазабеспячэння, яна – на свінаферме ў сельгаспрадпрыемстве. Вырасцілі і далі дарогу ў жыццё двум сынам і дачцэ, якія сёння працуюць у СВК “Маяк-Заполле”.
– Усяго было за 50 гадоў сумеснага жыцця: і сварыліся, і мірыліся, – дзеліцца Зінаіда Шэўка. – Але мы трымаліся адзін аднаго. У сям’і многае ад жаночай мудрасці залежыць, ад яе ўмення дараваць.
Сёння ў кожнага з юбіляраў ёсць свой занятак. Іван Аляксеевіч пляце кошыкі, каля тысячы ўжо будзе. Зінаіда Васільеўна шкарпэткі дзецям ды ўнукам вяжа. З нагоды залатога вяселля ўсе яны з вялікім задавальненнем сабраліся за святочным сталом, каб павіншаваць самых родных з 50-годдзем сумеснага жыцця.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара