Пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і св. Ганны ў агр. Варонча а. Ежы Саковіч: «Кожны дзень з Богам – Вялікдзень!»

Што бы не здаралася ў жыцці, як бы далёка нашы дарогі не ляжалі ад храмаў і Бога, светлы і радасны дзень Вялікадня збірае людзей разам, у цёплым сямейным коле, з малітвай і верай у лепшае. Напярэдадні Нядзелі Уваскрасення Пана пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і св. Ганны ў агр. Варонча а. Ежы САКОВІЧ дзеліцца велікоднымі ўспамінамі з маленства і распавядае, як у ролі святара перажывае пасхальныя ўрачыстасці.

– Станам Вялікадня я з дзяцінства жыву штодня. Кожны ранак для мяне, асабліва калі ён сонечны, успрымаецца як узнёслы час світання ў Нядзелю Уваскрасення Пана. У такія імгненні маё сэрца напаўняе падзяка за падараваны Богам яшчэ адзін дзень жыцця.

А яшчэ Вялікдзень – гэта ўспамін з маленства пра цеплыню і любоў матулі. Памятаю, як рана яна будзіла мяне і казала: “Сёння Нядзеля Уваскрасення Пана”. Мы выходзілі на вуліцу, а там пяшчотныя промні, лагоднае вясновае паветра, усё пранізана святочным настроем і абуджае да новага жыцця.

Звязаны мае дзіцячыя ўспаміны і з чысцінёй гэтага свята. Уся наша вёска асаблівым чынам рыхтавалася да Вялікадня, у хатах наводзілі парадак і хараство. Але ўсе “прыбіраліся” і духоўна – гэта значыць шчыра і сумленна спавядаліся. Што цікава, большасць касцёлаў у тыя савецкія часы былі зачыненыя. І сапраўдным святам станавілася, калі нехта знаходзіў машыну, дабіраўся да бліжэйшага храма і свянціў тыя ж яйкі, печыва, соль ды які кавалак мяса, а потым дзяліўся гэтым скарбам з вяскоўцамі.

У дарослыя гады, калі я ўступіў на духоўны шлях, Вялікдзень набыў у маім жыцці больш глыбокае значэнне. Нездарма лічыцца, што святар у пэўным сэнсе з’яўляецца другім Хрыстусам. Таму і Вялікі пост, і Святы Пасхальны Трыдуум, і Пасхальная Вігілія, і сам Вялікдзень перажываюцца мной надзвычай моцна. Я, як святар, духоўна праходжу праз мукі, смерць на крыжы і ўваскрасенне Пана.

Увогуле, Вялікдзень нездарма лічыцца самай вялікай хрысціянскай урачыстасцю. Гэта ў многім фундамент нашай веры. Бо Касцёл успамінае і ўрачыста адзначае, што Хрыстус сваёю Крывёю адкупіў увесь свет, прынёс людзям збаўленне. А значыць для вернікаў Пасха становіцца пераходам да іншага, лепшага жыцця ў супакоі, справядлівасці і хвале. Гэта надае нашай зямной пілігрымцы асаблівую каштоўнасць і сэнс. Але адначасова ўскладае на нас вялікую адказнасць за кожны пражыты дзень. Асабліва яна ўзрастае ў дні Вялікага посту, калі мы рыхтуемся да сустрэчы з Уваскрослым Хрыстусам не толькі знешне, а найперш унутрана, праз споведзь, прыбіраючы ў думках, сэрцы і душы. Мы мусім адкінуць бруд са свайго жыцця і запрасіць да сябе Божае, светлае, чыстае.

Таму хочацца пажадаць усім вернікам спазнаць вялікую радасць Нядзелі Уваскрасення Пана, адчуць тое, што Езус нас бясконца любіць і мае да нас бязмежную міласэрнасць. Няхай моц Вялікадня пераменіць наша жыццё, напоўніць яго верай, надзеяй, любоўю ды шматлікімі ласкамі! Хай Бог аберагае нашы сем’і ад хвароб, Святы Дух узмацняе ў хвіліны выпрабаванняў, а апека Маці Божай, нібы плашч, ахінае ад усялякіх цяжкасцей!

🥚🕊Святочны расклад набажэнстваў:

🌼 Парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі (г.п. Карэлічы) і парафія св. Ганны, (агр. Варонча): 11 красавіка – 19.00, 12 красавіка – 7.00.

🌼 Парафія св. Мікалая (г.п. Мір): 11 красавіка – 20.00, 12 красавіка – 07.00 і 12.00.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Ілюстрацыі аўтара