На ўзыходзе сонца вернікі парафіі св. Ганны ў аграгарадку Варонча віталі Уваскрасенне Пана

Што можа быць прыгажэй і ўзрушлівей за світанне ў Нядзелю Уваскрасення Пана?! А сустракалі мы яго ў касцёле святой Ганны ў аграгарадку Варонча. Ззяла сонейка, свяціліся твары вернікаў разам з пробашчам парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і св. Ганны ў агр. Варонча айцом Ежы Саковічам і братам Сяргеем Калютам і нават аблокі, што сапраўднае велікоднае дзіва, “намалявалі” на небе крыж. Так людзі і прырода віталі Уваскрослага Пана. Непаўторнае Божае адзінства. Нядзіўна, што для кожнага з прысутных у гэты момант нібы адкрываліся Нябёсы. І святочныя званы гучалі не толькі ў старадаўнім храме, але і ў сэрцах вернікаў.

“Адна з назваў сённяшняй урачыстасці Змёртвыхпаўстанне, – звярнуўся да парафіянаў айцец Ежы Саковіч. – Сапраўды, дзякуючы падараванаму нам праз ахвяру Езуса на крыжы збаўленню, мы атрымоўваем шанец пакінуць у мінулым усё тое, што забівае нас духоўна, і паўстаць да новага жыцця. Паглядзіце, як хораша прачыналася сёння зямля, так і вы абуджайцеся да лепшага! Наша праўда – у Богу, наш Дом – на Нябёсах. Хай духоўны шлях няпросты, давядзецца не раз падаць, але Айцец заўжды дапаможа нам падняцца, а калі не зможам ісці, то Ён панясе нас на руках. Проста гаварыце з Богам, і ён вас абавязкова пачуе, ды майце жывую і дзейсную веру!”

Касцёл св. Ганны ў першых промнях новага дня.

Касцёл св. Ганны ў абдымках вясновых нябёсаў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара