Больш за 2 500 прадстаўнікоў Гродзенскага рэгіёна сталі ўдзельнікамі ўнікальнага праекта ”Кожны трэці”, які быў створаны ў памяць аб героях і ахвярах ваеннага часу. Вялікая дэлегацыя з дзевяноста карэліччан, а гэта раённае кіраўніцтва, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, ветэраны, моладзь таксама наведала канцэрт-рэквіўс у Палацы Рэспублікі, падчас якога акунулася ў атмасферу незабыўных уражанняў і глыбокіх эмоцый.
Ужо з уваходу ў Палац Рэспублікі ўдзельнікі патрыятычнага мерапрыемства акунуліся ў атмасферу памяці ваенных гадоў. У фае Палаца Рэспублікі гледачам быў прадстаўлены шэраг тэматычных выставачных праектаў.
Асаблівую ўвагу прыцягвала экспазіцыя КУП “Мінскхлебпрам” “Хлеб – нябачная сіла Перамогі”. Усе жадаючыя маглі паспрабаваць хлеб, які выпякалі ў ваенны час: “Блакадны”, “Сталінградскі” і нават той, якім кармілі вязняў фашысцкіх канцлагераў. Нікога не пакінуў раўнадушным цікавы праект “Подзвігі і лёсы партызан у дакументах выдавецтва “Беларусь сёння”.
Унікальныя фатаграфіі, узнагародныя лісты, баявыя характарыстыкі байцоў – гэта і многае іншае ўбачылі наведвальнікі. Нельга было не прыпыніцца каля выставы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Генацыд: дакументы і відавочцы сведчаць”, у якой сабраны навуковыя, навукова-папулярныя, масава-палітычныя выданні апошніх гадоў. Яны ўключаюць у сябе серыю даследаванняў беларускіх навукоўцаў і журналістаў пра малавядомыя старонкі генацыду і ваенных злачынствах супраць мірнага насельніцтва.
Таксама карэліччане ўбачылі фотавыставу “Лёсы, складзеныя ў трохвугольнік”, праект-ажыўленне “За дзень наступны ўсяе зямлі”.
Вітаючы са сцэны гледачоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў нагадаў, наколькі тэма Вялікай Айчыннай вайны блізкая кожнаму беларусу і кожнаму жыхару Гродзеншчыны.
– Наша вобласць у ліку першых прыняла на сябе ўдар добра падрыхтаванай нямецкай арміі. Менавіта на Прынеманскіх рубяжах праваліўся варожы план маланкавай вайны. Яго сарвалі ўжо ў першых сутычках бясстрашныя пагранічнікі і воіны 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна. Сёння мы шануем патрыятызм і нябачаныя подзвігі непакораных суайчыннікаў. Тых, хто змагаўся з ворагам у шэрагах рэгулярнай арміі, біў яго ў складзе партызанскіх злучэнняў і падполлі, хто дзеля жыцця на зямлі аддаў уласнае жыццё, хто ўжо ў наступныя мірныя гады не проста аднавіў з руін Радзіму, а зрабіў яе квітнеючай.
Паэтычную аснову канцэрта склаў твор вядомага беларускага пісьменніка Анатоля Вярцінскага “Рэквіем па кожным чацвёртым”, які па-мастацку быў дапоўнены звесткамі аб страчаных падчас вайны і не адноўленых населеных пунктах Беларусі; аб Героях Савецкага Саюза, якія нарадзіліся або загінулі на тэрыторыі Беларусі; удакладненыя новымі дадзенымі карты канцэнтрацыйных лагераў і знішчаных вёсак; рэдкімі кадрамі хронікі, фотадакументамі розных перыядаў вайны і пасляваеннага часу; відэа- і фотадакументамі, звязанымі з расследаваннем у рамках крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.
На сцэне былі выкананы як шырока вядомыя музычныя творы савецкага перыяду, так і новыя кампазіцыі сучасных беларускіх аўтараў Валерыя Шмата, Ганны Сялук, Яўгена Алейніка і іншых. “Кожны трэці” — гэта не проста канцэрт, а жывы водгук пра боль і мужнасць тых, хто прайшоў праз страшныя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Песні “Пакінуць след”, “Не будзіце спячых салдат”, “Памятайце”, “Славянская неўміручасць” зала слухала стоячы.
Гэты патрыятычны праект адкрывае серыю асноўных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Той навале, якая не шкадавала нікога: мужчын, жанчын, старых, дзецей... Праз жорны фашысцкай машыны прайшлі мільёны.
Канцэрт-рэквіем “Кожны трэці” распавёў гледачам пра гэта на мове фактаў, аб'яднаўшы ў сабе тэатральныя замалёўкі, ваенныя песні і бязлітасную кінахроніку, якая не хавае праўду пра тое, якія страты панёс СССР у часы вайны. Сама назва карцэрта не абстрактная. Гэта рэальная абноўленая статыстыка, якая сведчыць, што ад рук карнікаў у гады фашысцкай акупацыі ў Беларусі загінуў не кожны чацвёрты, як лічылася раней, а кожны трэці чалавек. Новыя факты і асабістыя трагедыі пакладзены ў аснову драматургіі канцэрта-рэквіема. З 6 па 12 красавіка гэты па-сапраўднаму ўнікальны канцэрт-рэквіем убачаць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі.
– Канцэрт-рэквіем “Кожны трэці” – гэта даніна памяці, новыя песні пра вайну і перамогу, кадры хронікі, гісторыі людзей, чые лёсы былі зламаны, але не забытыя, – адзначыў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня Карэліцкай РА Беларускай партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан. – Убачанае і пачутае падчас канцэрта вельмі ўразіла і яшчэ раз нагадала пра подзвіг і мужнасць савецкага народа. Праект, які спалучае ў сабе песню і кінахроніку, тэатр і бязлітасную мову фактаў, маштабнае дзейства, якія заклікаюць нагадаць усім пра вялікую трагедыю, якую перажыў наш народ. У маёй сям'і, як і ў сем'ях многіх, да тэмы Вялікай Айчыннай заўсёды ставіліся з павагай і ўсведамленнем, якія тытанічныя намаганні калісьці прыклалі салдаты, падпольшчыкі, партызаны, каб у кожнага з нас было мірнае неба над галавой. Захапляюся подзвігам продкаў. Хацелася б, каб падрастаючае пакаленне ведала праўду пра мінулае і тую цану, якую заплаціў савецкі народ у барацьбе з фашызмам. Мы павінны шанаваць заслугі тых, хто заплаціў жыццём дзеля светлай будучыні для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 411 “ААБ Беларусбанк” Вольга Марцута:
– Мяне асабіста вельмі ўразіла сама атмасфера, у якую пагружаешся ўжо тады, калі трапляеш у фае Палаца Рэспублікі. А маштабны канцэрт-рэквіем, як і многія іншыя патрыятычныя праекты, дазваляе сказаць: “Мы ведаем праўду яшчэ з тых часоў, як нам пра яе расказвалі бабулі і дзядулі, таму нас не падмануць.” Гэта своеасаблівы аповед пра лёсы простых людзей, які аб'яднаў новыя песні пра вайну і Перамогу з унікальнымі архіўнымі кадрамі і гістарычнымі фактамі. У ім прынялі ўдзел заслужаныя артысты Беларусі. Многія песні мы слухалі стоячы, такім чынам выказваючы ўдзячнасць за мірнае неба над галавой. На працягу ўсяго канцэрта мной авалодвалі змешаныя пачуцці: боль і горыч страт і ў той жа час глыбокая падзяка пераможцам за мірнае неба і свабоду. Мы абавязаны памятаць пра тых, хто змагаўся дзеля нашай будучыні, дзеля чыстага неба над галавой.
Намеснік старшыні Карэліцкай РА РГА “Белая Русь” Вольга Івашка:
– Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі асаблівую праграму, якая ўключала ў сябе разнастайныя нумары і душэўныя песні. Кожнае выступленне кранала да глыбіні душы, пагружаючы ў атмасферу памяці і смутку. Немагчыма забыць тое гора і трагедыю, якія вайна прынесла нашай краіне, нашаму народу.
На працягу ўсяго канцэрта я адчувала змешаныя пачуцці: сціскалася сэрца і выступалі слёзы на вачах, а таксама глыбокую падзяку за мірны і вольны час, у якім мы зараз жывём.
Мы абавязаны памятаць пра тых, хто змагаўся дзеля нашай будучыні, дзеля чыстага неба над галавой.
Супрацоўнік Карэліцкага раённага аддзела МНС Ягор Саўко:
– Усё, што я ўбачыў, незабыўна. Пасля такога канцэрта вельмі цяжка нешта гаварыць. Гісторыя, якую яшчэ раз нам нагадваюць, пацвярджае: такое не павінна паўтарыцца больш ніколі. Многія кадры ўрэзаліся ў памяць, і хочацца пра гэта расказаць сваім калегам, сябрам і знаёмым, каб яны беражліва ставіліся да подзвігаў нашых продкаў, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны за мір і свабоду на зямлі. Дзякуй арганізатарам за гэты ўнікальны і такі эмацыйны праект.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара