Сістэма размеркавання маладых спецыялістаў на першае працоўнае месца — выдатны спосаб атрымаць каштоўны вопыт чалавеку, які толькі скончыў вучэбную ўстанову. Для некаторых першае працоўнае месца — часовы прыпынак на жыццёвым шляху, а хтосьці застаецца на ім і пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, знаходзіць сябе і свой лёс. Мы пагутарылі з ветэрынарным урачом СВК “Свіцязянка-2003” Марыяй Зайко, для якой аграгарадок Райца стаў лёсавызначальнай кропкай на карце Беларусі.
Убачыць Варвару — і закахацца
Дзяўчына расказвае, што ўпершыню наведала аграгарадок Райца разам з татам. Яны разам любяць вандраваць па Беларусі на матацыклах. Чарговае падарожжа прывяло іх у аграгарадок, што размясціўся недалёка ад Свіцязі і зачараваў іх сваёй прыгажосцю. На старонцы Марыі ў адной з сацыяльных сетак і дагэтуль захоўваецца зроблены падчас той вандроўкі панарамны здымак Райцы і яе чароўнай пярліны — царквы святой Варвары. У той час Марыя і падумаць не магла, што праз некалькі гадоў яна зноў прыедзе сюды ў якасці маладога спецыяліста і знойдзе тут сямейнае шчасце.
— Я вучылася ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, — расказвае дзяўчына. — Там ёсць такое правіла, што будучага выпускніка адпраўляюць у сельгаспрадпрыемства, куды ён будзе размеркаваны, на практыку. Так я зноў трапіла ў Райцу, дзе мяне сустрэлі вельмі цёпла і абавязкова прасілі вярнуцца на работу. І вось у жніўні 2023 года я вярнулася сюды ў трэці раз і засталася ў аграгарадку.
На карысць чатырохногіх пацыентаў
Цікаўлюся ў Марыі, чаму яна вырашыла прысвяціць сваё жыццё працы з жывёлай.
— Калі я была маленькай, у мяне часта былі праблемы з хатнімі жывёламі, яны хварэлі і даводзілася заводзіць кагосьці новага, — расказвае субяседніца. — З’явілася цікавасць, захацелася разабрацца, чаму ўзнікае тое ці іншае захворванне, як з ім змагацца. Я вельмі люблю жывёл і вырашыла, што буду дапамагаць ім.
Дзяўчына расказвае, што з чатырохногімі пацыентамі ёй працаваць зусім не складана. Яны паслухмяныя і нібы адчуваюць, што чалавек хоча дапамагчы ім перамагчы хваробу. Успамінаючы першыя працоўныя дні, Марыя расказвае, што калектыў сустрэў вельмі прыязна:
— Пазнаёмілася з калектывам СВК яшчэ падчас практыкі. Калі ўжо ад’язджала дамоў, літаральна ўсе запрашалі вярнуцца і працаваць тут.
Маладому спецыялісту далі пакой у двухпакаёвай кватэры, накіравалі на працу на МТФ “Літараўшчына”, дзе, як кажа сама Марыя, яна спазнавала тонкасці працы з робатамі, далі службовы аўтамабіль, каб дабірацца да працоўнага месца. Дзяўчыне давялося папрацаваць таксама і на МТФ “Міратычы”. Цяпер яна часова выконвае абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача СВК “Свіцязянка-2003” і працуе на МТФ “Райца-1”.
А што гэта за дзяўчынка?
У кастрычніку 2024 года Марыя стварыла сям’ю з механізатарам СВК “Свіцязянка-2003” Сяргеем Зайко. Пакуль маладая пара жыве ў арэнднай кватэры, дзе дзяўчыне спачатку выдзелілі пакой. Неўзабаве справяць наваселле ў новым 12-кватэрным доме ў Райцы.
Першы прыезд Марыі ў Райцу быў эфектным: яе валасы былі пафарбаваны ў чырвоны колер, і прыехала яна на чырвоным матацыкле. Зразумела, што такая яркая дзяўчына не засталася без увагі вяскоўцаў. У той дзень яна ўпершыню ўбачыла свайго будучага мужа:
— Мы размінуліся ў канторы. Напэўна, тады ён і звярнуў на мяне ўвагу. Ужо калі прыехала на адпрацоўку і штодзень выязджала на працу, ён выходзіў на вуліцу і праводзіў мяне позіркам. Мне расказвалі, што ён шукаў мой нумар тэлефона. Затым я пачала хадзіць на трэніроўкі па валейболе, мяне ўключылі ў сумесную бяседу ў Вайбер, так ён і даведаўся мой нумар, патэлефанаваў, прыйшоў у госці.
З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Ірына Пянькоўская, старшыня Карэліцкага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК:
— Стварэнне маладым спецыялістам умоў для паспяховай адаптацыі і сацыяльнай абароненасці з’ўляецца першаснай задачай наймальнікаў. З першых дзён працы маладых спецыялістаў прадстаўнікі прафсаюза ў працоўных калектывах імкнуцца пагаварыць з кожным з іх, даведацца, ці патрэбна дапамога, і расказаць, якія дадатковыя гарантыі і льготы прадастаўляе маладым спецыялістам калектыўны дагавор. Прафсаюз пастаянна аказвае такім работнікам кансультатыўную дапамогу, праводзіць сістэматычную працу па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў і законных правоў моладзі, якая працуе ў АПК. На шляху да прафесійнага і кар'ернага росту маладым спецыялістам трэба пераадолець яшчэ нямала цяжкасцяў. Прафсаюз гатовы падставіць ім плячо і дапамагчы ў вырашэнні праблем, якія ўзнікаюць. Таму цяпер, бываючы ў сельскагаспадарчых арганізацыях, я сустракаюся з маладымі спецыялістамі, даведваюся, якія ў іх з'яўляюцца пытанні, праблемы, як яны вырашаюцца на месцах. Спадзяюся, што сумесная праца наймальнікаў і прафсаюза па стварэнні належных умоў для іх прафесійнай дзейнасці дазволіць замацаваць маладых работнікаў у арганізацыях галіны.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара