Пытанні развіцця сельскагаспадарчай галіны і павышэння яе эфектыўнасці, забеспячэння добрага ўраджаю і, як следства, эканамічнай стабільнасці заўсёды былі ў прыярытэце. Прычым праца на вынік — гэта ўзаемныя намаганні многіх ведамстваў і службаў, а не зона адказнасці выключна работнікаў прадпрыемстваў АПК. Менавіта таму з пачаткам пасяўной больш пільную ўвагу сельскай гаспадарцы надаюць праваахоўнікі. Іх задача — маніторынг спраўнасці тэхнікі і яе бяспекі на дарозе, захаванасць маёмасці і папярэджанне крадзяжоў, захаванне працоўнай дысцыпліны. У чарговы рэйд з супрацоўнікамі Карэліцкага РАУС і галоўным спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама адправіўся карэспандэнт “Полымя”.
Прыязджаем у СВК “Свіцязянка-2003” на МТФ “Міратычы”. Дойка ўжо скончылася, таму работнікаў на ферме няшмат. Усе яны праходзяць медыцынскі агляд на стан ап’янення. Для кожнага — новы мундштук і некалькі секунд на праверку. Як вынік — кожны работнік фермы “надыхаў” нулі. Пакуль жывёлаводы праходзяць агляд, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Арцём Хука правярае дакументацыю па тэхніцы бяспекі.
Пераязджаем на ферму “Францішкова”. Тут таксама парадак. Начальнік ізалятара часовага ўтрымання Карэліцкага РАУС Арцём Іванчык разам з загадчыкам фермы Таццянай Савоська праходзіць па памяшканнях. Аглядаецца літаральна кожны куток. І на гэтай ферме ўсе работнікі як шкельца. Рушым далей.
Прыязджаем у другую гаспадарку, завітваем на мехмайстэрні. Большасць работнікаў прадпрыемства шчыруюць на палях, а тых, хто працуе на майстэрнях, запрашаюць на медагляд. Мы ж разам з інжынерам ідзём да складоў. На шляху сустракаюцца прычэпы, якія стаяць на паўспушчаных колах. Арцёму Іванчыку тлумачаць, што тэхніка нядаўна спісаная, і хутка пачнецца яе разбор. Міліцыянер зазірае ў адзін з прычэпаў і запрашае мяне зрабіць фотаздымак — у кантэйнеры ляжыць смецце і пустыя бутэлькі. Супрацоўнік РАУС звяртае на гэта ўвагу інжынера і правярае суседні прычэп. Яго таксама паступова ператвараюць у сметніцу.
У адным з памяшканняў вадзіцель заканчвае работу над сваім аўтамабілем. Зусім хутка гэты грузавік выедзе на працу, будзе шчыраваць на карысць гаспадаркі. Побач з машынай супрацоўнік РАУС заўважае трактарнае кола, якое стаіць каля сцяны. І ў ім таксама знайшлі свой прытулак старыя бутэлькі.
У РАУС кажуць, што найбольш частым правапарушэннем з’яўляецца крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў. Варта адзначыць, што адміністрацыйная адказнасць прадугледжана за набыццё, захоўванне, выкарыстанне або рэалізацыю фізічным асобам афарбаванага нафтавага паліва і можа быць спагнана ў выглядзе накладання штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.
З мэтай папярэджання крадзяжоў маёмасці ў сельскагаспадарчых арганізацыях, прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў, па ўмацаванні працоўнай і транспартнай дысцыпліны, па прафілактыцы п'янства і алкагалізму супрацоўнікамі РАУС праводзяцца праверкі вартавой аховы, ажыццяўляецца маніторынг аб'ектаў АПК у вячэрні і начны час сумесна з іншымі суб'ектамі прафілактыкі.
Супрацоўнікамі міліцыі таксама праводзяцца і паўторныя праверкі гаспадарак. У шэрагу выпадкаў устанаўліваецца, што пэўныя мерапрыемствы па ліквідацыі недахопаў не праводзіліся. У сувязі з чым за непрыняцце мер па ліквідацыі недахопаў у дачыненні да службовых асоб сельгаспрадпрыемстваў прымяняецца такая мера пакарання, як прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 25.3 КоАП Рэспублікі Беларусь, за што прадугледжаны штраф у памеры да 10 базавых велічынь.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара