
З 17 сакавіка ў Беларусі праходзіць месячнік папулярызацыі рапсавага алею, які прызнаны многімі экспертамі прадуктам здаровага харчавання. Каштоўны па пажыўнасці і ўніверсальнасці прымянення, ён з'яўляецца вельмі папулярным у Еўропе, Азіі, ЗША, аднак у Беларусі па-ранейшаму каля 80% рынку спажывання раслінных алеяў займае імпартны сланечнікавы алей.
Ураджай — пад прэс!
Беларусь уваходзіць у топ-10 сусветных экспарцёраў рапсавага алею. Штогод нашы палі буяюць прыгожымі жоўтымі кветкамі рапсу. Карэліцкія гаспадаркі зразумелі, што выгадна не толькі прадаваць насенне гэтай культуры, але і перапрацоўваць яе. У працэсе выціскання атрымліваюць алей, які адпраўляецца на продаж, і рапсавы шрот, які ідзе на корм жывёле. З адной тоны алеенасення рапсу атрымліваюць прыкладна 6-7 цэнтнераў рапсавага шроту з утрыманнем больш за 40 працэнтаў пратэіну, якім можна збалансаваць па бялку 5-6 тон камбікорму.
Мы наведаліся ў СВК “Свіцязянка-2003”, дзе ўжо каторы год працуе цэх па перапрацоўцы рапсу. У памяшканне, дзе размешчаны цэх, адна за адной заязджаюць грузавыя машыны, нагружаныя чорным золатам. Прыемна пахне шротам.
— У 2024 годзе ў засекі заклалі 3256 тон рапсу, — расказвае галоўны аграном СВК “Свіцязянка-2003” Дзмітрый Волк. — Ураджайнасць гэтай культуры склала 54,3 ц/га ў бункернай вазе. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у Гродзенскай вобласці. Стаўка на рапс аказалася правільнай: з-за высокай ураджайнасці атрымалася загрузіць перапрацоўчы цэх і атрымліваць рапсавы алей цэлы рабочы год.
Распарадзіліся ўраджаем алеенасення па-гаспадарску: 300 тон прадалі, астатнія пакінулі на перапрацоўку. Дарэчы, цэх па перапрацоўцы рапсу працуе ў Райцы з 2021 года. Па словах кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Мяцеліцы, гэта дае нядрэнны вынік: СВК мае свой якасны шрот, які ідзе на корм жывёле (што дазваляе знізіць сабекошт прадукцыі жывёлагадоўлі і служыць павелічэнню прыбытку і рэнтабельнасці), і на продаж, створана тры новыя працоўныя месцы. Ёсць рэалізацыя алею.
На прэсе па адцісканні алеенасення ўжо чатыры гады шчыруе прасаўшчык Ігар Трафімчык.

— Агрэгат працуе амаль бесперапынна круглы год, — расказвае мужчына. — Штодня перапрацоўваем да 9 тон насення рапсу, з якіх атрымліваецца 3 тоны алею і значная колькасць шроту, які амаль адразу ж напраўляецца на корм буйной рагатай жывёлы. Растуць прывагі, павялічваюцца надоі — робім карысную справу.
Сапраўды, карысную. Таму і ў іншых гаспадарках раёна таксама пачалі перапрацоўваць рапс. Устаноўкі працуюць у СВК “Маяк-Заполле” і “Жухавічы”.
Ёсць і попыт…
Заязджаем у магазін СВК “Свіцязянка-2003” “Вёсачка”. Здаецца, ён быў адкрыты зусім нядаўна, але карыстаецца попытам і папулярнасцю ў жыхароў Райцы. Цікаўлюся ў прадаўца наяўнасцю рапсавага алею і чую станоўчы адказ.
— Скажу вам болей, што на рапсавы алей ёсць пакупнікі, — расказвае прадавец Анастасія Прэсняк. — Людзі рассмакавалі яго, і ён не затрымліваецца на нашых паліцах надоўга.
Тое ж кажуць і ў магазіне “Родны Кут” Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства: рапсавы алей заўжды ў наяўнасці і карыстаецца попытам пакупнікоў.
Промапраект “Калегі па Амезе”, які стартаваў у Беларусі, накіраваны на тое, каб рапсавы алей быў больш папулярны на ўнутраным рынку.
— Гандлёвыя аб'екты ў рамках промапраекта ўзялі на сябе абавязацельствы па павелічэнні прадстаўленасці беларускага рапсавага алею на паліцах, — распавяла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ніна Емяльянава ў інтэрв'ю газеце “Рэспубліка”. — У гандлёвых кропках паліца раслінных алеяў да нядаўняга часу была размеркавана наступным чынам: 60-70 працэнтаў яе плошчаў было адведзена сланечнікаваму, 15-20 — аліўкаваму і іншым алеям (кунжутнаму, ільняному, кукурузнаму) і толькі 10-15% — рапсаваму алею айчыннай вытворчасці. Заўважу, што наша ведамства працуе над павелічэннем долі продажаў не толькі рапсавага алею, але і іншых груп беларускіх тавараў. Немалаважны фактар — даступны кошт прадукту.
Адзначым, яшчэ ў 2021 годзе канцэрнам «Белдзяржхарчпрам» прыняты меры для павелічэння попыту пакупнікоў на рапсавы алей. У 2022-м сумесна з падведамаснымі прадпрыемствамі алейна-тлушчавай галіны распрацаваны візуальны дызайн-макет з інфармацыяй аб карысці рапсавага алею, які размяшчаецца на больш чым 250 білбордах ва ўсіх абласцях краіны.
— Спажывецкія паводзіны за апошнія некалькі гадоў сталі больш усвядомленымі, пры чым закранаюць не толькі алейнатлушчавую галіну, але і, напрыклад, кандытарскую. Вытворцы заўважаюць, што беларусы сталі ўсё часцей аддаваць перавагу таварам з меншым утрыманнем цукру і солі, пачалі лічыць бялкі ў складзе прадукту і вяртаць назад на стэлаж упакоўкі, на якіх ёсць згадка пра змест кансервантаў, — звярнуў увагу намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Якаўчыц у інтэрв'ю газеце “Рэспубліка”. — На смак рафінаваны алей рапсу складана адрозніць ад сланечнікавага, але ў той жа час карысць каласальная.
... і карысць
— Рапсавы алей лічыцца прадуктам здаровага харчавання, — адзначае загадчык Карэліцкай раённай паліклінікі Вольга Орсіч. — Ён багаты поліненасычанымі тлустымі кіслотамі, вітамінамі А, В і Е і мінеральнымі рэчывамі, важнымі для развіцця здаровага арганізма, а фітастэрыны перашкаджаюць старэнню.
Асаблівасцю рапсавага алею з'яўляецца ўтрыманне ў ім Амега-3 і Амега-6 поліненасычаных тлустых кіслот, здольных паменшыць утрыманне халестэрыну ў крыві і абараніць сэрца ад інфаркту і інсульту. Дарэчы, у сланечнікавым алеі гэтых кіслот няма. Таму спажыванне ўсяго 20 г рапсавага алею ў суткі падтрымае здароўе і забяспечыць паступленне неабходных рэчываў, асабліва людзям сталага ўзросту. А яшчэ рапсавы алей — рэкардсмен па змесце алеінавай кіслаты, таму падыходзіць для лячэбнага і дыетычнага харчавання.
Па словах спецыяліста, рапсавы алей рэкамендуецца нават цяжарным жанчынам і маладым мамам у перыяд груднога кармлення, так як станоўча ўплывае на імунную сістэму маці і дзіцяці. Не пашкодзіць яно і дзецям ранняга ўзросту: 6 г алею ў дзень забяспечыць дзіцячы арганізм неабходнымі мікраэлементамі і вітамінамі.
Ужо амаль шэсць гадоў ужывае рапсавы алей пенсіянерка з Карэліч Ганна Генак. Жанчына расказвае, што гэты прадукт цалкам замяніў ёй іншыя раслінныя алеі:
— Па-першае, гэта карысна для здароўя. Па-другое, гэта айчынны прадукт. Я ведаю, з чаго вырабляецца алей, дзе перапрацоўваецца рапс.
Параўноўваючы даступнасць прадукта шэсць гадоў таму і сёння, Ганна Вітальеўна рэзюмуе, што цяпер купіць рапсавы алей значна прасцей, ён ёсць у многіх крамах, а яго кошт роўны з алеем сланечнікавым.
— Я заўсёды раю паспрабаваць рапсавы алей, — кажа Ганна Генак. — У нашай сям’і ён цалкам замяніў сланечнікавы, я і смажу на ім, і дадаю ў салаты. Я наведваю ЦСАН Карэліцкага раёна, і мы там часта абмяркоўваем свае кулінарныя рэцэпты, прыносім пакаштаваць прыгатаванае. Я заўжды акцэнтую ўвагу, што страва прыгатавана з ужываннем рапсавага алею.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара