
Правядзенне пасяўной кампаніі — адказны перыяд для хлебаробаў. Не менш важна — накарміць працаўнікоў, бо, як кажуць у народзе, добры работнік — сыты работнік. Таму сталовыя сельгаспрадпрыемстваў знаходзяцца зараз на лінейцы гатоўнасці. Як да важнай падзеі падрыхтаваліся ў сельгаспрадпрыемствах раёна, высвятлялі ўдзельнікі маніторынгу, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК, Карэліцкага райЦГЭ і раённай газеты "Полымя".
Да справы — адказна
Першая сустрэча адбылася ў сталовай КСУП "Племзавод Карэлічы". Алена Акулік загадвае ёю чатырнаццаты год, і да сваёй справы адносіцца адказна. Тут праведзены пэўныя рамонтныя работы, абнавілі інвентар і посуд, таму гатовы прыняць працаўнікоў.
У КСУП "Лукі-Агра" сталовая працуе з 10 сакавіка. На дзень нашага візіту абеды гатавалі для 53 чалавек. У меню: капуста, бульбяное пюрэ з мясам, морс. Яе работнікі настроены аптымістычна: абеды павінны быць смачнымі і каларыйнымі.
Свае сумленныя адносіны да справы праяўляюць і ў КСУП "Царука". Увагу прыцягнула прыбраная тэрыторыя каля будынка сталовай, у зале і на кухні таксама чысціня і парадак. У гэты дзень аграрыяў чакалі боршч, смажаніна па-дамашняму, салат са свежай капусты, гарбата.

У вялікім асартыменце
Не хавалі свайго задавальнення ад даручанай справы і работнікі сталовай КУСП "Чарняхоўскі-Агра". Больш таго, тут ёсць чым пахваліцца: абедзенная зала і ўсе памяшканні маюць прывабны выгляд. Галоўнае: чарняхоўцы дбаюць аб якасці прыгатаванай стравы і гатуюць яе для 50 чалавек. У дзень наведвання гатавалі боршч, галубцы, гарбату. Увогуле, асартымент вялікі: з першых страў — супы, капуста, боршч, з другіх — грэчневая каша, гуляш, рагу з агародніны, тушаная капуста, смажаніна, плоў з курыцай і мясам, тэфтэлі; салаты з капусты, буракоў, "гарошак", "вінегрэт"; з напіткаў — гарбата, кісель, кава. "Мне падабаецца, калі з'яўляюцца навінкі і калі чуеш словы ўдзячнасці", — гаворыць загадчыца сталовай Вольга Вінаградава.
Пра асартымент прыгатаваных страў расказалі і работнікі сталовай ДП "Птушкафабрыка "Чырвонаармейская". Пры гэтым адзначалі адну важную акалічнасць: рыхтуюць па-хатняму, і ад гэтага самі атрымліваюць вялікае задавальненне. Месціцца сталовая ў невялікім будынку, дзе ўсё нагадвае пра хатнюю атмасферу. Да пасяўной кампаніі тут правялі рамонтныя работы.
Дбаюць пра добрыя абеды і ў СВК "Маяк-Заполле". У дзень рэйду гатавалі суп з макаронамі, апетытныя купаты, грэчневую кашу, салат са свежай капусты, гарбату. Клапоцяцца маякоўцы і аб абслугоўванні ў полі: набылі рукамыйнікі і раскладныя крэслы для тых, хто абедае, а таксама посуд і інвентар.
Загадчыца сталовай Вольга Раковіч трынаццаць гадоў працуе па прафесіі, па адукацыі тэхнік-тэхнолаг па прыгатаванні страў, сваю справу добра ведае. Падчас правядзення маніторынгу яна не засталася раўнадушнай: задавала пытанні работніку райЦГЭ і атрымлівала адказы на іх.
Цуда-памочнік
Сталовая СВК "Жухавічы". Тут светла, прасторна, чыста. Маюцца цэхі пярвічнай апрацоўкі, мясны, варачны, пасудамыечны, хлебабулачны, пральня, раздатачная. Радуе вочы абедзенная зала з падсветкай, прыгожымі абрусамі на сталах і фоташпалерамі на сценах, банкетная зала.
— Да новага сезона набылі посуд для варкі абедаў і транспарціроўкі ў поле, 5-літровыя бідончыкі для вады, — гаворыць загадчыца Святлана Сасімовіч.
Гутару з паварамі. Жана Пляскач адзначае: "Працую ў сталовай трыццаць шэсць гадоў. Умовы працы раней былі іншымі. Цяпер на кухні працуе цуда-памочнік — параканвектамат. Можна прыгатаваць смачную, што не менш важна, карысную страву: катлеты, рыбу, запяканку і іншае. У сваю чаргу Алена Пашкевіч дабаўляе, што працаваць стала лягчэй, зроблены рамонт у сталовай, калектыў падабраўся дружны.

З тэрмасамі — у поле
Наш маршрут прадаўжаецца, і мы наведваем сталовую СВК "Свіцязянка-2003". Тут сустракае загадчыца Кацярына Мурашка і зазначае:
— Сёння падрыхтавалі 103 абеды, у планах — 10 падвячоркаў. У поле выедуць чатыры машыны. На абед — капуста, смажаная курыца, бульбяное пюрэ з соусам, гарбата. Да хлебаробаў у поле едзем з тэрмасамі, каб надалей захаваць каларыйнасць і свежасць страў.
У размову ўступае раздатчыца Алена Арцюх. Жанчына ў захапленні ад сваёй справы: "Вельмі цікавая праца. Ведаеш кожнага, яго любімую страву. Прыемна, калі ежа прыходзіцца даспадобы".
Апошні наш візіт у сталовую КСУП "Малюшычы". Тут гатуюць 40-45 абедаў. 19 працаўнікоў харчуюцца ў полі. "Яшчэ ў мінулым годзе для гэтых мэт набылі спецыяльную машыну, — тлумачыць шэф-повар Дзіяна Гіз. — Дбаем і пра асартымент страў, каб яны былі каларыйнымі і апетытнымі.

Раўнадушных няма
Сапраўды, раўнадушных у гэтай важнай справе няма. Работнікі сталовых сельгаспрадпрыемстваў раёна стараюцца выканаць свае прафесійныя абавязкі, і робяць гэта шчыра і ад усёй душы. Таму не было выяўлена значных парушэнняў у ходзе рэйду. Памочнік урача-эпідэміёлага Карэліцкага райЦГЭ Кацярына Варанцова давала рэкамендацыі работнікам сталовых па выкарыстанні мыючых сродкаў і кантэйнераў для збору смецця і харчовых адходаў.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская засцерагала работнікаў сталовых ад парушэнняў правілаў аховы працы і жадала плёну ў кожным дні.
Як паказалі гутаркі з работнікамі сталовых, большую частку расходаў па аплаце за абеды бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства. Працаўнікі аплачваюць толькі невялікую суму. Як гаворыцца, аплата чыста сімвалічная — не больш 20 працэнтаў ад кошту абеда. І што немалаважна: абеды прыгатаваны смачна, сытна, па-хатняму.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена райкамам прафсаюза АПК