27 сакавіка ў 27 раз адкрыла свае дзверы выстава-ярмарка турыстычных паслуг “Адпачынак-2025”. Сёлета экспазіцыя буйнейшага турыстычнага форуму краіны займае рэкордную плошчу — лепшыя прадпрыемствы краіны і прадстаўнікі кожнага раёна Беларусі, а таксама шматлікія госці нашай краіны размясціліся на больш чым 10 тысячах квадратных метрах спорткомплексу “Мінск-Арэна”. На пляцоўцы Гродзенскай вобласці размясціўся і стэнд Карэліцкага раёна. У дзень адкрыцця выставы на ёй працаваў і карэспандэнт “Полымя”.
З самай раніцы прадстаўнікі кожнага раёна завіхаюцца каля сваіх стэндаў. Чуюцца гукі народных інструментаў: з дэлегацыямі прыехалі народныя калектывы.
— Мы стараемся штогод прадставіць наш раён у самым лепшым свеце і зацікавіць турыстаў, запрасіць іх наведаць Карэліччыну, — расказвае загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка. — Тым больш, што з мінулай выставы мы распрацавалі новыя маршруты па пасёлку Мір, якія праводзяцца спецыялістамі нашага турінфацэнтра і расказваюць пра самыя цікавыя факты з жыцця старажытнага пасёлка, побыт і лёс яго насельнікаў.
Ад самага пачатку выставы да століка з надпісам “Карэліцкі раён” актыўна падыходзяць людзі. Галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Юлія Ліхута і дырэктар Карэліцкага турінфацэнтра Караліна Анісенка, як выдатніцы каля школьнай дошкі, адказваюць на кожнае пытанне зацікаўленых наведвальнікаў выставы і прапануюць наведаць наш гасцінны край.
— Асаблівым попытам карыстаюцца машрут па рэлігійных аб’ектах раёна і прамысловы маршрут, які ахоплівае адзіную ў Беларусі слімаковую ферму “Ратаў”, Мірскі дзяржаўны каледж, Мірскі філіял ААТ “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод”, ПВГУП “КерамДэкор”, ААТ “Карэлічы-Лён”, Карэліцкі раённы аддзел РАНС, УКП БАН, — расказвае Юлія Ліхута. — Толькі ў 2024 годзе гэтыя прадпрыемствы наведалі 3119 турыстаў.
На адкрыцці выставы выступіў Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук, які адзначыў, што Кіраўнік дзяржавы на інаўгурацыі зрабіў акцэнт на развіцці турызму, які павінен стаць драйверам эканомікі. Таксама міністр звярнуў увагу на вялікую колькасць экспанатаў, прадстаўленых на выставе і выказаў асобную падзяку рэгіёнам:
— Кожны вугалок па-свойму прыгожы і ўнікальны, — адзначыў Сяргей Кавальчук.
Таксама на выставе адбылася прэзентацыя турыстычных маршрутаў. Караліна Анісенка прадставіла маршрут “Дыханне Карэліччыны" беражліва захоўваем”, які пераносіць турыстаў праз стагоддзі, знаёміць з багатай гісторыяй і культурай нашага дзівоснага краю:
— Пачынаецца маршрут у гарадскім пасёлку Мір — чароўным куточку, які захоўвае памяць аб былой велічы. Далей шлях ляжыць у аграгарадок Малыя Жухавічы, дзе турыстаў чакае сустрэча з цудоўнай царквой Раства Іаана Прадцечы. У аграгарадку Варонча — старадаўні касцёл Святой Ганны і мясцовыя могілкі — ціхае месца, якое захоўвае гісторыі пакаленняў. У аграгарадку Райца чакае сядзібны дом з велічным дрэвам, а таксама царква Святой вялікапакутніцы Варвары. Недалёка ад вёскі Тупалы — заварожваючыя кангламераты, прыродны цуд краю. У Карэлічах турысты наведаюць раённы краязнаўчы музей, помнік Яну Чачоту, зазірнуць у царкву, а таксама ўбачаць мемарыяльны комплекс “Зорка” і адно з мясцовых прадпрыемстваў раёна — ААТ “Карэлічы-Лён”, бо менавіта гэтай культурай здаўна славіўся наш край.
Пакуль удзельнікі прэзентацыі знаёміліся з разнастайнымі турыстычнымі маршрутамі, на стэндзе Карэліцкага раёна пачаўся розыгрыш сувенірнай прадукцыі, якую кожны жадаючы мог атрымаць, правільна адказаўшы на пытанні аб Карэліцкім краі.
Прадстаўлены на выставе і самы знакаміты турыстычны аб’ект не толькі Карэліцкага раёна, але і ўсёй Беларусі — Мірскі замак. Работнікі музейнай установы раскажуць пра экскурсіі і выставы ў замку, пазнаёмяць з умовамі пражывання ў гатэлі і адкажуць на ўсе хвалюючыя пытанні.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара