Ярэміцкі Сельсавет
За чысціню і парадак

У сувязі з аб'яўленнем 2025-га Годам добраўпарадкавання ў Ярэміцкім сельсавеце задачай нумар адзін з'яўляецца навядзенне парадку ў вёсцы Даўгінава, каб надаць населенаму пункту належны выгляд.
Не забываюць у сельсавеце і пра святыя месцы — прыведзена ў парадак тэрыторыя каля помніка ў вёсцы Новае Сяло.
Абразаецца кустоўе на грамадскіх і пустуючых тэрыторыях населеных пунктаў. Прыбіраецца дробнае галлё аварыйных дрэў.
Акцыя "Помнік" — у дзеянні
Прынёманскі край слаўны сваім гістарычным мінулым. Аб гэтым сведчаць помнікі на ярэміцкай зямлі: у Лядках, Новым Сяле, хутары Карніцкага, Пагарэлцы, Рудзьме, Сіняўскай Слабадзе, Чорнай, месцы масавага расстрэлу яўрэяў на левым беразе Нёмана каля Ярэміч і помнік-стэла ў аграгарадку.
Вучні, настаўнікі і работнікі Ярэміцкай базавай школы каля гэтых святых месцаў наводзяць належны парадак. Акцыя "Помнік" заўсёды ў дзеянні: дзяўчынак і хлопчыкаў не трэба доўга ўгаворваць, яны ахвотна бяруцца за справу.
Дарэчы, ярэміччане прыбіраюць і магілу бацькі Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, чыё імя носіць школа.
Сябруюць з "Полымя"
Як адзначылі ў Ярэміцкім аддзяленні паштовай сувязі, прадаўжаюць сябраваць з раённай газетай "Полымя" падпісчыкі, для каго яна з'яўляецца добрым сябрам і надзейным дарадцам на працягу многіх гадоў. Паштальён мясцовага аддзялення сувязі Ала Васілеўская дастаўляе раёнку 127 жыхарам Ярэміч і Вялікай Вобрыны. У астатніх вёсках сельсавета "Полымя" таксама чытаюць.
Не забываюць вяскоўцы выпісваць і іншыя перыядычныя выданні. Сярод найбольш папулярных — "СБ. Беларусь сегодня", "Сельская газета", "Рэспубліка", "Гродзенская праўда". Людзі састарэлага ўзросту аддаюць перавагу "Другу пенсионера" і "Неделе пенсионера".
Чакаюць новых талентаў
У філіяле "Ярэміцкі Дом культуры" Карэліцкага РЦКіНТ працуе пяць фарміраванняў, адно з іх — дзіцячае. У іх налічваецца 44 чалавекі.
Ва ўстанове культуры заўсёды рады наведвальнікам і запрашаюць новых творчых людзей у калектывы. Тут яны змогуць рэалізаваць свае таленты і прапанаваць ідэі і задумкі, што дазволіць зрабіць святы больш цікавымі і захапляльнымі.
Галіна СМАЛЯНКА