Малюшыцкі сельсавет
Пачні з чысціні

Навядзенне парадку і добраўпарадкаванне тэрыторыі – справа ўсіх жыхароў. Кожны грамадзянін павінен памятаць, што ён абавязаны падтрымліваць чысціню і парадак, утрымліваць у належным стане тэрыторыю. У сувязі з надыходам спрыяльнага вясенняга надвор'я работнікі сельвыканкама сістэматычна праводзяць сустрэчы з жыхарамі вёсак сельсавета, на якіх нагадваюць вяскоўцам аб неабходнасці навядзення парадку на сваіх прысядзібных участках і недапушчэнні палаў сухой расліннасці на корані.
Сіламі работнікаў сельвыканкама і ДП “Малюшычы” завяршаюцца работы па ачыстцы алеі па вул. Лугавая ў вёсцы Баранавічы ад драўняна-хмызняковай расліннасці, а таксама праводзіцца абрэзка дрэў. Пачаты работы па добраўпарадкаванні помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Яны прыспешваюць вясну
Кажуць, вясну прыносяць на крылах птушкі, яе дыханне адчуваецца ў і гуле трактароў, якія шчыруюць на палях сельгаспрадпрыемстваў. Так, у ДП “Племзавод Карэлічы” ў напружаным рэжыме працуюць аграрыі гаспадаркі. Гледзячы на стараннасць людзей, працавітым рукам якіх даручаны клопат аб новым хлебе, здаецца, што не вясна іх, а яны вясну прыспешваюць. Аграрыямі гаспадаркі падрыхтавана 115 га глебы пад сяўбу ранніх яравых, збожжавых і зернебабовых культур, што складае 100% ад плану. На 115 га (100%) пасеяны раннія яравыя, збожжавыя і зернебабовыя культуры. На 170 га праведзены дзве падкормкі азімага рапсу. Зараз уносяцца арганічныя ўгнаенні пад кукурузу.
У пачатку красавіка аўтамабільны парк сельгаспрадпрыемства папоўніць новенькая “ГАЗель” для перавозкі пасажыраў.
Царыцы палёў быць
Сёння кукуруза для сельскай гаспадаркі – культура стратэгічная. Ад яе шмат у чым залежыць харчовая бяспека. Палова нарыхтаваных кармоў складаецца менавіта з царыцы палёў, а ад корму залежаць надоі і прывагі. Менавіта таму закупцы насення гэтай культуры надаецца ўвага ў ДП “Малюшычы”. Сёлета гаспадарка закупіла 225 пасяўных адзінак гібрыдаў кукурузы катамаран, 125 – легалас, 150 – кранберы і 125 – луксуры, якімі будзе засеяна 500 га.
Кацярына КУКАНАВА