Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Маяк-Заполле» ва ўсе часы быў у авангардзе сацыялістычнага спаборніцтва. Тут умелі працаваць — і зямля адорвала працаўнікоў добрымі ўраджаямі. Гэты год не стаў выключэннем: свята «Дажынкі» маякоўцы сустракаюць добрымі паказчыкамі ў працы.
У СВК «Маяк-Заполле» сёлета намалацілі 16130 тон зерневых і зернебабовых культур, а ўраджайнасць складае 80 цэнтнераў з гектара. Што да рапсу азімага, яго атрымана 2712 тон, а ўраджайнасць — 45,2 цэнтнера з гектара. Дзякуючы гэтым дасягненням гаспадарка займае лідзіруючыя пазіцыі — трэцяе месца на Карэліччыне.
У 2026 годзе ў сельгаскааператыве вялікая ўвага надавалася набыццю новай тэхнікі. Куплены два трактары «Беларус-1221» і «Беларус 82.1», два прычэпы МАЗ, сеялка пнеўматычная ўніверсальная СПУ-6 ДЕТ, два аўтамабілі МАЗ, плюшчылка для вільготнага збожжа ПВЗ-30, камбайн збожжаўборачны «Гомсельмаш» з жаткай для збожжа, аўтамабіль «Лада».
Вялікіх слоў павагі і ўдзячнасці заслугоўваюць працаўнікі сельгаскааператыва, якія былі заняты на ўборцы зерневых і зернебабовых культур, азімага рапсу. Сярод перадавікоў лідзіраваў вадзіцель на адвозцы зерня Дзмітрый Раманчук. На яго рахунку — 3000 перавезенага зерня. Пра такіх, як ён, гавораць: «Молада ды не зелена». У свае дваццаць шэсць гадоў юнак з вялікай адказнасцю адносіцца да даручанай справы, і як вынік — дасягнуты поспех.

Высокіх паказчыкаў у працы дабіліся і многія ўдзельнікі жніва. Амаль усе камбайнеры намалацілі па дзве тысячы тон збожжа. Старанна папрацавалі і вадзіцелі: на сваіх аўтамабілях ГАЗ перавезлі не менш чым па 500 тон зерня.
Клопат пра працаўнікоў — адзін з асноўных. У гаспадарцы ў першую чаргу ўшаноўваюць тых, хто шчыра і сумленна працуе, стараюцца забяспечыць жыллём. Вось таму і былі выдаткаваны грашовыя сродкі на чатыры двухпакаёвыя кватэры ў новабудоўлі ў райцэнтры па вуліцы 8 Сакавіка, 30. Кватэры хутка атрымаюць перадавыя працаўнікі сельгаскааператыва.
Маладосць і мудрасць поруч ідуць — гэта таксама пра маякоўцаў. На ўрачыстых сходах і на збожжавых палетках СВК «Маяк-Заполле» часта можна сустрэць былога старшыню гаспадаркі Івана Шыша, які шчодра дзеліцца сваім вопытам з хлебаробамі роднага калектыву. Яго парады бываюць карыснымі і для новага кіраўніка Юрыя Лявонцьева, які летась узначаліў сельгаскааператыў і прадаўжае справы свайго папярэдніка. Па-ранейшаму на маякоўскай зямлі каласіцца збажына, і тут дабіваюцца высокіх намалотаў. Дзякуючы людской працавітасці, у нас на стале ёсць хлеб і да хлеба.
Галіна СМАЛЯНКА








