Колькі ўжо разоў сказана аб тым, што паліць сухую траву небяспечна і незаконна, усё роўна ў СМІ ўвесь час натыкаешся на выпадкі палаў расліннасці. Нярэдка гэта становіцца прычынай пажараў і гібелі людзей, не кажучы ўжо пра вялізную шкоду навакольнаму асяроддзю. На Карэліччыне зарэгістравана 30 выпадкаў узгарання сухой расліннасці. Папярэдзіць бяду — такую задачу ставяць перад сабой супрацоўнікі Карэліцкага раённага аддзела МНС і з гэтай мэтай праводзяць прафілактычныя рэйды. У адзін з такіх рэйдаў разам з інспектарам сектара прафілактыкі і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Карэліцкага РАНС Кацярынай Зуза адправіўся і карэспандэнт “Полымя”.
Вёска Некрашэвічы Турэцкага сельсавета. Зусім не веснавое халоднае надвор’е не перашкода для сапраўдных гаспадароў, якія ў вольны ад працы час наводзяць парадак на прысядзібным участку. Разам з інспектарам сустракаем аднаго з іх. У яго руках спрытна гуляе нявялікі сякатар — мужчына абсякае галіны з дрэўцаў, што растуць на яго ўчастку. Кацярына Зуза цікавіцца, што чакае гэтае галлё ў далейшым.

— Звычайна вывожу галінкі і смецце, якое трэба спаліць, на раллю, далей ад вёскі. Там спальваю. Абавязкова бяру з сабой лапату і вядро з вадой, — адказвае мужчына. — Сёння, зразумела, паліць не буду, вецер моцны. Пачакаю, пакуль суцішыцца.
Многія, з кім інспектар гутарыць у падобных рэйдах, запэўніваюць, што правілы супрацьпажарнай бяспекі ведаюць і выконваюць, але Кацярына Зуза ўсё роўна нагадвае пра адміністрацыйную адказнасць, якую падпальшчык можа заплаціць у дзяржаўную скарбонку. Так, згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, за незаконнае спальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ад 10 да 30 базавых велічынь. У адпаведнасці з артыкулам 16.41 КоАП за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжаны штраф да 12 базавых велічынь. У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць.
Пытанне спальвання сухой расліннасці вельмі востра стаіць менавіта на вёсцы. Некаторыя гаспадары жывуць па прынцыпе “мая зямля — мае правілы”: захачу — спалю мінулагоднюю лістоту і галлё, захачу — складу каля плота. Але ж важна памятаць, што спальваць смецце неабходна па правілах: распальваць вогнішча можна толькі пры пастаянным кантролі дарослага чалавека на бяспечнай адлегласці ад будынкаў. Месца, дзе будзе раскладзена вогнішча, неабходна абкапаць, побач не павінна быць гаручых вадкасцяў і матэрыялаў. Пад рукой павінны быць вада альбо вогнетушыцель.

— Уся работа супрацоўнікаў МНС вясной накіравана на прафілактычную работу, — расказвае Кацярына Зуза. — Гутарым з жыхарамі райцэнтра, сельскіх населеных пунктаў, ідзём у школы, дзіцячыя сады, на прадпрыемствы. Для большасці інфармацыя не новая. Але галоўнае, каб пра нашы рэкамендацыі ўспомнілі яшчэ раз, перш чым дастаць запалкі. Звычайна людзі самі пытаюцца, як пазбегнуць супрацьзаконных палаў, ці можна пакідаць адкрыты агонь без нагляду або распальваць вогнішча пад кронамі дрэў. Пахвальна, што нашы жыхары праяўляюць такую цікавасць: значыць, падыходзяць да справы абачліва і з розумам.