СКАЗАНА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
- Другасная сыравіна і адходы, паасобны збор смецця, а таксама перапрацоўка адходаў — гэта сур'ёзнае пытанне, якое неабходна ўзяць на асобы кантроль. У Беларусі павінны перапрацоўваць 50-60% адходаў і як мага больш актыўна выкарыстоўваць другасную сыравіну. Так, напрыклад, у Швейцарыі наогул не вырабляецца новае шкло, яно з бою робіцца. Прыйсці да такога выніку адразу няпроста, аднак рухацца ў гэтым накірунку трэба больш актыўна.
У Карэлічах жыхарам прыватнага сектара пачалі выдаваць кантэйнеры для паасобнага збору смецця. Першымі іх уладальнікамі сталі 40 гаспадароў дамоў па вуліцы 8 Сакавіка, што ў райцэнтры. Зараз каля кожнага дома можна ўбачыць дзве скрыні: жоўтую – для збору змешаных другасных рэсурсаў (шкляныя бутэлькі, слоікі, бітая шклатара, кардонная і папяровая ўпакоўка, газеты, часопісы і іншая макулатура, ПЭТ-бутэлькі ад вады, малака, напояў, ёмістасці ад касметыкі, бытавой і аўтамабільнай хіміі, пластык) і чорную – для звычайнага смецця (рэшткі ежы, забруджаныя ежай папера і кардон, поліэтыленавыя пакеты — увогуле ўсё, што нясе на сабе сляды забруджвання ежай, аднаразовы посуд, старое адзенне, абутак, тэкстыль, галантарэя, канцылярскія прыналежнасці, дэкаратыўная касметыка, падгузнікі і гігіенічная папера). Апошнім часам такія ж кантэйнеры з’явіліся і на вуліцах Жалезняковіча, Паркавая, Царука, перавулках Камсамольскім і Гастэлы.
Журналіст раённай газеты “Полымя” высветліла, што гэтая акцыя не толькі бясплатная, але і беспрэцэдэнтная – такога яшчэ не было. А ўсё дзеля чысціні і экалогіі.
Як адзначаюць работнікі ЖКГ Карэліччыны, гаворка не ідзе пра нейкія інавацыі, бо паасобны збор смецця ў кантэйнеры – даўняя практыка. Гэта проста, чыста, экалагічна. І да гэтага абавязкова трэба прыйсці кожнаму. Уладальнікам новых скрынь для смецця разам з заключэннем дагавора тлумачаць, як правільна сартаваць смецце па кантэйнерах і што ў іх класці нельга.
Спыталася ў майстра па саначыстцы Карэліцкага РУП ЖКГ Міхаіла Грушы:
– Што дасць устаноўка кантэйнераў?
– Абанентам – зручнасць, нам – дапамагае палепшыць правілы абыходжання з адходамі. Ідзе паасобны падзел смецця, што дазваляе паляпшаць якасць яго перапрацоўкі і памяншае забруджванне навакольнага асяроддзя. Кошт і графік вывазу смецця застануцца ранейшымі. У бліжэйшы час каля 200 прыватных домаўладанняў райцэнтра з’явяцца такія ж кантэйнеры. Акрамя таго, Карэліцкім РУП ЖКГ праводзіцца працэдура закупкі яшчэ 2700 штук.
Па словах спецыяліста, нашы людзі па-рознаму рэагуюць на новаўвядзенне. Хтосьці адразу прымае яго і пачынае правільна сартаваць смецце, а камусьці патрэбны час. Майстар падкрэсліў, што асобы, якія атрымалі кантэйнеры, павінны выкарыстоўваць іх строга па прызначэнні: вываз адходаў будзе ажыццяўляцца толькі з кантэйнераў і больш ніякім іншым спосабам.
Як толькі вясна паўнапраўна ўступіць у свае правы, пачнуцца суботнікі і ўборкі двароў, рамонт у кватэрах. Таму не лішнім будзе яшчэ раз нагадаць, што менавіта забаронена размяшчаць у чорных кантэйнерах (для цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) і жоўтых (для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Куды домаўладальніку падзець адходы расліннасці, каб не праштрафіцца? Іх можна ўтылізаваць двума спосабамі: кампаставаць на сваім участку або вывозіць у рамках асобнай паслугі. Для гэтага трэба заключыць дамову з РУП ЖКГ (платная паслуга). Нельга выкідваць у каляровыя кантэйнеры і матэрыялы, якія застаюцца пасля рамонту ў кватэрах: пластыкавыя аконныя рамы, рэшткі старога лінолеуму, ламінату, старыя рукамыйнікі, карнізы, ліштва, адходы драўніны (абрэзкі дошак, фанера, ДСП), мэбля і яе часткі з дрэва або ДСП, драўляныя аконныя рамы, дзверы. Як утылізаваць гэтыя адходы? Для гэтага таксама трэба звярнуцца ў РУП ЖКГ.
Змешаныя бытавыя адходы і другасныя матэрыяльныя рэсурсы ў адным кантэйнеры забірацца не будуць.
Работнікі будуць адсочваць змесціва кантэйнераў. Так, рабочыя, якія выязджаюць са смеццявозам, могуць дастаць з кантэйнера пакет, надарваць і паглядзець, што ў ім. Схаваць змешчаныя ў чорны кантэйнер пластыкавыя бутэлькі або, напрыклад, кардонныя скрынкі амаль немагчыма. І калі ў гэтым кантэйнеры апынуцца другасныя рэсурсы, то работнік мае права выкласці іх і пакінуць.
А ў выпадку шматразовых парушэнняў можа звярнуцца ў райінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з мэтай прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Перавозчыкі практыкуюць фотафіксацыю месца, дзе забіраюць адходы, у кадр трапляе і домаўладанне. Гэта служыць доказам таго, што канкрэтны ўласнік не ажыццяўляе падзел смецця.
Жыхар прыватнага сектара па вул. 8 Сакавіка Мікалай Яхант адзначыў, што стала зручна. Раней мяшкі са смеццем выстаўлялі каля брамкі, але сабакі і каты часта рвалі пакеты. Зараз выкатваем за агароджу кантэйнер, пакідаем і спакойныя.
Жыхар вул. 8 Сакавіка Віктар Падліпскі лічыць:
– Укараненне новай сістэмы збору адходаў, безумоўна, станоўча адаб’ецца на знешнім выглядзе прыватных сектараў гарпасёлка. Праўда, да паасобнага збору смецця нам трэба яшчэ прызвычаіцца. Увогуле, лічу што раздзельны збор – карысная справа, і добра, што яна паслядоўна ўкараняецца. Варта адзначыць, што разам з кантэйнерамі нам уручылі памяткі, як імі правільна карыстацца: што можна і што катэгарычна забараняецца складаць у спецыяльныя ёмістасці.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара
Кампетэнтна
Начальнік Карэліцкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей СЯНКЕВІЧ адзначае:
– Прыняць удзел у паляпшэнні экалагічнай абстаноўкі не так складана – дастаткова пачаць самастойна сартаваць адходы. А маштабная перадача кантэйнераў у г.п. Карэлічы ўласнікам дамоў прыватнага сектара – вялікая справа. Уводзіцца гэта для паляпшэння санітарнага стану тэрыторыі сектара індывідуальнай жылой забудовы і для таго, каб пазбегнуць несанкцыянаванага складзіравання адходаў, для ажыццяўлення паасобнага збору адходаў і для паляпшэння экалагічнай і эстэтычнай сітуацыі. У іншых гарадах і раённых цэнтрах ужо практыкуецца падобная сістэма. Кантэйнеры аптымальна падыходзяць для фізічных асоб: яны невялікага аб'ёму, што дазваляе з лёгкасцю іх транспартаваць у межах участка, а таксама палягчае іх загрузку ў спецаўтатранспарт.
У прыватным сектары ў абавязковым парадку ўводзіцца кантэйнерны спосаб абыходжання з адходамі, да парушальнікаў будуць прымяняцца штрафныя санкцыі.
Згодна з часткай 3 артыкула 16.44 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі цягне накладанне штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь на фізічную асобу.
Важна разумець, што, падзяляючы адходы, мы захоўваем будучыню для ўсёй планеты на многія тысячагоддзі, паляпшаем санітарна-гігіенічныя і супрацьэпідэмічныя ўмовы пражывання, прадухіляем шкоднае ўздзеянне адходаў на навакольнае асяроддзе і здароўе людзей.