Многие кореличчане голосуют досрочно. Смотрим, как это происходит на избирательном участке № 2 в райцентре
4 жніўня, у першы дзень датэрміновага галасавання, жыхары райцэнтра пачалі збірацца каля выбарчага ўчастка № 2, што размясціўся ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, яшчэ да яго адкрыцця.
Выканаць свой грамадзянскі доўг адным з першых прыйшоў 83-гадовы карэліччанін Анатолій Анісімаў: “9 жніўня ў мяне не атрымаецца наведаць участак, таму прагаласаваць вырашыў датэрмінова. Бо і я, і ўсе мае родныя адказна ставімся да выбараў. А як інакш? Мы, беларусы, проста не можам быць абыякавымі ў адносінах да такой важнай у жыцці нашай Радзімы падзеі. Я сталы чалавек і могу казаць шчыра ды адкрыта: выбары – гэта як наша неад’емнае права, так і непасрэдны абавязак”.
Між тым, для выбаршчыкаў створаны ўсе неабходныя ўмовы, запэўнівае старшыня ўчастковай камісіі № 2 Валянціна Сіўко: “Як бачыце, наш участак гатовы: размешчана кабінка для галасавання, два сталы з нішамі, аформлены куток выбаршчыка, ёсць уся інфармацыя пра кандыдатаў. Апроч таго, выконваюцца санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні: у наяўнасці маскі, пальчаткі, дэзсродкі. Непасрэдна з выбаршчыкамі ў першы дзень датэрміновага галасавання працуюць па 2 члены ўчастковай камісіі. За ўсім сочаць трое назіральнікаў. Прыемна, што карэліччане надзвычай актыўныя сёння і ў добрым настроі. Спадзяёмся, у такім плённым рэжыме мы спрацуем усе дні”.
Нагадаем, з 4 па 8 жніўня ўчасткі адкрытыя з 10.00 да 19.00 (перапынак – з 14.00 да 16.00), 9 жніўня – з 8.00 да 20.00 без перапынку ў рабоце.
Служба інфармацыі «Полымя»