В Жуховичах на Масленицу пели припевки с Бабой Ягой, поднимали гири и перетягивали канат


У суботу, 13 сакавіка, у аграгарадку Вялікія Жухавічы адбылася шырокая Масленіца. Арганізатарамі выступілі аддзел культуры і вольнага часу “Жухавіцкі Дом культуры”, ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа” і СВК “Жухавічы”.
Распачалі свята вяснянкі, якія запрашалі жыхароў і гасцей аграгарадка на галоўную пляцоўку. Выйшлі сама Масленіца са сваімі памочніцамі павітаць людзей і пачаставаць іх галоўным сімвалам свята — блінамі. Гулянне выдалася настолькі шырокім, што ў госці на жухавіцкую зямлю завіталі Баба Яга і яе сябра Лешы. Баба Яга павесяліла людзей сваімі цікавымі прыпеўкамі, а пасля Лешы запрасіў некалькі гледачоў паспаборнічаць на лепшае выкананне прыпевак паміж сабой і Бабай Ягой. На гэтым сюрпрызы былі не скончаны. На змену нячыстай сіле прыйшлі героі казкі “Рэпка”. Казачныя героі пагулялі з гледачамі ў гульню “Чароўны клубочак”.
На свята завітала Зіма са сваімі памочнікамі, трыма месяцамі: Снежанем, Студзенем, Лютым. Кожны з іх расказаў, што яны паспелі зрабіць за свой перыяд. Надышоў час клікаць Вясну, якая са спевамі птушак прыйшла на свята. Канешне, Зіма не жадала саступать месца Вясне, таму Масленіца пры дапамозе чароўнага пояса рассудзіла дзвюх сястрыц. Перамагла Вясна, а Зіма развіталася з усімі на свяце.
У падарунак Вясне і ўсім прысутным Масленіца зноў звярнулася да казкі. Казачныя героі з ахвотай правялі такія гульні для дзяцей, як “Чароўны ланцужок”, “Перанясі яйка”, “Кот і гараб’і”. Пасля на галоўную плошчу завітаў Дзядзька Фёдар разам са сваімі сябрамі з Прастаквашына, катом Матроскіным і яго каровай Муркай. Героі добра павесялілі народ, а напрыканцы Дзядзька Фёдар прадэманстраваў свае чароўныя здольнасці сябрам і гасцям свята.
Канешне, ні адно народнае гулянне не абыходзіцца без сур’ёзных спартыўных спаборніцтваў. Таму мужчыны паспрабавалі свае сілы ў падняцці гіры і перацягванні каната.
Нарэшце прыйшла пара і Масленіцы перадаць Вясне Чароўны ключ ад Зямліцы роднай, каб тая замкнула маразы і адамкнула павадкі. Але каб зямля была пладавітай і чалавеку спрыяў поспех у працы, усіх павіншаваў і благаславіў на пачатак вясны настаяцель прыхода храма святых апосталаў Пятра і Паўла аграгарадка Вялікія Жухавічы айцец Уладзімір.
І ў гэтую ўрачыстую гадзіну сваю творчасць і віншаванні ўсім падарыў народны ансамбль песні “Вечарынка”.


На працягу свята можна было адведаць смачных бліноў, паспрабаваць духмяную гарачую гарбату, пабалавацца салодкім папкорнам, пакатацца на ўпрыгожаных запрэжках.
Свята выдалася на славу, жыхары і госці аграгарадка Жухавічы былі задаволены, а таксама засталіся задаволены і арганізатары свята ад удзячных і актыўных гледачоў.


Аддзел культуры і вольнага часу
“Жухавіцкі Дом культуры”