Круглый стол «Горькая память Афганской войны» собрал в Кореличах представителей разных поколений
У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна праведзена дыялогавая пляцоўка «Горкая памяць Афганскай вайны».
Сустрэча была прысвечана далёкім падзеям: 35 гадоў таму апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана. На яе былі запрошаны прадстаўнікі старэйшага пакалення і маладога, вучні 9 класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы». Ганаровым госцем быў Васілій Міхайлавіч Тур, воін-інтэрнацыяналіст, які за выкананне інтэрнацыянальнага абавязку ўзнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, падпалкоўнік запаса, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».
Разам са старшым навуковым супрацоўнікам Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Аляксеем Караянам накіроўваемся ў завочнае падарожжа ў тыя далёкія гады. Прамоўца паведаміў пра Афганістан, увядзенне туды савецкіх войск, падзеях на гэтай зямлі. Адзначыў, што ў ёй прымалі ўдзел і карэліччане. У памяць пра загінулых былі запалены свечкі, а хвіліна маўчання стала хвілінай памяці.
Дзяўчаты і юнакі задавалі госцю розныя пытанні. Яны цікавіліся тым, колькі ён ваяваў і дзе, што асабліва засталося ў памяці, што давялося вынесці з Афганскай вайны і іншыя. На пытанне, што пажадаў б юнакам, якія будуць служыць у арміі, Васілій Міхайлавіч адказаў: «Займацца спортам і не баяцца арміі». Па яго меркаванні, армія дапаможа адчуць сябе мужчынам і пры жаданні можна набыць прафесію. А вось на пытанне: «Што каштоўнае вынеслі з Афганскай вайны?» даў такі адказ: «Жыццё, сяброўства, братэрства. Усё пазнаецца ў экстрэмальных сітуацыях».
Дырэктар ЦСАН Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава адзначыла, што ўсю горыч Афганскай вайны можа ўявіць толькі па расказах яе ўдзельнікаў і выказала пажаданне, каб такія падзеі больш ніколі не паўтарыліся, а таксама словы прызнання воінам-афганцам.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш заклікала моладзь імкнуцца вызначыцца ў жыцці і задумацца аб іх адносінах да старэйшага пакалення. Яна падзякавала Васілію Міхайлавічу Туру за ўдзел у сустрэчы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ