«Зажинки-2024» прошли в ГП «Луки-Агро»

У ДП “Лукі-Агра” прайшло традыцыйнае земляробчае свята “Зажынкі” або, як яго называюць самі хлебаробы і работнікі культуры, свята першага снапа.

Яго ганаровымі гасцямі сталі старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай Гавіна, спецыялісты гаспадаркі.

Са словамі прывітання да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыня райвыканкама Андрэй Гардзей, які адзначыў, што ўборачная кампанія – адказная пара. Гэта вянец усіх работ, якія выконвалі аграрыі на працягу сельскагаспадарчага года. Агульнымі намаганнямі, нягледзячы на капрызы прыроды, удалося выгадаваць нядрэнны ўраджай. Таму трэба мабілізаваць усе сілы, набрацца цярпення, прыкласці максімум намаганняў, каб правесці жніво на высокім узроўні. Кіраўнік раёна пажадаў, каб аграрыі сабралі ўраджай без страт, надвор’е спрыяла, а тэхніка не падводзіла.

– Правесці гэтую ўборачную кампанію трэба хутка і якасна, як гэта мы рабілі і ў мінулыя гады. Кожнае зярнятка павінна трапіць па сваім прызначэнні – у засекі. Праца будзе нялёгкая, але мы гатовыя. Я ўпэўнены ў кожным з вас, таму што ведаю ваша жаданне працаваць адказна. На ўборцы будзе задзейнічана 9 камбайнавых экіпажащ, кіраваць якімі будуць вопытныя камбайнеры. Таксама ў гаспадарцы маецца годны аўтапарк для перавозкі ўраджаю, зернесушыльныя комплексы, – сказаў кіраўнік гаспадаркі.

 

– Моцнага здароўя, добрага настрою, дайсці да фінішу без усялякіх неспадзяванак і напоўніць засекі золатам палёў, якое стане хлебам, удзельнікам жніва жадалі спецыялісты сельгаспрадпрыемства.

 

 

Работнікі Лукскага сельскага Дома культуры, народны ансамбль “Цырынскія музыкі” праз абрадавыя традыцыі і песні надалі зажынкам беларускага каларыту. А першыя снапы з каласоў новага ўраджаю па традыцыі ўручылі старшыні Карэліцкага райвыканкама Андрэю Гардзею і кіраўніку сельгаспрадпрыемства Мікалаю Гавіне.

Па народным звычаі першы сноп падкідвалі ўгору і загадвалі жаданне. Тое ж самае зрабілі і кіраўннікі — загадалі жаданне на добрае надвор’е, на вялікі ўраджай і на заможнае жыццё жыхароў раёна.

Традыцыйна перад любой значнай падзеяй прынята прасіць у Бога благаславення на ўдалае яго завяршэнне. Святар Лукскай Свята-Уваскрасенскай царквы айцец Анатолій асвяціў уборачную тэхніку і людзей, благаславіўшы ўсіх на плённую працу на хлебнай ніве.

Права ўзначаліць і павесці ў поле камбайны было прадастаўлена знакамітаму земляку-камбайнеру Андрэю Штэйну.

Старадаўнім абрадам “Зажынкі” на лукскай зямлі быў дадзены старт уборачнай кампаніі 2024 года. Гэта самая важная і адказная пара для ўсіх земляробаў. Зажынкі — адно з найстаражытнейшых земляробчых святаў беларусаў. Кожны, напэўна, і сам заўважае, калі ступаеш на поле спелай пшаніцы, часам здаецца, што губляешся ў часе. Зямля, каласы, неба — такія ж, як і сотні гадоў таму. Але ўсё ж новыя тэхналогіі бяруць сваё: сёння не даводзіцца жаць і абмалочваць ураджай уручную, на палях працуюць магутныя камбайны, збіраючы тоны збожжа. І заўважце: для сучаснага чалавека яны ўжо вельмі гарманічна ўпісваюцца ў пейзаж, які не змяняецца стагоддзямі. Таму хочацца сказаць “дзякуй” аграрыям за вырашчаны ўраджай і пажадаць усім удзельнікам уборачнай кампаніі сіл і цярпення! Хай тэхніка не падвядзе, а надвор’е дапаможа. І хай хлебныя засекі Карэліччыны напоўняцца спаўна!

 

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара