Воін-інтэрнацыяналіст Станіслаў Анатольевіч Сакалоў — прыклад самаахвярнага служэння Радзіме, сілы духу, мэтанакіраванасці, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, што з’яўляецца галоўнымі якасцямі сапраўднага афіцэра.
Нарадзіўся ён 13 лютага 1969 года. Жыў і вучыўся ў агр. Варонча Карэліцкага раёна. Пасля заканчэння васьмігодкі, скончыў Карэліцкае СПТВ.

Восенню 1987 года быў прызваны на вайсковую службу. Вучэбку праходзіў у часці сувязістаў у г. Паўлаўск Ленінградскай вобласці. У маі 1988 года быў накіраваны для выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан. Служыў у правінцыі Шынданд. У абавязкі старшага тэлеграфіста Станіслава Сакалова ўваходзіла атрыманне, адсочванне і перадача каардынат месцазнаходжання груп баевікоў. Здабытая інфармацыя з дапамогай сродкаў радыёсувязі перадавалася ў артылерыйскія часці, якія сваім агнём знішчалі праціўніка. Жылі салдаты ў так званых «модулях», дзе акрамя вокнаў, у сцяне рабілі праёмы і запаўнялі іх вярблюжымі калючкамі, каб вентыляваць памяшканне.
У той час кожная савецкая маці, праводзячы служыць свайго сына, ціха шаптала: “Толькі не ў Афганістан…” Мама Станіслава Анатольевіча не ведала, што ён дзевяць месяцаў служыў у Афганістане. Ён не сказаў ёй пра гэта, бярог ад перажыванняў.
У лютым 1989 года, пасля вываду савецкіх войскаў з Афганістана, далейшую службу праходзіў у г. Зальцведзель у ГДР.
– Чужая зямля, нясцерпная спякота, пастаяннае пачуццё небяспекі, гібель таварышаў па службе … вытрымаць у такіх умовах дапамагало толькі пачуццё абавязку. Абавязак перад Радзімай, перад самім сабой і сваімі таварышамі, афіцэрскі гонар фармаваліся на афганскай зямлі, – сцвярджае Станіслаў Анатольевіч.
Калі вярнуўся з арміі, то вырашыў звязаць сваё жыццё з міліцыяй і паступіў на службу ў Карэліцкі РАУС. Быў міліцыянерам патрульна-паставой службы. У 2000 годзе скончыў Акадэмію міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь. Працаваў участковым інспектарам міліцыі на розных участках раёна, дзяжурным па РАУС. Службу скончыў у 2010 годзе ў званні маёра на пасадзе старшага інспектара групы кадраў.
Выйшаўшы на пенсію, некаторы час працаваў галоўным юрысконсультам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама, потым галоўным спецыялістам Карэліцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
За час выканання інтэрнацыянальнага абавязку, потым службы ў Карэліцкім РАУС неаднойчы быў адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Сярод іх – ганаровая Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, нагрудны знак “Воіну-інтэрнацыяналісту”, медаль ”Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”, юбілейныя медалі з нагоды вываду савецкіх войскаў з Афганістана і іншыя.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва героя публікацыі






















