
У Карэліцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў праведзена прафілактычнае мерапрыемства з раней судзімымі непрацуючымі грамадзянамі. Яго мэта — недапушчэнне рэцэдыўных злачынстваў і аказанне дапамогі ў працаўладкаванні.
Зацікаўлены ўсе, хто побач
У зале раённага аддзела ўнутраных спраў шматлюдна. Сюды запрасілі раней судзімых непрацуючых грамадзян раёна. Прыйшлі зацікаўленыя ў гэтай справе, каб дапамагчы ім уладкавацца на працу. Сярод іх — начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш і прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, а таксама іерэй, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Турэц Андрэй Абрамовіч і псіхолаг ЦСАН Карэліцкага раёна Алена Акулік.
Іна Богуш вяла грунтоўную і шчырую гутарку з кожным прысутным. Уважліва выслухаўшы іх планы па працаўладкаванні, Іна Аляксандраўна зазначыла: «Не ўпусціце свой шанс!», «Зрабіце яшчэ адзін крок!», а наймальнікаў заклікала: «Дайце ім магчымасць яшчэ раз паверыць у сябе!»
Увагу — прафілактыцы
Спецыяліст крымінальна-выканаўчай інспекцыі Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Алег Кулак адзначыў, што на ўліку ў РАУС стаяць 156 раней судзімых грамадзян, з іх — 95 працуючых. 42 не заняты працай па аб’ектыўных прычынах: 13 пенсіянераў, два інваліды, адзін выхоўваў дзіця да 3 гадоў, пяць ізаляваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, два ўтрымліваліся пад вартай, адзін знаходзіўся ў вышуку. У адносінах да 12 ажыццяўляліся вышуковыя мерапрыемствы.
Такім чынам, трэба працаўладкаваць 19 грамадзян. З дадзенай катэгорыяй у студзені праведзена прафілактычнае мерапрыемства «Кірмаш вакансій», у якім прынялі ўдзел 14 чалавек. Алег Кулак назваў сацыяльны партрэт грамадзян, якія ўчыняюць рэцэдыўныя злачынствы: мужчына ва ўзросце 30-45 гадоў, злоўжывае спіртнымі напоямі, неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.
З чыстага ліста
Гэта гісторыя нявыдуманая. Яна датычыць аднаго з раней судзімых. «Вядомая асоба»: яму сорак восем гадоў, родам з Мінскай вобласці. Жыў на Карэліччыне і сваю вядомасць набыў крадзяжамі. Краў у сельскіх магазінах Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў прадукты, гарэлку, цыгарэты. За гэтыя ўчынкі меў пакаранні. Жыў па прынцыпе: «Украў, выпіў — у турму». Так яго жыццё працягвалася з 2010-га па 2022 год.
І вось ён вырашыў пачаць жыццё з чыстага ліста. Знайшоў працу, мае заробак і жыллё, займаецца асабістай гаспадаркай. Выплаціў свае даўгі. І, што немалаважна, на жыццё зараз не скардзіцца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена Карэліцкім РАУС






















