Дзень медыцынскіх работнікаў – свята, якое па праву можна лічыць днём усенароднага прызнання высакароднай працы ўрачоў, медыцынскіх сясцёр, усіх работнікаў сферы аховы здароўя, хто сэрцам адчувае боль і пакуты людзей, дапамагае захаваць самае дарагое – здароўе і жыццё. Чалавекалюбства, самаадданасць, высокая адказнасць – вось рысы характару, якія штодня выяўляюцца ў працы людзей самай гуманнай прафесіі. Іх умелыя рукі, неабыякавыя сэрцы робяць дабро, а часам і сапраўдныя цуды.
У пярэдадзень прафесійнага свята карэспандэнт раённай газеты “Полымя” накіравалася ў Карэліцкую ЦРБ. Тут ужо больш 40 гадоў працуе ўрач-неўролаг Ларыса Малінковіч. Яе імя добра ведаюць не толькі на Карэліччыне, але і за межамі раёна. Зараз яна ўзначальвае міжраённае шматпрофільнае аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі. Пацыенты бязмежна паважаюць граматнага, спагадлівага і дасведчанага доктара.
На працягу ўсяго свайго працоўнага шляху Ларыса Мікалаеўна клапоціцца пра здароўе іншых з такім стараннем і адказнасцю, нібы гаворка ідзе пра яе блізкіх. Карэлічы – яе другая радзіма. Першай – стаў г.п. Жалудок у Шчучынскім раёне. Тут калісьці нарадзілася кемлівая і неабыякавая да чужога болю дзяўчынка.
– Потым сям’я пераехала ў г.п. Карэлічы. У доме на адной пляцоўцы з намі жылі ўрачы. Аднойчы, калі я вучылася ў 8 класе, наш сусед, урач-неўролаг Уладзімір Эдуардавіч Зубец, падарыў мне неўралагічны малаток, вось, магчыма, ужо тады я цвёрда вырашыла прысвяціць сваё жыццё сферы медыцыны. Паспяхова скончыўшы Карэліцкую сярэднюю школу, у 1975 годзе паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Студэнцкія гады праляцелі незаўважна, і ў 1982 годзе поўная сіл, энергіі і жадання дапамагаць людзям я ўладкавалася ў Карэліцкую раённую бальніцу ўрачом-неўрапатолагам. Дзякуючы мудрым і дасведчаным настаўнікам Ліліі Сцяпанаўне Дзіваковай, Івану Станіслававічу Юхніку, Наталлі Аляксандраўне Рубінскай, Ганне Аляксандраўне і Валерыю Аляксандравічу Жарскім, Кацярыне Ціханаўне Ушкевіч, якія акружалі мяне, я хутка набіралася вопыту. Мы заўсёды працавалі дружнай камандай неўролагаў раённай бальніцы ў складзе з Данутай Аляксандраўнай Скварадой, Галінай Вітальеўнай Правікавай, Канстанцінам Валяр’янавічам Свёклам. Дапамагалі адзін аднаму, давалі слушныя парады. На змену былой камандзе прыйшлі маладыя граматныя і дасведчаныя ў справе неўралогіі Дар’я Нячай і Вольга Мяцеліца, – падзялілася суразмоўца.
– Ларыса Мікалаеўна, Вы амаль увесь час працавалі ўрачом-неўрапатолагам, а каб сёння прыйшлося выбіраць спецыялізацыю, нешта змянілі б?
– Безумоўна, не. Неўралогія – дзіўная спецыяльнасць, яна вывучае працу і паталогію самай важнай сістэмы ў арганізме (галаўнога і спіннага мозгу, перыферычных нерваў). Сімптомы паражэння нервовай сістэмы шырокія і разнастайныя, тым і цікавая неўралогія. Калі пацыент, які меў да гэтага выгляд зусім безнадзейнага, можа самастойна ўстаць з ложка, зашпіліць гузікі на кашулі, ты бачыш яго ўсмешку і вочы, поўныя бясконцай падзякі, а ўсмешкі шмат чаго вартыя, дае той стымул, той магутны зарад, які выклікае жаданне працягваць працаваць і рабіць усё магчымае. Бывала, ідзеш з дзяжурства стомленая, але разумееш, што дзень пражыла недарэмна.
З верасня 2022 года Ларыса Мікалаеўна – загадчык міжраённага шматпрофільнага аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Карэліцкай ЦРБ. Рэабілітацыя – складаны працэс, які патрабуе сіл і ведаў людзей розных прафесій. У аддзяленні, па словах загадчыка, склалася моцная каманда вельмі адказных медыцынскіх работнікаў. Прафесіяналы працуюць у кожным лячэбным кабінеце. Яны ўсімі сродкамі імкнуцца палегчыць боль, паскорыць працэс выздараўлення, не шкадуючы пры гэтым сіл і душэўнага цяпла.
– Наколькі складана быць доктарам?
– Працаваць – гэта заўсёды складана, калі працаваць добра. Гэта тычыцца не толькі медработнікаў. Калі браць менавіта ўрача, то быць адказным за чужое жыццё і здароўе – складана. Мы не Богі, але імкнёмся дапамагчы пацыентам і дапамагаем.
– Якія якасці для Вас найбольш каштоўныя ў людзях, што звязалі свой лёс са сферай медыцыны?
– У першую чаргу гэта тыя, якія характарызуюць сапраўднага доктара: душэўнасць, міласэрнасць, добразычлівасць, талерантнасць. На мой погляд, такімі якасцямі павінен валодаць кожны, хто працуе з людзьмі і для людзей.
Ларыса Мікалаеўна заўсёды ідзе ў нагу з часам, новаўвядзенні паддаюцца ёй лёгка. Яе прафесійны ўклад у развіццё медыцыны аказаўся значным, за шматгадовую і добрасумленную працу неаднойчы была адзначана Ганаровымі граматамі і падзякамі рознага ўзроўню. Дзякуючы сваім душэўным якасцям, яна набыла пашану і павагу сярод пацыентаў і заслужыла вялікі аўтарытэт у калектыве.
Для дачкі Алены – яна блізкая сяброўка, для знаёмых – яркі, спагадлівы і заўсёды пазітыўны чалавек. Азіраючыся назад, жанчына ўжо не ўяўляе сваё жыццё іншым і верыць, што той момант, калі яна прыйшла ў прафесію, быў вызначаны лёсам. Людзі звяртаюцца да яе па дапамогу і дзякуюць за трапяткое стаўленне, прыстойнасць і прафесіяналізм.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






