СКАЗАНА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
— Азімы ячмень — гэта не маё вынаходніцтва, мы яго апрацоўвалі даўно, але па рэшткавым прынцыпе. Мы ніколі не надавалі гэтай культуры асаблівай увагі, а ёй трэба надаваць асаблівую ўвагу, калі вырашылі яе апрацоўваць. Гэта добрая грашовая культура, і ёю трэба займацца.
На селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі
21 ліпеня 2023 года.
Нягледзячы на капрызы сёлетняга надвор’я, аграрыі Карэліччыны кожны сонечны дзень імкнуцца выкарыстоўваць на сваю карысць, і жніво набірае абароты. Ва ўборачную кампанію-2025 уключыліся ўсе гаспадаркі раёна.
Ужо на пачатковым этапе, якім традыцыйна стаў абмалот азімага ячменю, працы ў сельгаспрадпрыемствах дастаткова. Пасевы гэтых зерневых з кожным годам пашыраюць. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка неаднаразова засяроджваў увагу на неабходнасці надаваць пільную ўвагу пасевам азімых культур. Ячмень пее раней за іншыя культуры, паспяваючы ўзяць неабходную вільгаць з глебы, але патрабуе асабліва строгага захавання тэхналогіі. У тых гаспадарках, дзе ідэальна вытрымліваюцца ўсе параметры, добрая ўраджайнасць з лішкам акупляе выдаткі.
Як адзначылі ў сельгасупраўленні раёна, сёлета клін азімага ячменю складае 2705, што на 380 гектараў больш леташняга ўзроўню. Да ўборкі ўраджаю сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна падышлі надзейна падрыхтаванымі. Уся неабходная ўборачная і транспартная тэхніка прайшла адпаведную падрыхтоўку, зернесушыльныя комплексы гатовы да прыёму збожжа, камбайнавыя экіпажы ўкамплектаваны. Для работнікаў у полі арганізавана гарачае харчаванне і забяспечаны неабходныя бытавыя ўмовы.
Карэспандэнт раённай газеты “Полымя” накіравалася ў ДП “Племзавод Карэлічы”. Яны аднымі з першых адкрылі гарачы сельскагаспадарчы сезон. Плошча збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарцы займае 765 гектараў. Яшчэ 170 гектараў — гэта рапс і 188 гектараў — кукуруза на зерне. 65 гектараў займае азімы ячмень. Яго ўборкай у гаспадарцы займаюцца трэці дзень.
Па сцвярджэнні галоўнага агранома гаспадаркі Івана Кошура, збожжа на палях гатова, і трэба паспець яго прыбраць, пакуль колас не ўпаў на зямлю.
— Сеялі “ізацэл”, так як гэта сярэдняспелы піваварны гатунак з высокай зімаўстойлівасцю і ўстойлівасцю да палягання. Ураджайнасць нядрэнная, атрымліваем 89,6 ц/га, — уводзіць у курс справы аграном.
Поле недалёка ад г.п. Карэлічы напоўнілася гукамі працоўнай тэхнікі, а — паветра водарам свежаскошанай збажыны. Іван Юр’евіч, назіраючы за працэсам, ужо плануе далейшае выкарыстанне зямлі:
— Ужо сёлета разлічваем закласці тут азімы рапс. Ён выдатна сябе адчувае пасля азімага ячменю, да вызначаных тэрмінаў сяўбы, а гэта прыкладна сярэдзіна жніўня, мы паспеем якасна падрыхтаваць поле, вытрымаўшы ўсе агратэхнічныя нормы.
На полі шчыруюць тры экіпажы: Леанід Русак, Аляксандр Алясюк і Іван Аляшкевіч. Вопытныя камбайнеры старанна рыхтавалі збожжаўборачныя камбайны да жніва і ведаюць, што тэхніка не падвядзе. Задача хлебаробаў — аптымізаваць усе рэсурсы, каб своечасова і без страт сабраць ураджай.
На адвозцы збожжа ад камбайнаў задзейнічаны вадзіцелі Валянцін Лагута, Рустам Бабакулыеў і Леанід Мураўскі.
Кожны залаты каласок нясе ў сабе часцінку працы аграрыяў, іх клопаты і надзею на багатыя намалоты. Пачатак жніва паказаў, што зямля гатова шчодра ўзнагародзіць вяскоўцаў за добрасумленную працу.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






