Юбілей раёна — гэта вялікае свята для ўсіх, хто тут нарадзіўся, хто апынуўся тут воляй лёсу і стварыў сям’ю, замацаваўся ў прафесіі. Свята для тых, хто жыве сапраўдным і будучым рэгіёна.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Вольга Івашка:

— Карэліцкі раён для мяне — гэта месца, напоўненае прыроднай прыгажосцю, гісторыяй і культурай. Тут можна знайсці маляўнічыя пейзажы, утульныя вёскі, добразычлівых людзей і ўсё, што трэба для жыцця сучаснаму чалавеку. Гэта раён, дзе я вырасла і працягваю сваю дзейнасць, бо нездарма кажуць, што на роднай зямлі працаваць прыемна і лёгка.
Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Чалавек года Гродзеншчыны, былы старшыня СВК “Жухавічы” Дзмітрый Янкоўскі:
— Мне пашанцавала ў жыцці. Сам я ўраджэнец Карэліцкага раёна і больш за сорак гадоў адпрацаваў на яго карысць. За гэты час мы шмат што зрабілі. 85 гадоў — цудоўная дата, і я ўпэўнены, што развіццё раёна не будзе стаяць на месцы. Жадаю ад чыстага сэрца ўсім шчасця, здароўя і дабрабыту, поспехаў у вялікіх і малых справах, упэўненасці ў заўтрашнім дні. А нашай роднай Карэліччыне — шчаслівай будучыні, новых перамог і дасягненняў, далейшага развіцця і росквіту.
Галоўны ўрач УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца”, намеснік старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Данута Скварада:

— У майго раёна свята, а значыць і ў мяне. Я тут нарадзілася і ўсім сэрцам яго люблю. Люблю за добрых і спагадлівых людзей. Гэта месца, дзе бесклапотна прамчалася дзяцінства, адбылося маё станаўленне як спецыяліста і асобы. Месца, дзе мяне навучылі любіць сваю Радзіму, шанаваць гісторыю, несці адказнасць за свае ўчынкі. Гэта месца, дзе хочацца жыць, тварыць, любіць, працаваць, дапамагаць людзям. З нагоды юбілею жадаю Карэліччыне і ўсім жыхарам моцнага здароўя.
Першы сакратар Карэліцкага РК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Вольга Аляшкевіч:

— Карэліччына — гэта дзіўная прырода, запаведны край. Тут размешчаны магутныя сельгаспрадпрыемствы, тут жывуць душэўныя, энергічныя, харызматычныя людзі. Ён унікальны, самабытны і адначасова сучасны. Рэгіён забяспечаны ўсім неабходным для паўнавартаснага і камфортнага жыцця. Ад усёй душы віншую ўсіх жыхароў з юбілейнай датай.
Дырэктар ДУ “Жухавіцкі сацыяльны пансіянат “Івушка”, дэпутат Цырынскага сельскага Савета Вольга Богук:

— Карэліцкі раён для мяне гэта не проста тэрыторыя, а асаблівае месца сілы, звязанае з дзяцінствам, сям’ёй і блізкімі людзьмі, месца, да якога вяртаецца сэрца, дзе ўсё вельмі дорага і люба. Тут я нарадзілася, вучылася, стварыла сям’ю, працую, тут жывуць мае бацькі, жылі прадзеды і дзяды… І мне вельмі прыемна назіраць, як з кожным годам наша Карэліцкая зямля змяняецца, прыгажэе, становіцца камфортнай для жыцця кожнага чалавека, асабліва ў Год добраўпарадкавання, калі кожны куток не застаецца па-за ўвагай людзей.
Кацярына ЖАМОЙДА























