У рамках акцыі «Моладзь за бяспеку» работнікі Карэліцкага раённага аддзела МНС сумесна з актывістамі маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных з сярэдняй школы №2 райцэнтра і членамі БРСМ аказалі шэфскую дапамогу адзінокім пенсіянерам.


Выратавальнікі і іх юныя памочнікі дапамаглі пажылым людзям па гаспадарцы: прыбралі прыдамавую тэрыторыю, сабралі ўраджай і згрэблі сухое лісце.

– Для нас важна не толькі навучаць моладзь правілам бяспекі, але і выхоўваць у іх пачуццё адказнасці і павагі да старэйшага пакалення. Мы стараліся зрабіць усё, каб пажылыя людзі адчулі клопат і ўвагу. Было прыемна бачыць іх усмешкі і чуць словы падзякі. Такія акцыі аб’ядноўваюць і вучаць дабру, – адзначыла інспектар сектара прапаганды раённага аддзела МНС Кацярына Зуза.
Акрамя таго, выратавальнікі правялі прафілактычныя гутаркі аб выкананні правілаў пажарнай бяспекі, праверылі спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і ўручылі прафілактычныя буклеты.























