У актавай зале сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы сабраліся старшакласнікі школ раёна. Не за гарамі той час, калі ім трэба будзе зрабіць свой выбар у жыцці. Дапамагчы ім у гэтым вырашылі прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў краіны ваенных накірункаў, якія выступілі на сустрэчы з адпаведнай інфармацыяй.

Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч адзначыла:
— Вы стаіце на парозе выбару прафесіі. 78 выпускнікоў школ раёна сёлета павінны будуць вызначыцца ў жыцці.
Сярод патрэбных прафесій — аграрыі, педагогі, медыкі, але ёсць яшчэ адна па сваёй важнасці — ваенны. Яна папулярная, і калі хтосьці з выпускнікоў спыніць на ёй выбар — значыць сённяшняя сустрэча аказалася плённай.

На Карэліччыну завіталі прадстаўнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, ваенных факультэтаў УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія авіацыі», «Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт», «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» і іншых. Прадстаўнікі вну падрабязна і з дапамогай відэафільмаў расказвалі, як стаць сапраўдным афіцэрам, аб выніках паступлення ў 2025 годзе, уступных іспытах, аб падачы дакументаў у прыёмную камісію.
Давялося пагутарыць са старшым выкладчыкам кафедры «Ваенна-інжынернай падрыхтоўкі» ваенна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксеем Кузьмічом, які паведаміў:
— Я родам з Карэліч. Скончыў сярэднюю школу № 1 райцэнтра ў 2005 годзе. З 2005 па 2008 год вучыўся ў Мірскім ДПТВ-234. Прайшоў тэрміновую службу ў г. Брэсце. З 2010 па 2015 г.г. — вучоба ў БНТУ. Сёння прыехаў расказаць аб парадку паступлення і праходжання навучання на факультэце і перспектывах службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Вячаслаў Царук адзначае:
— Самая ганаровая прафесія — Радзіму абараняць. Я ёй прысвяціў усё жыццё. Зараз імкнуся прывіць вучням школы любоў да сваёй Радзімы, пачуццё патрыятызму і гатоўнасць заўсёды прыйсці людзям на дапамогу.


Прадстаўнікі ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы арганізавалі выставу зброі, сухіх пайкоў, ваеннай формы адзення спецыяльных падраздзяленняў. Тут і пазаёмілася з вучнем 9 класа Красненскай сярэдняй школы Максімам Віркоўскім. Юнак падзяліўся сваім меркаваннем:
— Мне падабаецца быць абаронцам. Заўсёды глядзеў на іх і думаў аб тым, як гэта крута і здорава. На гэтую сустрэчу прыехаў паслухаць аб прафесіі ваеннага і яе перавагах. Нават прымерыў бронекамізэльку і каску. У старэйшых класах буду старацца добра вучыцца, каб дастойна вытрымаць іспыты і выбраць прафесію ў жыцці.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Андрэя ДЗЯНІСКА










