На Карэліччыне існуе шмат фальклорных святаў і абрадаў. Самым адметным і старажытным з’яўляецца свята Улассе ў Луках — брэнд Карэліцкага раёна. Штогод яно адзначаецца на мяжы зімы і вясны і лічыцца святам жывёлы.
Улассе, або як яго яшчэ называюць «свята коней», прысвечана святому Уласу, альбо Аўласу, які лічыцца апекуном свойскай жывёлы. У гэты дзень жывёлу шанавалі, давалі лепшы корм, не працавалі, але аб’язджалі маладых коней. Ладзілі гулянні, праводзілі спецыяльныя абрады. Традыцыя святкавання на шмат гадоў прыйшла ў заняпад, але восем гадоў таму яе ўзнавілі і ў гэтым годзе свята адзначаецца ў дзявяты раз і супадае з Масленічным тыднем. У гэтым выпадку пра свята кажуць «На Аўласа бяры каўшом масла».
На плошчы каля Лукскага Дома культуры шматлюдна і гаманліва: выставы народных мйстроў, дзіцячага малюнка «Мой конь», гандлёвыя рады, смачныя традыцыйныя стравы і галоўнае — коні. Свята разгарнулася па ўсіх канонах. Яскравае тэатралізаванае прадстаўленне акунула жыхароў і гасцей мерапрыемства ў гісторыю свята і пазнаёміла з цікавымі традыцыямі. Адной з такіх з’яўляецца традыцыя кідаць у поле ручкі лёну, чым далей ручкі паляцяць — тым вышэй будзе лён. Вось і на свяце гаспадыня ўручыла кіроўцу ўпрыгожанага вазка ручкі лёну, каб той адвёз іх у поле і выканаў абрад. Не абышлося і без традыцыйных гульняў: «Перакаці кола», «Тройкі пад дугамі», «Асядлай каня» і іншыя. Але самай старажытнай з’яўляецца гульня «Матырыца». Мытырыца — гэта кол, які забівалі ў лёд, наверх чаплялі кола са стужкамі ці паясамі. Дзяўчаты браліся за іх, а хлопцы каталі дзяўчат па лёдзе. Так яны прасілі ў Бога добрага надвор’я і каб паспрыяў у жыцці. Кожны жадаючы змог пагуляць у гэту цікавую гульню і папрасіць сабе шчасця.

























На свята завіталі і артысты з Іўеўскага раёна, якія падарылі гледачам добрыя песні, бадзёры настрой і цудоўную атмасферу.
Не абышлося без шчырай падзякі удзельнікам свята. Каштоўныя падарункі атрымалі Мікалай Лісоўскі, Людміла Гурын, Таццяна Кляноўская, Вольга Фалькоўская, юныя мастакі, Вікторыя Зайко і Святлана Жэбрак, Жухавіцкі Дом культуры.
Для мясцовай жыхаркі Наталлі Лісоўскай свята Улассе — нешта асаблівае:
— Кожны год мы з усёй сваёй сям’ёй, а яна ў мяне вялікая, чатыры дачкі і дзевяць унукаў, прыходзім на свята. Мой муж Мікалай заўсёды прымае ўдзел у мерапрыемстве разам са сваім конікам. Для нас Улассе — гэта провады зімы, Масленіца, вясна. Усё абуджаецца ад зімовага сну, усё прыгажэе.
Сваім уражаннем дзеліцца Таццяна Кляноўская:
— Улассе — вельмі добрае свята. Яно адзначаецца у нас кожны год. Гэтым святам мы праважаем зіму і сустракаем вясну. Тут і Масленіца далучаецца. Жадаю ўсім шчасця, каб усе былі здаровыя, мірнага неба, канешне, а таксама добрага ўраджаю ў гэтым годзе.
На Улассе завіталі і госці з Масквы, якія прыехалі да сваякоў:
— Неверагоднае свята, мы пад вялікім уражаннем, — расказвае Віталій Разанаў. — Такога свята мы яшчэ ні разу не бачылі. Нават ляльку ў выглядзе коніка ручной работы купілі для дзіцяці. Цікава, што Улассе святкуецца толькі ў Луках. Мы вельмі рады, што нам давялося на ім пабываць.
Свята Улассе — асаблівае свята для жыхароў аграгарадка Лукі. Гэта не толькі традыцыя, але і гісторыя, спадчына, якую трэба захоўваць і шанаваць.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























