Таіса ЛАМАН: «Як сябе настроіць — так і будзе ў жыцці»
Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Таіса Мікалаеўна Ламан з райцэнтра адразу накіравалася ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Яна знайшла тут шмат цікавых спраў — і жыццё на пенсіі зайграла каляровымі фарбамі.
— Таіса Мікалаеўна, чым Вы займаліся да выхаду на пенсію?
— Я па прафесіі бухгалтар. 51 год адпрацавала бухгалтарам, з іх 36 — галоўным. На ААТ «Карэлічы-Лён» — апошнія 11 гадоў. Мая праца стала сэнсам жыцця.
— Неаднойчы даводзілася гутарыць з удзельнікамі Цэнтра і пісаць пра іх — яны рады сваім візітам сюды. А чаму Вы выбралі гэтую ўстанову?
— Я была на пенсіі ўсяго два месяцы. Крыху адпачыла — і мяне зацікавілі паслугі ЦСАН Карэліцкага раёна. 22 снежня 2023 года прыйшла сюды — і мне прапанавалі заняткі па фізкультуры, танцах, песенны гурток. Дала згоду з першага дня, і ўжо 8 студзеня 2024 года спявалі на сцэне Цэнтра.
— За невялікі адрэзак часу прыжыліся ў ЦСАН і сталі актыўным яго наведвальнікам. Спорт, танцы, песні — гэта пра Вас. Як на ўсе заняткі хапае часу?

— Заняткі ў Цэнтры размеркаваны строга па днях і гадзінах, усюды паспяваю своечасова. Спартыўны і фізкультурны гурткі наведваю ў панядзелак і сераду, танцавальны — у аўторак і чацвер, песенны — раніцай у чацвер. У чэрвені 2025 года запрасілі ў хор ветэранаў Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, і нас адразу прыйшло шэсць чалавек. Прыжыліся дзякуючы яго кіраўніку Аляксандру Міхайлавічу Чарапанаву, які падбірае для нас рэпертуар. У сакавіку 2026 года выходзім на абарону звання «народны».
— Валанцёр — чалавек, які дапамагае іншым. Чым кіруецеся ў гэтай карыснай справе?
— Стараюся дапамагаць адзінокім і інвалідам на дачы ў вёсцы Заполле Красненскага сельсавета. Прывожу прадукты, купляю лекі, падвожу ў райпаліклініку. Купляю рэчы ў гандлёвых кропках. Дапамагаю людзям і дзялюся з імі тым, што ў мяне ёсць.
— Вас часта можна ўбачыць на раённых мерапрыемствах і святах.
— Люблю Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У Цэнтры святкуем з віктарынамі, конкурсамі. З падарункамі сустракаем Новы год, 8 Сакавіка, Дзень пажылых людзей, Дзень маці. Праводзілі і свята капелюшоў, якое прайшло весела і цікава. Дапамагаюць супрацоўнікі Цэнтра Вольга Сяргееўна Жук, Іна Генадзьеўна Ляўковіч, Ала Анатольеўна Шурак.
— Дзе даводзілася бываць з выступленнямі?
— Прымалі ўдзел у абласным конкурсе танца ў г. Бераставіца. На рэспубліканскім конкурсе танца ў г. Баранавічы занялі другое месца. У г. Іўе ездзілі з хорам ветэранаў. У г.п. Воранава прысутнічалі на абласным бале «Калядная сімфонія». Гэта дае вялікае натхненне і жаданне жыць.
— Гледзячы на Вас, творчую і няўрымслівую, хочацца верыць, што жыццё на пенсіі не абмяжоўваецца толькі наведваннем Цэнтра.
— У мяне ёсць домік у вёсцы Заполле. Саджу агарод, ёсць кусты і дрэвы. Раблю нарыхтоўкі на зіму. Вельмі добрае месца для адпачынку. Шмат розных кветак цвітуць з ранняй вясны да позняй восені. Люблю пасядзець у альтанцы і палюбавацца іх прыгажосцю. З нецярплівасцю чакаю вясны, калі зацвітуць пралескі і крокусы, а затым цюльпаны, касачы, півоні, флоксы, ліліі, гартэнзіі, ружы, хрызантэмы.
— Кветкі — добры падарунак. Ці любіце, калі іх дораць проста так, без прычыны?
— Вельмі люблю. Не мае значэння, які букет, галоўнае — увага. І каб падарылі кветкі ад душы.
— А ці чытаеце кнігі? І якія, папяровыя ці электронныя?
— Чытаю толькі папяровыя. Перачытваю з маладосці — яны кранаюць душу. Гэта раблю доўгімі зімовымі вечарамі. Люблю чытаць і газеты.
— Давялося чуць пра Вашы кулінарныя здольнасці.
— Гатую стравы з курыцы, рыбы, бульбы. Пяку пірагі, тарты, пячэнне, аладкі. Люблю частаваць удзельнікаў гурткоў.
— Шчаслівай жанчына лічыць сябе тады, калі ўсё ладзіцца ў яе дзяцей.
— Дочкі Іна і Таццяна добрыя і клапатлівыя, наведваюцца часта, хаця жывуць няблізка, у Гродне і Гомелі. Мая радасць: унукі, 14-гадовая Арына і 26-гадовы Арцём, які працуе рэаніматолагам-анестэзіёлагам.
— Маладосць і мудрасць — дзве прыступкі жыцця. Што значаць для Вас?
— Маладосць дала магчымасць скончыць Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум і Гомельскі інстытут спажывецкай кааперацыі, а затым вызначыцца ў жыцці. Радуе і тое, што дочкі таксама атрымалі вышэйшую адукацыю і маюць сваё жыллё. Мудрасць для жанчыны — галоўнае: яна дапамагае заставацца ў жыцці на плыву і быць запатрабаванай.
— Залатым узростам называюць старасць. Вы прытрымліваецеся гэтага меркавання?
— Адчувала і адчуваю сябе маладой. Лічу свой узрост не лічбамі ў пашпарце, а сапраўды залатым. Як у той песні: «Васямнаццаць, нам ізноў васямнаццаць, і я хачу пець, танцаваць і закахацца…»
— Таіса Мікалаеўна, што пажадаеце людзям, якія выхад на пенсію ўспрымаюць з вялікім хваляваннем?
— Весці актыўны лад жыцця. Усё залежыць толькі ад чалавека. Як сябе настроіць — так і будзе ў жыцці.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ і прадастаўлена ЦСАН























