Хрыстос уваскрос і жывы!
Свята ўваскрашэння Пана вядзе нас да самага цэнтра нашай веры. Хрысціянства пачынаецца не з ідэі, маральнай праграмы ці рэлігійнай традыцыі. Яно пачынаецца з падзеі: Хрыстос уваскрос і жывы! І паколькі Ён жывы, Ён не проста гістарычная постаць, але Той, хто хоча прысутнічаць у нашым жыцці — сёння, цяпер, у нашым паўсядзённым жыцці.
Недастаткова ведаць пра Хрыста. Недастаткова нават верыць у Хрыста інтэлектуальна. Хрысціянства нараджаецца, калі чалавек пачынае жыць з Хрыстом. Калі паміж Ім і намі ўзнікае сапраўдная сувязь. Калі Ён перастае быць проста аб’ектам малітвы і становіцца тым, хто сапраўды кіруе нашым жыццём.
Менавіта гэта і адбылося ў велікодную раніцу. Вучні сустрэлі жывога Госпада. Марыя Магдаліна пазнала Яго, калі Ён назваў яе імя. Вучні з Эмаўса пазналі Яго ў ламанні хлеба. Апосталы выявілі, што сярод іх стаіць той, хто быў укрыжаваны, і кажа: «Мір вам!» Усё хрысціянства нараджаецца з гэтай сустрэчы.
Уваскрослы прысутнічае сярод нас, прысутнічае ў кожным брату і сястры. Таму няхай усё, што не ад Хрыста, памрэ ў нас. Няхай падзелы памруць у нас. Няхай памрэ нездаровае спаборніцтва. Няхай памрэ спакуса фальшывага сведчання. Няхай памрэ ўсё, што аддаляе нас адзін ад аднаго. Няхай кожны з нас сапраўды сустрэне Уваскрослага Езуса, каб жыць жывымі адносінамі з Хрыстом, каб свяціцца прамянямі Яго любові, міра, дабрыні, надзеі і прысутнасці Бога. Каб ззяць, як Маці Божая, поўная ласкі, напоўненая Богам. Няхай гэтая святасць напоўніць і нашы сэрцы. Няхай наша жыццё стане ясным сведчаннем для свету, што Хрыстос сапраўды ўваскрос і жыве сярод нас!
Хрыстос уваскрос! Ён сапраўды ўваскрос! Алелюя!
У Велікодным духу перадаём Вам знак супакою Уваскрослага Езуса Хрыста.
А. Ежы і А. Сяргей























