У працы праходзяць дзень за днём — і чалавек наталяецца кожным момантам. Яна прыносіць дабрабыт у дом і дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Працавіты чалавек — паважаны ў грамадстве: па працы, як вядома, і пашана.
Сёння наш субяседнік — брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі КСУП «Лукі-Агра» Марына Дзям’янаўна Забенька, яе партрэт сёлета занесены на раённую Дошку пашаны.
— Марына Дзям’янаўна, чаму спынілі выбар на галіне жывёлагадоўлі?
— Я — вясковая, з аграгарадка Лукі. Тут нарадзілася і скончыла 10 класаў Лукскай сярэдняй школы. Тут жыве мая матуля Філіповіч Вольга Мітрафанаўна, якая ўсё жыццё працавала даяркай. З маленства ведала пра гэтую працу, таму выбрала прафесію ў жывёлагадоўлі. Скончыла Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці зоаінжынер. З 1985 года пачаўся мой працоўны шлях, а па гэтай спецыяльнасці — з 1990 года.
— Вашы поспехі невыпадковыя. У чым іх сакрэт?
— У студзені 2026 года я ўзначаліла МТФ «Далматаўшчына». Калектыў падабраўся працавіты, усе душой хварэюць за агульную справу. Таму і поспехі радуюць: у суткі цяпер доім па 24 літры малака ад адной каровы, а сярэднясутачныя прывагі цялят за апошні месяц склалі 777 грамаў.
— Быць кіраўніком няпроста. Як Вам удаецца гэта рабіць?
— Шмат залежыць ад самога кіраўніка. Як сябе настроіш, як цябе будзе чуць калектыў, як будзеш адносіцца да людзей і справы, такімі будуць і вынікі працы. Я стараюся быць патрабавальнай да сябе і падначаленых. Пачуць іх і дапамагаць на справе, каб і справа выйграла, і чалавека не пакрыўдзіць.
— Чыю падтрымку найчасцей адчуваеце?
— Дапамагае дырэктар КСУП «Лукі-Агра» Мікалай Аляксандравіч Гавіна. Кіраўнік часта бывае на ферме, цікавіцца нашымі справамі, дае каштоўныя парады. Я імкнуся прааналізаваць пачутае і рэалізаваць на вытворчасці.
— Жывёле патрэбны добры догляд і пастаянны клопат. У чым яны заключаюцца?
— Да жывёлы трэба адносіцца з душой, яна адчувае клопат чалавека. Трэба, каб была своечасова і правільна накормлена, знаходзілася ў доглядзе і чысціні. Вось тады можна і чакаць добрыя вынікі, і поспех будзе спрыяць у працы.
— Немалаважнае значэнне маюць умовы працы на вытворчасці. Якія яны на ўзначальваемай ферме?
— На МТФ «Далматаўшчына» зараз праводзіцца рамонт. Адрамантавалі пункт штучнага асемянення, пакой для прыёму ежы, паставілі новую мэблю. Цяпер ідзе добраўпарадкаванне ў адміністрацыйным будынку, які ўключае малочны блок і пакоі спецыялістаў.
— Што Вы ўкладаеце ў слова «праца»?
— Праца для чалавека — гэта сэнс жыцця. Яна дае сродкі для існавання, прыносіць дабрабыт у сям’ю, упэўненасць у заўтрашнім дні.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ
























