Гісторыя свята непасрэдна звязана з храмам святых апосталаў Пятра і Паўла, які раскінуўся сярод мястэчка яшчэ прыблізна каля 1700 года альбо ў 1745 годзе з фундацыі Караля Радзівіла.
Свята заўсёды пачыналася са службы ў царкве, а пад вечар ладзіліся танцы да самай раніцы, куды з’язджаліся гандляры, рамеснікі, майстры з розных куткоў. У гэты дзень гаспадыні пяклі цукеркі з цукру “Пеўнікі”, якія хутка разыходзіліся сярод дзяцей і дарослых.






Традыцыя святкавання захавалася і да нашых дзён. На галоўнай плошчы аграгарадка раскінуліся гандлёвыя рады з прысмакамі, упрыгажэннямі, сувенірамі. Побач з імі — гульнёвая пляцоўка для дзяцей і выставы народных майстроў. Кожны змог знайсці занятак сабе па душы.
Павіншаваў і благаславіў жыхароў і гасцей Вялікіх Жухавіч настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Ігар Пятроўскі. Ён падкрэсліў, што жухавічане заўсёды жылі і жывуць з Богам у душы і сэрцы, і нездарма звязалі свята вёскі з вялікім царкоўным святам, Днём святых апосталаў Пятра і Паўла. Святар пажадаў усім моцнага здароўя і міру.

Ніколі свята не абыходзілася без традыцыйных абрадаў. Адным з іх з’яўляецца кумаванне — саюз, мацнейшы за кроўныя вузы, які заключаўся паміж жыхарамі вёскі і трымаўся да будучага года. Заключаецца ён вельмі проста: праз вянок, які перадаецца па крузе, сусед з суседам кранаецца шчокамі тры разы і так, пакуль вянок не абыйдзе ўвесь круг. Лічыцца, што на Пятроў дзень вада была надзелена асаблівымі лячэбнымі ўласцівасцямі. Каб набрацца здароўя ад вады, жухавічане памыліся ў “Трох ключах”. Першы — розум, другі — прыгажосць, трэці — здароўе.











Акрамя абрадаў, на свяце можна было прыняць удзел у традыцыйных забавах, такіх як “Карагодная карусель” і станчыць традыцыйныя танцы “Ручаёк”, “Нарэчанька”. Гледачы з задавальненнем каталіся на каруселі і танчылі.
У госці на свята завіталі артысты з суседніх вёсак. Свае музычныя віншаванні і бадзёры настрой дарылі творчы калектыў Цырынскага Дома культуры і народны ансамбль песні “Турэцкі гасцінец” Турэцкага Дома культуры.













Свята вёскі Вялікія Жухавічы для жыхароў — нешта большае, чым проста свята. Гэта сімвал адзінства, багатай спадчыны, традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Традыцыйна свята завяршылася танцамі пад адкрытым небам.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























