Сучасную беларускую жанчыну можна сустрэць у розных галінах народнай гаспадаркі. Яна працуе з пачуццём вялікай адказнасці і служыць узорам сумленных адносін да даручанай справы.

Сёння наша гутарка з начальнікам Цэнтра банкаўскіх паслуг № 411 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г.п. Карэлічы Вольгай Іосіфаўнай Марцута.
— Вольга Іосіфаўна, сучасныя жанчыны шматгранныя. Яны лёгка сумяшчаюць кар’еру, грамадскую дзейнасць, выхаванне дзяцей, сваё хобі. Якія ў Вас меркаванні на гэты конт?
— Шматграннасць сучаснай жанчыны — гэта рэальная ўнутраная сіла, якая дазваляе жанчыне адначасова быць прафесіяналам, апорай для сям’і, натхняльнікам і самастойнай асобай. Пры гэтым шматграннасць — гэта не толькі дар, але вялікая нагрузка. Вельмі важна разумець, што сапраўдная шматграннасць — гэта не выкананне ўсіх ролей на «выдатна», а свабода выбіраць прыярытэты ў розныя моманты жыцця.
— Жанчына, якая працуе ў банкаўскай сферы, — прафесіянал у галіне фінансаў і крэдытавання. Да таго ж некаторыя займаюць і кіруючую пасаду. Як у Вас звычайна праходзіць працоўны дзень?
— Свой рабочы дзень пачынаю з адкрыцця «дома»: прыходжу да 8.00, каб праверыць, ці ўсё працуе, ці гатовыя касы да адкрыцця, ці ёсць збоі. У 8.30 — кароткая планёрка з калектывам на 10-15 хвілін: зарадзіць каманду, прааналізаваць работу за ўчора і паставіць задачы на дзень.
Першая палова дня — час рэальнага бізнесу: сустрэчы з кліентамі, падбор банкаўскіх прадуктаў і паслуг пад іх патрэбы, адзнака рызыкі. Калі ў радавога супрацоўніка ўзнікае пытанне, спрэчка з кліентам ці збой у праграме — клічуць начальніка. Супакоіць кліента, дапамагчы ў складанай аперацыі — гэта мая праца.
У другой палове дня — абавязковае падвядзенне вынікаў працы за дзень і складанне плана на заўтра. Калі сказаць коратка: мой рабочы дзень — гэта праца чалавека, які трымае ў руках калькулятар, інструкцыі і нясе асабістую адказнасць перад сваімі кліентамі за кожную капейку.
— Беларускія жанчыны ў пераважнай большасці працавітыя, адказныя, трывалыя, душэўныя. Як кіраўнік калектыву, што б Вы маглі адзначыць у сваіх падначаленых — прадстаўніцах цудоўнай паловы чалавецтва?
— У Беларусбанку г.п. Карэлічы працуе 15 жанчын. Гэта прафесіяналы сваёй справы, вельмі працавітыя і дысцыплінаваныя. Многія з іх больш за дваццаць гадоў працуюць у банкаўскай галіне. Праца з кліентамі і грашыма заўсёды патрабуе вытрымкі і дакладнасці. Нашы калегі ўмеюць слухаць кліента, разумець яго сапраўдныя запыты, што дазваляе выстройваць доўгія даверлівыя адносіны. Без іх прафесіяналізму і адказнасці ўстойлівая і бесперапынная праца банка была б проста немагчыма.
— Вас даволі часта можна ўбачыць на раённых мерапрыемствах. Што даюць Вам гэтыя сустрэчы?
— Для мяне гэта магчымасць не проста выйсці за рамкі рабочага кабінета і лічбаў, а ўбачыць шчырыя твары людзей, зразумець, чым жыве наш раён. Святы, суботнікі, культурныя ці спартыўныя падзеі зараджаюць цяплом, дораць радасць зносін з людзьмі і ўсведамленне таго, што ты не проста жывеш і працуеш тут, а ўносіш асабісты ўклад у дабрабыт, утульнасць і традыцыі Карэліччыны.
— Скажыце, што патрэбна для таго, каб стаць паспяховай у сваёй справе?
— Любіць яе, верыць у сябе, дзейнічаць смела, не баяцца памыліцца, не апускаць рукі пры няўдачах і пастаянна вучыцца.
— Ці арганізоўваюцца мерапрыемствы да Года беларускай жанчыны прадстаўнікамі банкаўскай сістэмы?
— Безумоўна. Для Беларусбанка Год беларускай жанчыны — магчымасць яшчэ раз падкрэсліць значнасць жанчын у эканоміцы, бізнесе і грамадскім жыцці, а таксама асаблівую ролю ў развіцці самога банка. Мерапрыемствы да Года беларускай жанчыны ахопліваюць і кліенцкія праекты, і ініцыятывы для шматтысячнага калектыву, уключаючы ветэранаў банка. Для кліентак мы развіваем не толькі фінансавыя прапановы, але і прастору для зносін, самарэалізацыі і новых магчымасцей. Запушчана акцыя па картках «Леди», якая дазваляе дабавіцца да прэміяльнага сервісу на зручных умовах. Майстар-класы клуба «Леди» сталі пляцоўкай для знаёмстваў і фарміравання жаночай супольнасці.
Арганізаваная банкам рэспубліканская серыя бізнес-сняданкаў падтрымлівае жаночае прадпрымальніцтва, ствараючы прастору для адкрытага дыялогу, абмену вопытам і ўмацавання дзелавых сувязей.
Расказваем пра жанчын, якія паспяхова спалучаюць бізнес і сям’ю. Праект «Жаночы бізнес на карце» паказвае ўклад прадпрымальніц у развіццё турызму і сумежных галін, а «Мая мама — бізнесвумен» раскрывае гісторыі жанчын — карпаратыўных кліентаў банка, якія паспяхова сумяшчаюць мацярынства і бізнес пры падтрымцы Беларусбанка. На пастаяннай аснове ўдасканальваюцца і спецыяльныя прадукты для жанчын-прадпрымальнікаў. Банк з’яўляецца актыўным удзельнікам акцыі «Хлеб на далонях жанчыны», аб’ядноўваючай працаўніц беларускіх рэгіёнаў, падкрэсліваючы значэнне жаночай працы для харчовай бяспекі краіны.
Асаблівую ўвагу надаём нашым супрацоўніцам. Штогадовы конкурс прыгажосці «Мисс весна АСБ» дапамагае ўдзельніцам раскрыць сябе, адпачыць ад рабочых будняў і зарадзіцца рабочым настроем. У гэтым годзе на фестывалі «Тваё зялёнае лета» ўпершыню прайшоў конкурс музфестывалю без узроставых абмежанняў як напамін аб тым, што прыгажосць не мае ўзросту.
У Год беларускай жанчыны і да Дня народнага адзінства мы запусцілі праект «Гісторыі поспеху» пад слоганам «Яна. Паспяховая жанчына». Ён пазнаёміў шматтысячны калектыў з дасягненнямі і захапленнямі калег, натхніўшы многіх на новыя пачынанні. Фотавыстава праекта стала ўпрыгажэннем Тыдня бацькоўскай любові.
Зусім хутка ў банку адбудзецца фінал конкурсаў «Супер-мама» і «Супер-бабуля», якія праводзяцца для супрацоўніц і ветэранаў банка. Гэтыя конкурсы дапамагаюць умацоўваць сямейныя каштоўнасці, захаваць пераемнасць пакаленняў і падтрымліваць творчыя ініцыятывы. Клопат пра ветэранаў — неад’емная частка карпаратыўнай культуры Беларусбанка.
Ёсць у нас і праекты з асаблівай сацыяльнай місіяй. «На сиреневой луне» прызнаны лепшым на рэспубліканскім конкурсе «Дзявочы вянок міру», ён садзейнічае творчаму развіццю і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Беларусбанк выступае не толькі фінансавым інстытутам, але партнёрам жанчыны на розных этапах яе жыцця — у сям’і, прафесіі, прадпрымальніцтве і грамадскай дзейнасці. Мы імкнёмся стварыць умовы для развіцця, самарэалізацыі і камфортнага жыцця жанчын, падтрымліваючы іх ініцыятывы і сямейныя каштоўнасці. У Год беларускай жанчыны ўвага жаночай тэме прыярытэтная ва ўсіх нашых праектах, не толькі выключна жаночых.
— Якія ініцыятывы падтрымлівае «Беларусбанк» і каму аказвае дапамогу?
— Банк рэалізуе восем сацыяльных праектаў, накіраваных на падтрымку розных галін жыцця грамадства. У рамках праектаў «Мост у будучае», «У школу з Беларусбанкам», «Шлях да прафесіі з Беларусбанкам» падтрымліваецца сфера адукацыі. «Вектар дабрыні», «Даступная меддапамога з Беларусбанкам» накіраваны на падтрымку аховы здароўя. «Прастора натхнення» — гэта падтрымка культуры і навукі, а «Пераможам разам» — спорту і здаровага ладу жыцця. У рэшце рэшт, у рамках праекта «Бацькоўскі дом» банк ужо пабудаваў 17 катэджаў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
Напярэдадні летніх канікул і свята Першамая банк перадаў спецыяльны транспарт шасці сельскім школам, каб яны маглі арганізаваць экскурсіі вучняў і настаўнікаў па Беларусі, а таксама забяспечыць падвоз старшакласнікаў на цэнтралізаванае тэсціраванне. Гэта ўжо чацвёртая перадача мікрааўтобуса з 2023 года ў рамках сацыяльнага праекта «У школу з Беларусбанкам». 24 жоўтыя аўтобусы ўжо ў скарбонцы добрых спраў банка. А гэтым летам у бальніцы накіраваліся адразу 12 новых спецыялізаваных аўтамабіляў вытворчасці «МАЗ-Купава», у тым ліку і ў Карэліцкую цэнтральную раённую бальніцу: ключы ад сучаснай машыны галоўнаму ўрачу ўстановы Дануце Скварадзе ўручыў на ўрачыстай цырымоніі старшыня праўлення Беларусбанка Віктар Ананіч. Такім чынам, на дадзены момант абноўлены ў рамках праекта аўтапарк бальніц налічвае ўжо 24 аўтамабілі, не лічачы дзясятка рэанімабіляў, перададзеных раней.
— Хто з’яўляецца для Вас прыкладам паспяховай беларускай жанчыны?
— Для мяне як для работніка банкаўскай сферы самым яркім, аўтарытэтным і знакавым прыкладам паспяховай беларускай жанчыны з’яўляецца Надзея Андрэеўна Ермакова. Надзея Андрэеўна — прыклад прафесіяналізму, мэтанакіраванасці і моцнага лідарства. Яна прайшла шлях ад банкаўскага спецыяліста да кіраўніка Беларусбанка і Нацыяльнага банка, даказаўшы, што праца, вопыт і адказнасць дапамагаюць дасягаць вялікіх вышынь. Шмат гадоў Надзея Андрэеўна ўзначальвала Беларускі саюз жанчын, актыўна абараняючы інтарэсы маці, сем’яў, працаўніц вёскі і малых гарадоў. Заўсёды элегантная, сабраная, з добрай усмешкай, але з непахісным унутраным стрыжнем. Сапраўдны прыклад для пераймання!
— Раскажыце пра сваю сям’ю?
— Муж Андрэй Уладзіміравіч, з’яўляецца кіраўніком Навагрудскага ДРБУ-189. У гэтым годзе мы адзначылі сярэбранае вяселле — 25-годдзе сумеснага жыцця. Наш гонар — два сына Павел і Аляксей.
— Вы маеце любімае хобі?
— Так, я вяжу шапкі, шалікі, рукавіцы, швэдры, кардыганы сваім родным. Гэтае захапленне для мяне — мая аддушына.
— Сучасны псіхолаг адзначае, што жаночая мудрасць часта праяўляецца ва ўменні своечасова прамаўчаць, не марнаваць душэўныя сілы на пустыя спрэчкі, захаваць годнасць. У Вас ёсць свае меркаванні?
— «Больш слухай, менш гавары» — для мяне гэта не проста прымаўка, а правіла жыцця. Я ўпэўнена, што маўчанне — гэта не слабасць, а вышэйшая форма самакантролю і выбіральнасці. Жыццё вельмі кароткае, каб марнаваць яго на плёткі, спрэчкі і размовы ні аб чым.
— Ці змаглі за гады працы на Карэліччыне палюбіць гэты край і зрадніцца з яго людзьмі?
— Не палюбіць Карэліцкі край проста немагчыма. Калі з дня ў дзень працуеш тут, бачыш дасягненні агульнай працы, гэты край вельмі хутка перастае быць проста «месцам працы» — ён становіцца па-сапраўднаму родным домам. Што мяне заваявала з першых дзён і трымае да сённяшняга часу — гэта людзі. Тут жывуць надзвычай шчырыя, душэўныя і працавітыя. У жыхароў Карэліччыны ёсць асаблівая якасць — надзейнасць і адкрытасць. Яны не кідаюць слоў на вецер, умеюць шчыра працаваць на зямлі, падтрымліваць адзін аднаго ў цяжкую хвіліну і радавацца агульным перамогам.
Карэлічы — гэта край з неверагодна багатай гістарычнай спадчынай. Тут адчуваюцца спакой і асаблівая стваральная энергія. Ці я зраднілася? Адназначна, так: Карэлічы занялі вельмі вялікае і цёплае месца ў маім сэрцы.
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ
і з архіва гераіні публікацыі







