Юнакі і дзяўчаты выпуску 1981 года Смольчыцкай СШ вырашылі адзначыць свой юбілей — 45 гадоў з дня заканчэння школы. Збор быў у г.п. Карэлічы. На жаль, з 33 выпускнікоў прыехалі толькі 8 чалавек. Але крыўды не было. Усе разумелі, што ў кожнага свае справы, у многіх ёсць праблемы са здароўем.

Першыя хвіліны сустрэчы былі вельмі цёплыя. Абдымкі, пацалункі — ніхто ўжо не саромеўся, як падчас вучобы ў школьныя гады. І адразу накіраваліся да магазіна «Кветкі». Мужчыны падарылі сваім аднакласніцам ружы. Затым усе разам выбіралі кветкі для тых, каго ўжо няма з намі. Гэта воін-інтэрнацыяналіст Федарака Васіль, які загінуў 25.01.1984 года ў Афганістане, і астатнім выпускнікам, якіх ужо няма з намі.
Першы прыпынак адбыўся на могілках у Палужжы каля магілкі Ірыны Гурын. Затым Машэвічы, дзе была наведана магілка Арцюх Тамары. Тут усе маўчалі. Толькі на магіле класнага кіраўніка Ключынскай Клаўдзіі Ігнацьеўны ў Забалацці хтосьці сказаў: «Давайце ўспомнім усіх настаўнікаў, якія вучылі нас, як яны хацелі, каб мы выраслі добрымі людзьмі».


Далей вёска Зарэчча. У машынах ехалі да Васіля Федаракі. Было вельмі ціха. Ніхто ўжо не гаварыў. Кожны ўспамінаў той далёкі час і, здавалася, на імгненне забыў пра свае клопаты. Вось і могілкі вёскі Зарэчча. Магіла Васіля бачна здалёку: стаіць вялікі помнік. Добра прыбраныя магілы Васіля, яго мамы і таты. Бачна, што воіна-афганца часта наведваюць родныя, аднавяскоўцы, вучні. Дзяўчаты пачалі папраўляць кветкі, на вачах у іх былі слёзы. Хлопцы стаялі моўчкі — толькі позіркі іх былі скіраваны на помнік. У 20 гадоў наш аднакласнік пайшоў з жыцця, выконваючы свой абавязак. Ужо не пашчасціцца гадаваць сваіх дзяцей, унукаў. Васіль да канца быў верны свайму абавязку. Радзіма высока ацаніла яго заслугу. Ён пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Шмат было сказана цёплых слоў. Напрыканцы мы вырашылі сфатаграфавацца.
Але час не стаіць на месцы. Далей вырашылі адпачыць, даведацца ўсё пра тых, хто прыехаў. Кравец Аляксандр закончыў курсы шафёра. Працаваў у калгасе, затым на аўтобусе ў Навагрудку. Калі аўтапарк купіў новыя МАЗы, даверылі яму як лепшаму кіроўцу. Жанаты, ёсць дзеці, унукі.
Андрэйчык Зоя мае вышэйшую адукацыю. Усё жыццё адрабіла ў раёне, у сельгастэхніцы бухгалтарам. Працуе і зараз.
Рытус Святлана закончыла педвучылішча. Працавала памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку. У сям’і ўсё ў парадку. Муж — галоўны інжынер. Дзве дачкі маюць вышэйшую адукацыю.
Нячай Валянціна, Кузьміч Алена аддалі амаль усё жыццё гандлю. За добрасумленную працу ўзнагароджаны граматамі, падзякамі. Маюць дзяцей, унукаў. Дзеці атрымалі адукацыю, ёсць свае сем’і.
Скрага Жанна шчыра працавала ў г. Бярозаўка на шклозаводзе. Мела падзякі, падзячныя лісты. Ёсць дзеці, унукі.
Рытус Уладзімір жыве ў г. Гродна. Індывідуальны прадпрымальнік. Чалавек на сваім месцы, знайшоў сваю справу. Жанаты, ёсць унукі.
Кравец Валерый нарадзіўся ў Машэвічах. Пасля вучобы прыехаў на радзіму і застаўся да сённяшняга дня. Жанаты, дзве дачкі, унук.
Час прайшоў вельмі хутка. Усе былі вельмі задаволены, што жывуць у роднай, мірнай Беларусі. Усе жадалі адзін аднаму міру і здароўя. Напрыканцы сустрэчы дамовіліся сустрэцца на 50 гадоў.
Валянціна НЯЧАЙ,
выпускніца 1981 года Смольчыцкай сярэдняй школы







