Што можа быць бліжэй і даражэй за родны куточак, дзе чалавек нарадзіўся і прайшлі дзіцячыя гады? Для многіх гэта месца, якое немагчыма нічым замяніць. Вось і вяртаюцца на маленькую радзіму, каб душой дакрануцца да ўсяго роднага, і знаходзяць занятак для душы, які становіцца сэнсам жыцця. Многія прадаўжаюць справу бацькоў і дзядоў — родны кут застаецца назаўсёды з імі.

Мікалай нарадзіўся ў вёсцы Руціца Красненскага сельсавета. Там жыла мама Клаўдзія Мікалаеўна са свамі бацькамі. Хлапчукоў у сям’і было двое — старэйшы Мікалай і малодшы Вадзім. Іх дзяцінства прайшло на ўлонні прыроды. Затым пераехалі ў кватэру ў райцэнтр.
Пасля заканчэння Карэліцкай сярэдняй школы ў 1998 годзе Мікалай паступіў у Інстытут правазнаўства, дзе вучыўся да 2003 года. Вярнуўся на маленькую радзіму, бо вельмі цягнула дамоў.
У снежні 2003 года Мікалай Мікалаевіч Амельяновіч уладкаваўся ў Карэліцкае бюро Навагрудскага філіяла Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» рэгістратарам маёмасці. І вось ужо хутка дваццаць тры гады як працуе на Карэліччыне.
— Гэта маё першае і адзінае месца працы, другога не было, — гаворыць Мікалай Мікалаевіч. — Работа вельмі адказная, толькі рэгістратар маёмасці мае права ажыццяўляць рэгістрацыю права на маёмасць і несці за гэта адказнасць. Мой дзядуля Мікалай Данілавіч усё жыццё адпрацаваў у калгасе бухгалтарам і хацеў, каб унук таксама працаваў з адказнымі паперамі.
Мара дзядулі збылася не толькі ў гэтым накірунку. Мікалай у 2017 годзе пераехаў жыць у вёску Руціца і жыве тут са сваёй сям’ёй. Больш таго, унук працягвае дзедаву справу. Дзед яшчэ пры польскім часе трымаў пчол, у яго на пасецы было шмат вулляў. Гэтаму майстэрству Мікалай вучыўся з дзесяці гадоў і ўжо зараз больш за два дзесяцігоддзі самастойна займаецца гэтай справай.
— Мёд вельмі карысны для чалавека, але ўжываць у ежу яго трэба з розумам, — перакананы пчалавод.
Яшчэ ў Мікалая Мікалаевіча ёсць вялікі сад, у якім растуць яблыні, грушы, персікі, слівы, вішні, чарэшні — больш за сто пладовых дрэў. Трэцяя частка пасаджана, яшчэ калі жыў дзед, астатнія — у апошнія дваццаць гадоў. Так справу дзеда працягнуў яго ўнук.







