Ёсць людзі, як сонечныя промні, якія выпраменьваюць святло і цяпло. Побач з імі адчуваеш сябе так, быццам вады з крыніцы напіўся. Яны ідуць па жыцці ўпэўнена і радуюцца імгненням. Увесь час знаходзяцца ў пошуку, яны самі ўладары лёсу.

Наша гутарка з памочнікам загадчыка малочнатаварнай фермы «Востухава» СВК «Маяк-Заполле» Наталляй Іванаўнай Ражко.
Што можа быць бліжэй і даражэй за родны куточак, дзе чалавек нарадзіўся і прайшлі дзіцячыя гады? Для многіх гэта месца, якое немагчыма нічым замяніць. Вось і вяртаюцца на маленькую радзіму, каб душой дакрануцца да ўсяго роднага, і знаходзяць занятак для душы, які становіцца сэнсам жыцця. Многія прадаўжаюць справу бацькоў і дзядоў — родны кут застаецца назаўсёды з імі.
— Наталля Іванаўна, Вы родам з вёскі, якая, выходзіць, так і не адпусціла?
— Я родам з пасёлка Капцэвічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. На малой радзіме пазнаёміліся з будучым мужам. Пераехалі на Карэліччыну — і ў вёсцы Востухава прыжыліся.
— Чаму выбралі менавіта жывёлагадоўчую галіну? Магчыма, у Вас гэта сямейнае?
— Доўгі час на малочнатаварнай ферме «Востухава» загадчыкам працавала мая свякроў Клаўдзія Аляксееўна Ражко. Яна часта расказвала пра працу на ферме. Я ўважліва слухала яе аповеды. Затым вырашыла паспрабаваць сябе ў жывёлагадоўчай галіне. Працоўны стаж у СВК «Маяк-Заполле» складае сямнаццаць гадоў і шэсць — памочнікам загадчыка малочнатаварнай фермы «Востухава». Праца ў жывёлагадоўлі нялёгкая, але мне падабаецца.
— Вы працуеце памочнікам загадчыка малочнатаварнай фермы — свайго роду кіраўніком. Як удаецца наладзіць працоўныя і добрыя ўзаемаадносіны з членамі калектыву?
— З людзьмі стараюся ладзіць. Даводзіцца вырашаць розныя вытворчыя пытанні. Стараюся, каб і справа выйграла, і працаўнікі былі задаволены. Усе працуюць добрасумленна, таму і поспех ім спрыяе: малако ідзе гатункам «экстра».
— Хто яны, адданыя справе працаўнікі фермы, за каго радуецца душа і можна пакласціся ў працы?
— На малочнатаварнай ферме «Востухава» працуе каля 30 чалавек. Розных па характары, узросце, поглядах — іх аб’ядноўвае жаданне працаваць шчыра. У кагорце працаўнікоў — аператары машыннага даення, жывёлаводы, падгоншчыкі жывёлы, слесары, спецыялісты. Ферма была адкрыта два гады таму. Тут створаны добрыя ўмовы для працы, і хочацца працаваць з поўнай аддачай.
— Жанчына не можа быць шчаслівай без падтрымкі і любові блізкіх. Хто яны, дзякуючы каму хочацца часцей усміхацца і крочыць па жыцці ўпэўнена?
— У мяне надзейны тыл — спадарожнік жыцця Уладзімір Леанідавіч, з якім ідзём па жыцці васямнаццаць гадоў, і мае дзеці — яны складаюць сэнс жыцця. Асабліва ганаруся дачкой Надзеяй. У гэтым годзе яна скончыла Красненскую сярэднюю школу з адзнакай і паступіла ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Люблю сына Рамана: ён — вучань шостага класа, цягнецца штосьці зрабіць сваімі рукамі, ездзіць на веласіпедзе, сябруе з камп’ютарам.
— Паведайце пра вёску Востухава, у якой жывяце і працуеце.
— У Востухаве — каля дваццаці жылых дамоў. У асноўным жывуць пенсіянеры і дачнікі. Асабліва жыццё бурліць летам, калі яны збіраюцца на адпачынак. Ёсць магазін — і гэта радуе. Як і тое, што вёска прадаўжае жыць.







