Вось-вось у дзверы пастукаецца лістапад — і прынясе добрую навіну ў рэдакцыйную сям’ю. У першыя дні месяца калектыў раённай газеты «Полымя» паспяшаецца падзяліць радасць са сваім актыўным пазаштатным аўтарам Галінай Паўлаўнай КАЛТУНОВАЙ. Ёй — 80! З іх большую палову — а гэта 64 гады — добры і надзейны сябра прысвяціла роднай раёнцы. Яе артыкулы і нарысы вучаць чытачоў выжыць у сённяшні няпросты час і пры гэтым захаваць чалавечнасць, сумленнасць, прыстойнасць, актыўную жыццёвую пазіцыю. Яны з’яўляюцца чароўным эліксірам, які лечыць душу.
Галіна Калтунова — паэтка, празаік, выдатнік адукацыі Беларусі, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры Карэліцкай раённай газеце «Полымя». Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, яна прадаўжае шчодра дзяліцца літаратурным багажом з прыхільнікамі паэзіі, а для пачынаючых аўтараў з’яўляецца добрым настаўнікам, адкрываючы шлях у свет паэзіі.
Дык няхай яшчэ доўга яе любоў да паэтычнага слова перадаецца чытачам. Радуюць сабой светлыя ранкі і ціхія вечары, а побач будуць родныя людзі, з якімі ўтульна і надзейна крочыць па жыцці. Добрага Вам здароўя, няхай залацістыя промні восені напоўняць Вашу душу верай у светлае заўтра. Заставайцеся яшчэ доўга з любімай газетай «Полымя», промні якой будуць прадаўжаць асвятляць Ваш жыццёвы шлях і ўсяляць надзею ў новы дзень!







