Накануне профессионального праздника работники РУП ЖКХ принимали поздравления и награды на торжественном собрании

Праца работнікаў ЖКГ адлюстроўваецца на якасці жыцця кожнага з нас. Яна прызвана ствараць штодня добры настрой, прыносіць чысціню і парадак, камфорт і ўтульнасць у нашы будні. Сапраўды, у гэтай сферы шмат клопатаў, але радасна, што напярэдадні свайго прафесійнага свята работнікі РУП ЖКГ сабраліся разам падчас урачыстасці з сардэчнымі віншаваннямі, заслужанымі ўзнагародамі і музычнымі падарункамі.

Важнасць працы кожнага прысутнага ў зале прадстаўніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі падкрэсліў у прывітальнай прамове старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў: “Абраная вамі справа патрабуе самааддачы, адказнасці, цярпення, прафесіяналізму і, вядома, асаблівага ўмення працаваць з людзьмі і гатоўнасці ў любую хвіліну прыйсці ім на дапамогу. Сваёй штодзённай працай вы спрыяеце бесперабойнай жыццядзейнасці населеных пунктаў Карэліцкага раёна, каб у дамах землякоў было светла, цёпла і ўтульна, а на вуліцах і ў дварах чыста і прыемна. Сфера ЖКГ у прамым сэнсе развіваецца, дзякуючы вашым моцным, клапатлівым і працавітым рукам. І кожны з работнікаў галіны павінен ганарыцца сваім прафесійным пакліканнем і вынікамі сваёй дзейнасці, упэўнена і паспяхова пераадольваць працоўныя цяжкасці. Жадаю працвітання і стабільнасці ва ўсіх пачынаннях!” Таксама кіраўнік раёна акрэсліў і бліжэйшыя задачы па добраўпарадкаванні райцэнтра, мэта якіх зрабіць Карэлічы не толькі месцам для працы, але і для прыемнага адпачынку. “Упэўнены, што разам з вамі, работнікамі ЖКГ, мы рэалізуем задуманае!”

Ад кіраўніцтва РУП ЖКГ віншавальнае слова трымаў галоўны інжынер Мікалай Лукашкоў: “Не так часта заўважаецца, колькі намаганняў укладзена работнікамі ЖКГ, каб для людзей стварыць, наладзіць і захаваць належны быт. Таму жадаю, каб, ня гледзячы на асобныя моманты, у вас ніколі не канчаліся сілы для добрасумленнага выканання сваёй працы, а падтрымка калег і блізкіх няхай дапамагае вытрымаць усе выклікі лёсу і рухацца да пастаўленых мэтаў!”

Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі РУП ЖКГ Наталля Швец прыядналася да цёплых пажаданняў : “Шаноўныя калегі, не спыняйцеся на дасягнутым і, насуперак абставінам, заўжды шукайце спосабы скарыць новыя вяршыні ў майстэрстве, не стамляйцеся самаўдасканальвацца на абранай ніве і быць выдатнымі гаспадарамі даручаных вам жыллёва-камунальных уладанняў, а таксама заставайцеся проста шчаслівымі ў асабістым жыцці людзьмі!”

Важным момантам урачыстасці стала ўзнагароджанне лепшых работнікаў РУП ЖКГ, у тым ліку грашовымі прэміямі і памятнымі падарункамі. Узгадаем некаторых са шматлікіх герояў сёлетняга свята.

Ганаровай граматай Карэліцкага райвыканкама адзначаны галоўны інжынер РУП ЖКГ Мікалай Лукашкоў, а Падзячным пісьмом старшыні райвыканкама – аператар ачышчальных збудаванняў Мікалай Сілко.

Падзячным пісьмом старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны майстар па водаправодзе Аляксандр Манкевіч, а Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў – машыніст-качагар кацельнай агр. Ярэмічы Аляксандр Сіманенка.

Ганаровую грамату Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў атрымаў аператар ачышчальных збудаванняў Уладзімір Радзівіновіч.

Таксама праца карэліцкіх работнікаў удастоена высокай адзнакі на ўзроўні ДА “ЖКГ Гродзенскай вобласці”: Ганаровай граматай узнагароджаны майстар станцыі 2-га пад’ёму вады Анатолій Брэган, Граматай – тынкоўшчык Вікторыя Баярэнка, Падзячным пісьмом – вадзіцель пагрузчыка Анатолій Шэўка.

Высока адзначаны сёлета і такія работнікі, як эканаміст Таццяна Батура, маляр Марына Варава, аператары кацельнай Андрэй Коваль і Аляксей Кулак, вадзіцелі Генадзій Мурашкевіч і Вячаслаў Гайко, слесар аварыйна-аднаўленчых работ Дзмітрый Іваноў, электрагазазваршчык Сяргей Ліхарад, страхар Мікалай Бар’яш, майстар абагравальных кацельных і цеплавых сетак Віктар Кот.

А прыемным завяршэннем урачыстасці сталі адмысловыя музычныя і гумарыстычныя падарункі ад работнікаў культуры Карэліччыны, кожнага з якіх зала вітала авацыямі.

Мы, у сваю чаргу, таксама жадаем работнікам ЖКГ моцнага фізічнага і фінансавага здароўя, душэўнай і эмацыйнай раўнавагі, аптымізму і бадзёрасці! Няхай у вас у прафесійным і асабістым жыцці ўсё ззяе бездакорным парадкам!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

? P.S. Шаноўныя сябры, яшчэ больш фота змешчана ў афіцыйных суполках газеты “Полымя”:

? ВКонтакте (“Типичные Кореличи”) – альбом “З прафесійным святам, работнікі РУП ЖКГ! | 20.03.2020 г.”

? Одноклассники (“Карэлічы па-беларуску I Кореличи на белорусском”) – альбом “З прафесійным святам, работнікі РУП ЖКГ!”