Афіцыйным дружалюбным сувязям Карэліцкага раёна і Краснагорскага муніцыпальнага раёна Маскоўскай вобласці больш чым 30 гадоў. Як развіваюцца гэтыя адносіны? Якія рэзервы бачаць спецыялісты Карэліччыны ў дадзеным узаемадзеянні на бліжэйшую перспектыву, высвятляла карэспандэнт газеты “Полымя”.
Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч адзначае:
— Расійская Федэрацыя з’яўляецца адным з галоўных эканамічных партнёраў Карэліцкага раёна. Так, экспарт тавараў за мінулы год склаў 2,6 млн долараў ЗША, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю — 2 млн долараў ЗША, ці 117% (удзельная вага ў агульным аб’ёме экспарту тавараў склала 76%). Знешні гандаль паслугамі па раёне за мінулы год склаў 2 млн долараў ЗША, або 148%, у тым ліку экспарт у Расійскую Федэрацыю — 1,1 млн долараў ЗША, або 117% (у агульным аб’ёме тэмп паслуг склаў 55%). Вырас у параўнанні з 2024 годам у 1,2 раза экспарт транспартных паслуг. Тэмп росту турыстычных паслуг склаў 137%, камп’ютарных, тэлекамунікацыйных і інфармацыйных — 244% да ўзроўню мінулага года.
Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч адзначае:

— На сённяшні дзень нашы ўзаемаадносіны з горадам-пабрацімам Краснагорскам Расійскай Федэрацыі з'яўляюцца стабільнымі і трывалымі. На працягу ўсяго перыяду супрацоўніцтва партнёрскія кантакты былі накіраваны перш за ўсё на арганізацыю дзіцячага летняга аздараўленчага адпачынку. З года ў год група з дзесяці школьнікаў нашага раёна адпраўляецца на адпачынак і за новымі эмоцыямі ў г. Краснагорск. У дзяцей з муніцыпальнага раёна Расіі ёсць магчымасць наведаць аздараўленчы лагер “Весёлка”. Падчас візіту рабят-краснагорцаў стараемся зрабіць іх адпачынак цікавым і запамінальным. Розныя мерапрыемствы, канцэртныя праграмы, цікавыя экскурсіі на сельгаспрадпрыемствы раёна робяць адпачынак гасцей незабыўным. Упэўнена, што такія беларуска-расійскія змены дапамагаюць умацаваць сувязь пакаленняў, узмацняюць патрыятычнае выхаванне.
Загадчык сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская расказвае:
— Сяброўскія адносіны паміж г.п. Карэлічы і горадам Краснагорскам Расійскай Федэрацыі маюць даўнюю гісторыю. З 1992 года пабрацімства толькі мацнее, а колькасць дружалюбных візітаў і сумесных выступленняў толькі расце. Стала добрай традыцыяй, што моладзь з Расіі наведвае Карэліччыну напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Так, у ліпені 2024 года маладзёжная дэлегацыя з Краснагорска прымала ўдзел у святочных мерапрыемствах, прымеркаваных да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Штогод беларуская і расійская моладзь сустракаецца на творчых фестывалях і конкурсах. На працягу многіх гадоў творчыя калектывы нашага раёна прымаюць удзел у фестывалі “Новы свет”, а калектывы Краснагорскай акругі ў маладзёжным рэгіянальным open air фестывалі “Friendship”.

У верасні 2024 года творчая дэлегацыя Карэліцкага раёна наведала горад-пабрацім і прыняла ўдзел у Міжнародным фестывалі нацыянальных культур “Арт-фолк Расіі”. Па выніках фестывалю эстрадны калектыў “Імпульс” ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата, а кіраўнік Ірына Бондарава адзначана за актыўны ўдзел Падзячным пісьмом.
Падчас наведвання Краснагорска нашай дэлегацыі была прапанавана насычаная праграма, якая прадугледжвала наведванне знакавых аб'ектаў Краснагорска і горада Масквы. Упэўнена, што візіты творчай моладзі з нашых гарадоў-пабрацімаў дазваляюць пашырыць межы дружбы, пазнаёміцца з нацыянальнай культурай. Мы павінны ўмацоўваць гэты падмурак, робячы ўсё, каб нашы краіны квітнелі, а нашы дружалюбныя адносіны з кожным годам толькі мацнелі.
Кацярына КУКАНАВА