Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек – дзе лепш. Так, сям'я Вячаслава і Алены Бяловых, пераехаўшы з горада Варкута, што ў Рэспубліцы Комі, у беларускую глыбінку – вёску Краснае Цырынскага сельсавета, вырашыла, што менавіта так для іх будзе лепш. Ужо шэсць гадоў сужэнцы з сынам Паўлам жывуць у Беларусі. І, па іх словах, яны тут здабылі свой другі дом. Чаму яны зрабілі такі выбар і што прыцягвае ў нашай краіне, высвятляла карэспандэнт газеты “Полымя”.
Алена Уладзіміраўна нарадзілася ў Рэспубліцы Удмурція ў горадзе Іжэўску. Але жыццё сям’і склалася так, што пераехалі жыць у Варкуту, за Палярны круг, у горад вечнай мерзлаты. Там атрымала адукацыю. Вывучылася на прадаўца, працавала па прафесіі, але потым пайшла на ТЭЦ.
Вячаслаў Анатольевіч нарадзіўся ў 1961 годзе на Урале. Калі яму было восем гадоў, сям’я пераехала ў горад Новалукомль Віцебскай вобласці. Скончыўшы школу, юнак вывучыўся на энергетыка. Большую частку свайго жыцця заставаўся верным абранай аднойчы прафесіі.
– У 1990 годзе вырашыў паехаць у Варкуту, як гавораць у народзе, “па доўгі рубель”. Шчыраваў на шахце па здабычы вугалю. Працуючы на ТЭЦ, сустрэўся з Аленай. Хутка ажаніліся і разам пражылі ўжо 24 гады, выгадавалі трох сыноў. Хоць шмат гадоў пражыў далёка за межамі Беларусі, але заўсёды цягнула туды, дзе прайшло дзяцінства, дзе застаўся бацькоўскі дом, дзе ёсць родныя і блізкія людзі. Калі гады падбіраліся бліжэй да пенсійнага ўзросту, усё часцей і часцей дома сярод сямейнікаў вялася гаворка пра пераезд. Доўга маніторылі старонкі інтэрнэту, выбіралі месца будучага жыхарства і ўрэшце рэшт знайшлі. У 2013 годзе ўпершыню прыехалі на Цырыншчыну ў вёску Краснае. Нам спадабалася месца, прырода гэтага куточка. Тут мы і купілі дом. А яшчэ, што вельмі моцна адразу нас уразіла, дык гэта гасціннасць і ветлівасць нашых суседзяў, і ўвогуле, мясцовых жыхароў. Яны адразу прапанавалі нам сваю дапамогу. Прынеслі бульбы, кавалак сала. Потым кожны год прыязджалі сюды. Кожны раз, збіраючыся ў Беларусь, мы ведалі, што нас ужо тут чакаюць нашы суседзі-сябры. Мы рабілі рамонт у доме, акультурвалі прысядзібны ўчастак, а ў 2019 годзе канчаткова пераехалі, – дзеліцца ўспамінамі Вячаслаў Анатольевіч.
– Не буду крывіць душой, – прызнаецца Алена, – жылі мы нядрэнна, зараблялі і на адпачынак ездзілі. Калі ж муж прывёз мяне ў Беларусь, мне тут вельмі спадабалася. Чыста, клімат вельмі добры. А самае галоўнае, што падкупляе, – гэта душа беларусаў. Яны народ добразычлівы, гасцінны і працавіты. Тут спакойна і добра, мы адчуваем сябе дома. Я з нецярпеннем чакала канчатковага пераезду. Зараз, жывучы тут, вырошчваем кветкі, займаемся агародам, летам робім нарыхтоўкі на зіму: закатваем кампоты, варым варэнне, робім салаты, ставім агуркі, памідоры, перцы і ад гэтага атрымліваем вялікае задавальненне. На прысядзібным участку ў нас ёсць вінаград, растуць пладовыя дрэвы, а ў мінулым гозе ў нас нават свае персікі выраслі.
Вось так сям’я, якая доўгі час пражыла ў вечнай мерзлаце, па-дзіцячы радуецца вынікам сваёй працы, нашаму цёпламу ласкаваму сонейку, вясеннім першацветам і першым вясновым навальніцам.
Цяпер, калі ў сям’і ёсць від на жыхарства, яны, як і карэнныя беларусы, атрымліваюць бясплатна медпаслугі, прымаюць удзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
– Шкада, што мы не маглі ўдзельнічаць у электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Але калі б у нас была такая магчымасць, то мы б абавязкова падтрымалі дзеючага Кіраўніка дяржавы, бо Беларусь – гэта сапраўдная краіна для жыцця, – гавораць сужэнцы.
На пытанне: “Ці ёсць настальгія?”, мае суразмоўцы адзначылі, што пакуль не было калі ім настальгіраваць.
– Мы занятыя наладжваннем побыту, будоўляй, вось у мінулым годзе заклалі свой сад. Сумаваць часу не было, хоць мы і пражылі шмат гадоў у Варкуце, там выгадавалі дзяцей. У Расіі засталіся старэйшыя сыны, там растуць і ўнукі, дзякуй Богу, усё добра: жыццё, кар'ера. Там жа магілы сваякоў. Вядома, хацелася б хоць калі-нікалі ездзіць на могілкі, будзем спадзявацца, што наведаемся яшчэ за Палярны круг. І, безумоўна, будзем памятаць і наш дом, двор, і ўсё сваё жыццё, якое там прайшло. Успаміны будуць з намі назаўжды, а жыццё пакажа, правільна мы зрабілі ці не, – заключылі суразмоўцы.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара