
Падчас адпрацоўкі Жухавіцкага сельсавета з работнікамі аддзела адукацыі райвыканкама і праваахоўных органаў раёна завітала ў сем'і, у якіх збочылі з прамой дарожкі. Некаторыя з іх знайшлі ў сабе сілы, каб пачаць жыццё з чыстага ліста.
Галоўны — бацька
"Мужык дзяржыць адзін вугал у хаце, а жонка — тры", — народная прыказка прыгадалася, калі пераступілі парог кватэры маладой сям'і. Праўда, на справе было інакш: сустрэліся з бацькам і яго дачушкай, якой крыху больш года.
— Няпроста спраўляцца з абавязкамі бацькі? — цікавімся ў маладога мужчыны.
— Ды дачушка ўжо падрасла, — сціпла гаворыць ён. — Дапамагаюць бабулі і сваякі, родная маці клапоціцца...
Аказваецца, жанчына пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Прычынай стала яе цяга да гарэлкі. Па словах мужа, зараз жонка не ўжывае спіртных напояў, жыве ў сваёй маці, наведвае дачушку. Галава сям'і гаварыў спакойна і быў настроены аптымістычна: у сям'і ёсць шанс вярнуць шчасце.
"На памылках вучацца"
У наступным доме — вялікі пакой і кухня. У іх — светла, чыста, утульна. Сустракаемся з гаспадаром. Менавіта яго шкодная звычка і стала прычынай пастаноўкі сям'і на ўлік. Адпаведныя службы наведваюцца сюды перыядычна. За гэты час мужчына перагледзеў свае паводзіны, працуе ў мясцовым сельгаскааператыве.
Высветлілася, жыць ёсць дзеля чаго і дзеля каго. Праца — аснова асноў, дае сродкі для існавання. Старанні яго недарэмныя, у сям'і падрастаюць дачушкі: старэйшая — навучэнка каледжа, малодшая наведвае школу. Спадарожніца жыцця працуе ў СВК. Як гаворыцца, усё як у людзей, жыві і радуйся жыццю.
— На памылках вучацца, — сказаў на развітанне мужчына. Хочацца спадзявацца, што ён не вернецца больш да мінулага і не прамяняе сям'ю на выпітую чарку.
Шчасце ў дзецях
Толькі адчынілі дзверы дома, як насустрач выбеглі трое дзяцей. Чацвёртага матуля трымала на руках. Ім — дзесяць, шэсць, тры, адзін год. Яны прадаўжалі весяліцца, і ахоўніца сямейнага ачага таксама была ў добрым настроі.
Шматдзетная сям'я жыве ў прыгожым і ўтульным доме. У хаце наведзены парадак і прыгатавана страва. Усё робіцца для таго, каб дзеці раслі шчаслівымі, і ніхто не змог парушыць спакой у сямейным гняздзе.
Хаця гэтую сям'ю лёс аднойчы вырашыў праверыць на трываласць. Бацька, які спрадвеку лічыўся і лічыцца абаронцам сямейнага ачага, пачаў выпіваць. Адпаведныя службы паставілі сям'ю на ўлік, каб неяк выправіць становішча, а галава сям'і змог узяцца за розум.
Сапраўды, якая можа быць п'янка, калі ў адказе за чацвёра маленькіх жыццяў? Відаць, бацька гэта зразумеў і ўсё робіць для таго, каб зусім развітацца са шкоднай звычкай.
Пачатак пачаткаў
У сям'ю вернуты дзеці — і гэта можна лічыць узнагародай лёсу. Адно наведвае дзіцячы садок, другое — школу. Бацькі зараз клапоцяцца пра іх і стараюцца аддаць ім сваю любоў. Яны перагледзелі свае жыцці і мараць больш не паўтараць памылак.
У мінулым засталіся іх ўчынкі, калі двойчы аступіліся. Два разы дзяцей забіралі з сям'і. Адно знаходзілася на выхаванні ў прытулку, другое — у Доме дзіцяці. Прычынай гэтаму стала цяга да алкаголю. Шкодная звычка настолькі авалодала маладымі людзьмі, што дзяцей прыйшлося аддаць на выхаванне дзяржаве.
Бяда засталася ўжо ў мінулым, і няхай яна больш не наведае сям'ю. У бацькоў знайшліся сілы, каб выйсці на прамую дарожку і каб дарыць любоў сваіх сэрцаў дзецям.
Мовай лічбаў
Як паведамілі ў аддзеле адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, на тэрыторыі Жухавіцкага сельскага Савета жывуць дзве сям'і, у якіх шэсць непаўналетніх прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. Таксама дзве сям'і, у якія трое дзяцей вернуты на выхаванне бацькоў.
У адной сям'і адно дзіця мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забрана ў бацькоў.
На тэрыторыі сельскага Савета — дзве апякунскія сям'і, якія выхоўваюць чацвёра дзяцей. Таксама дзве прыёмныя — у іх трое дзяцей.
Галіна СМАЛЯНКА