Вучаніца 11 класа Цырынскай сярэдняй школы Дар'я Барысік прыняла ўдзел у рэспубліканскім літаратурным конкурсе “У гармоніі з сабой і светам”. Яе эсэ на тэму “Місія – служыць чалавеку” ў намінацыі “Міласэрнасць” удастоена Дыплома ІІ ступені. Днямі яна наведала ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў, якая прайшла ў Доме літаратара ў г. Мінску. Арганізатарамі выступілі Беларуская праваслаўная царква і Саюз пісьменнікаў.

– Актыўнасць, добразычлівасць, міласэрнасць, адказнасць – ключ да шчаслівага і асэнсаванага жыцця, – лічыць Дар’я.
А за спінай – амаль 11 гадоў карпатлівай вучобы, штодзённай працы ў спасціжэнні ведаў. Дзейсная, камунікабельная дзяўчына, з шырокім кругаглядам і вялікім імкненнем да самаадукацыі. Яна ўмее з'яднаць вакол сябе аднакласнікаў, праявіць ініцыятыву, дасягнуць мэты. Ёй цікавы новыя веды, дзякуючы якім яна паспяхова рэалізуе сябе ў творчай, праектнай і даследчай дзейнасці. Прымае актыўны ўдзел у розных творчых конкурсах і мае пэўныя вынікі. У гэтым навучальным годзе ў раённым этапе абласнога конкурсу сацыяльных відэаролікаў “Неабыякавыя, далучайцеся!”, прысвечанага Сусветнаму дню прафілактыкі суіцыдальных паводзін, – Дыплом І ступені (Дар'я – галоўная гераіня роліка). У верасні прымала ўдзел у дыстанцыйным конкурсе чытальнікаў, прысвечаным 80-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З задавальненнем дзяўчына ўдзельнічае ў конкурсах па духоўна-маральным выхаванні: праваслаўнай епархіяльнай Алімпіядзе і калядным фестывалі “Хрыстаславы”, абласным этапе міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Красота Божьего мира: времен связующая нить”. У кастрычніку 2024 года за ўдзел у Міжнародным фестывалі сацыяльнай рэкламы “Далонька” ў абарону жыцця і сям'і, на які было прадстаўлена эсэ “Дык які ж ён, капітан нашага сямейнага карабля?”, работа папоўніла скарбонку агульных перамог Дар’і чарговай узнагародай.
Вось што расказала адзінаццацікласніца аб сваім удзеле ў рэспубліканскім літаратурным конкурсе “У гармоніі з сабой і светам”:
– Калі настаўнік рускай мовы і літаратуры Зінаіда Пятроўна Чачот прапанавала прыняць удзел у гэтым конкурсе, я адразу пагадзілася. Выбрала намінацыю “Міласэрнасць”. У народзе кажуць, што чужой бяды не бывае. Але нярэдка даводзіцца чуць, што многія людзі занятыя толькі сабой, сваім асабістым жыццём. Лёс іншых людзей іх не цікавіць. Але ёсць сярод нас і такія, хто ідзе насустрач іншым – каму дрэнна, каму цяжка, хто не можа абысціся без дапамогі іншых. Тады міласэрнасць становіцца ладам жыцця. Вось пра гэта я расказала ў сваім эсэ “Місія – служыць чалавеку”.
Пра каго буду пісаць, таксама ні на хвілінку не засумнявалася. Калі я аднойчы была ў гасцях у стрыечнай бабулі Лежань З.І., бачыла, з якім трапятаннем, павагай і неабыякавасцю ставіцца да састарэлага чалавека сацыяльны работнік Таццяна Іванаўна Манько. Гэта прафесія для яе стала сапраўдным прызваннем. Усе тыя, каго яна даглядае, яе любяць і паважаюць. Яна да кожнага знойдзе правільны падыход і дапаможа ў любы момант. Трэба шанаваць такіх людзей, таму што яны становяцца душэўным суразмоўцам і дораць пажылым людзям радасць і надзею.
Тэма праваслаўя была ў маім жыцці заўсёды. З малых гадоў памятаю, як мая мама разам са старэйшым братам збіраліся ў царкву. Мой брат Жэня, будучы школьнікам, дапамагаў святару служыць у царкве. Калі я падрасла, то пачала хадзіць у нядзельную школу пры царкве. Там разам з сяброўкамі мы спявалі і ад гэтага заўсёды атрымлівалі асалоду.
Сваё жыццё хачу звязаць з медыцынай, але гэта не перашкодзіць мне далей развівацца ў гэтым напрамку літаратурнай творчасці і ўдзельнічаць у конкурсах, якія праводзяцца для моладзі. Падчас цырымоніі ўзнагароджання ў Доме літаратараў у Мінску сімвалічна і хвалююча было атрымаць узнагароду з рук мітрапаліта Веніяміна. А яшчэ там мы даведаліся пра тое, што плануецца новы конкурс, таксама звязаны з імем Кірылы Тураўскага. Назва яго яшчэ застаецца інтрыгай. Планую ў ім абавязкова прыняць удзел.
Настаўнік Зінаіда Пятроўна адзначыла, што працаваць з такімі вучнямі, як Дар’я, лёгка і цікава. А ўвогуле, для кожнага настаўніка выхаваць добрага вучня – гэта вялікая і вельмі адказная праца. Важна да кожнага з іх падабраць свой унікальны «ключык», максімальна раскрыць яго талент. Калі бачыш, як з маленькага неспрактыкаванага дзіцяці вырастае добры чалавек – цябе перапаўняе радасць і гонар за яго поспехі.
Кацярына КУКАНАВА
Фота з архіва ўстановы адукацыі
Кампетэнтна
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Цырынская сярэдняя школа” Жанна Мохань расказала:

– Духоўна-маральнае выхаванне вучняў з’яўляецца адным з асноўных накірункаў выхаваўчай работы. Найбольш распаўсюджаныя формы – класныя гадзіны, сустрэчы з настаяцелем храма святога Міхаіла агр. Цырын, экскурсіі па праваслаўных святынях, абмеркаванне пытанняў духоўнасці на пасяджэннях інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”, тыдзень культурных паводзін і тыдзень духоўнасці, удзел у творчых конкурсах і акцыях.
На працягу некалькі гадоў ва ўстанове адукацыі дзейнічаюць аб’яднанне па інтарэсах “Духоўнасць”, факультатыўныя заняткі ў пачатковых класах “Асновы праваслаўнай культуры”, у сярэднім звяне “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Вучні школы кожны год прымаюць удзел у раённым калядным фестывалі “Хрыстаславы”.
У адпаведнасці з Праграмай супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой у мінулым навучальным годзе рэалізаваны праект “Душа імкнецца да дабрыні”, які быў дастойна прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе сацыяльных маладзёжных праектаў “Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці”. У гэтым навучальным годзе па ініцыятыве вучня ХІ класа, члена маладзёжнага парламента пры Карэліцкім раённым Савеце дэпутатаў Мікіты Качкарыка рэалізуецца праект “Міласэрнасць – лекі для душы”. Дадзены праект паспяхова прадстаўлены на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Лідар года”.
На працягу некалькіх гадоў запар забяспечваецца рэзультатыўны ўдзел у творчых конкурсах, якія арганізуюцца Беларускай праваслаўнай царквою.
Для папулярызацыі цімураўскага і валанцёрскага руху, развіцця павагі, міласэрнасці і спачування да ветэранаў працы, пажылых і адзінокіх людзей у гэтым навучальным годзе забяспечаны ўдзел у акцыях “Залаты ўзрост”, “Павага. Клопат. Адказнасць”, “Ад усёй душы”, “Мандарынкі дабра”, “Зімняя пара добрых спраў” .
Работа духоўна-маральнага напрамку доўгая і карпатлівая. Педагогі школы добра разумеюць, што без павагі да роднай зямлі, да яе гісторыі і культуры, без любові да чалавека немагчыма выхаваць дастойнага грамадзяніна, патрыёта і чалавека з добрым і спагадлівым сэрцам.