На Карэліччыне завяршылася акцыя “Наш жывёлавод”, у ходзе якой павіншавалі 49 працаўнікоў жывёлаводчай галіны раёна. У фінальны дзень правядзення акцыі старшыня Карэліцкага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская разам з старшынёй пярвічнай арганізацыі КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Маргарытай Нарбутовіч завіталі на ферму “Вялікае Сяло”. Гераінямі дня сталі загадчык фермы Ганна Гурын і жывёлавод Алена Станчык.

— Шчырыя словы падзякі вам, паважаныя жанчыны. Вы выбралі для сябе няпростую прафесію і паказваеце годныя вынікі, — павіншавала жывёлаводаў Ірына Леанідаўна. — Няхай сённяшнія падзякі і грашовыя сертыфікаты стануць добрым стымулам для далейшай працы і дасягнення новых вышынь.

— Прыемна, што нашу няпростую працу заўважаюць і ацэньваюць, — расказвае Ганна Гурын, якая шчыруе на прадпрыемстве з 1989 года. — Звычайна ў цэнтры ўвагі механізатары і камбайнеры, а жывёлаводы застаюцца ў цені. Мы шчыруем круглы год, выходзім на работу ноччу і днём і заўжды стараемся выканаць сваю задачу якасна.

Падводзячы вынікі акцыі, Ірына Пянькоўская адзначае, што падчас яе правядзення прафсаюзы не толькі адзначалі працу вяскоўцаў, але і ацэньвалі створаныя на месцах умовы працы і адпачынку, забяспечанасць усім неабходным для якаснай працы:
— За час правядзення акцыі мы наведалі ўсе прадпрыемствы раёна. Гэта выдатная нагода сустрэцца з працаўнікамі, пагаварыць з людзьмі, даведацца, якія ў іх ёсць пытанні і пажаданні. Мы наведалі многія фермы і магу сказаць, што паўсюль працуюць прафесіяналы, якія яшчэ неаднаразова парадуюць сваімі дасягненнямі.