Рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод" працягвае знаходзіць сваіх герояў. І гэта простыя людзі з вёскі, якія да працы ставяцца адказна, з любоўю і нават са сваёй філасофіяй: хто, калі не мы...
У сонечны лютаўскі дзень з дыпломамі і грашовымі сертыфікатамі да жывёлаводаў ДП “Племзавод Карэлічы“ прыехалі старшыня Карэліцкага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская і старшыня пярвічнай арганізацыі сельскагаспадарчага прадпрыемства Таццяна Філіповіч.
— Ваша прафесія няпростая і вельмі важная, — падкрэсліла Ірына Леанідаўна. — Сваёй добрасумленнай працай і неабыякавасцю вы заслужылі павагу не толькі ў калектыве, але і ў раёне. Мы па-сапраўднаму ганарымся вамі як прафесіяналамі з вялікай літары!
Жанчыны былі расчулены цёплымі словамі, пачутымі ў свой адрас.
На МТФ “Людвікава” заахвоцілі аператара машыннага даення Таццяну Быт.
Таццяна Аляксандраўна родам з агр. Палужжа. Працу даяркі ведае з дзяцінства. Яе маці, Таіса Мікалаеўна, усё сваё працоўнае жыццё аддала гэтай прафесіі. Менавіта яна прывіла дачцэ любоў да жывёлы і працы. І сёння маладая жанчына, нягледзячы на мяккасць характару, здзіўляе сваёй цвёрдасцю і настойлівасцю. І гэта ёй у рабоце вельмі дапамагае.
— З жывёламі, як і з людзьмі, важна знайсці агульную мову. Яны заўсёды адчуваюць ласку і клопат, — гаворыць суразмоўца.
Жанчына ведае свае функцыянальныя абавязкі, стараецца, каб на ферме атрымлівалі толькі якаснае малако высокай тлустасці. Адзначае яна і добрыя ўмовы працы на МТФ, і выдатны дружны калектыў.
Што тычыцца заняткаў у вольны час, якога па зразумелых прычынах у Таццяны не так шмат, то яна адказала, што шануе кожную гадзіну, праведзеную сярод сваіх блізкіх, — зносіны з мужам і дзецьмі — гэта самая вялікая каштоўнасць у яе жыцці. Як выдатная жонка, маці траіх дзяцей, любіць радаваць сваіх родных смачнымі стравамі.
На ферме “Палужжа” ўзнагароду атрымала жывёлавод Таіса Зінкевіч.
Лічыцца, што такая прафесія для моцнага полу, бо патрабуе фізічнай сілы, але Таіса Уладзіміраўна ламае стэрэатыпы, дэманструючы поспехі ў нялёгкай працы. На гэтай ферме жанчына працуе ўжо больш як 30 гадоў.
— Лічу, што кожны чалавек павінен выбіраць сваю любімую справу сам, перш за ўсё тую працу, да якой ляжыць душа. Калі ўсё рабіць разумна і свядома, то любая справа будзе па плячы. Сёння маладыя людзі, якія толькі пачынаюць працоўную біяграфію, часта хочуць усё і адразу, пры гэтым забываюць галоўнае: трэба працаваць і працаваць па-сапраўднаму: старанна і адказна, з жаданнем, — падкрэсліла Таіса Уладзіміраўна.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара