Лідар прафсаюзнай раённай арганізацыі АПК Ірына Пянькоўская ўжо не першы дзень завітвае ў гаспадаркі раёна з прыемнай місіяй. Для кожнага жывёлавода, тых, хто працуе ў сельскагаспадарчай галіне, яна знаходзіць цёплыя словы ўдзячнасці за нялёгкую, але вельмі важную і плённую працу і ўручае ўзнагароды.
У рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” кіраўніцтвам ДП “Лукі-Агра” было прынята рашэнне адзначыць кіроўцаў, якія на працягу доўгіх гадоў дастаўлялі да месца працы работнікаў гаспадаркі. Падчас віншавання вадзіцеляў Ірына Леанідаўна падкрэсліла, што дасягненне высокіх паказчыкаў залежыць менавіта ад тых, хто добрасумленна ставіцца да сваёй працы, укладвае ў яе свой вопыт і сілы, і вядома ж, адданы абранай справе.
Першым віншаванні прымаў вадзіцель аўтобуса Анатолій Валчок. За плячыма ў яго каля сарака гадоў стажу. Энергічны мужчына прывык працаваць у такім напружаным тэмпе, таму і праца ў яго спорыцца. Нават дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, ён застаўся верны прафесіі і з адказнасцю ставіцца да даручанай яму справы.
На мехмайстэрні аграгарадка Лукі чакаў віншавання вадзіцель Аляксей Нямарскі, які больш трыццаці пяці гадоў працуе ў гаспадарцы.
— Жыццё ў сельскай мясцовасці нялёгкае, трэба знаходзіць радасці для душы, — сцвярджае Аляксей Аляксеевіч. — Толькі з гадамі разумееш, што шчасце — у дробязях. Бо няма нічога лепшага, калі родныя здаровыя, дома парадак, а на рабоце справы спорацца.
На мехдвары ў аграгарадку Цырын узнагароды атрымалі Дзмітрый Макарэвіч і Канстанцін Чэчат. Яны штодня пракладаюць свае маршруты. Адны рэйсы вядуць на аб’екты жывёлагадоўлі гаспадаркі, іншыя дапамагаюць адкрываць новыя вёскі, гарады любімай Беларусі.
Дзмітрыю Сяргеевічу па сэрцы рамантыка дарог. Працуючы на аўтамабілі, кіроўца заўсёды ўпэўнены ў яго спраўным стане, бо ён перавозіць самы каштоўны груз — рабочых сельгаспрадпрыемства. Канстанцін Уладзіміравіч працуе вадзіцелем з 1976 года. Высокі давер кіраўніцтва і калег ён заслужыў дзякуючы адказнаму і добрасумленнаму стаўленню да працы. Цэняць яго за дабрыню і спагадлівасць. А яшчэ ён удзельнік мясцовага гурта “Цырынскія музыкі”, клапатлівы сем'янін, выдатны муж, бацька і дзядуля.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара