Раённы суботнік для жыхароў г.п.Мір пачаўся ўжо 28 сакавіка. Прадстаўнікі райвыканкама, дэпутацкага корпуса, выратавальнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №2 г.п. Мір, прадстаўнікі Карэліцкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, працоўных калектываў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, дружна выйшлі на ўборку рэчышча ракі Міранка, што насупраць установы “Музей ”Замкавы комплекс “Мір”.


Весела гудуць бензапілы і трымеры, чуецца гоман і смех тых, хто выйшаў папрацаваць у гэты цудоўны вясновы дзень.
– У гэты год, Год добраўпарадкавання, у нас па сельсавеце, не толькі ў у г.п Мір, запланавана шмат работ, – гаворыць выконваючая абавязкі старшыні Мірскага сельсавета Сняжана Ханько. – Раз на тыдзень мы абавязкова працуем на розных аб’ектах. Пройдзе шэраг суботнікаў, акцый, працоўных дэсантаў, удзельнікамі якіх стануць прадстаўнікі працоўных калектываў, мясцовыя жыхары і моладзь. Будзем разам рабіць нашу малую радзіму прыгажэйшай.




– Удзел у суботніках – добрая традыцыя, якая склалася яшчэ ў савецкія часы і якая дайшла практычна ў нязменным выглядзе да нашых дзён. Беларусы любяць сваю Радзіму, беражліва і з трапятаннем ставяцца да яе. І, наводзячы парадак разам, далучаюцца да карыснай справы. І, вядома ж, удзел у традыцыйных суботніках збліжае людзей, далучае іх да клопату аб навакольным, прывівае беражлівыя адносіны да таго месца, дзе чалавек працуе, вучыцца, жыве, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько.

Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Сянкевіч дадаў:
–– Мы сваім прыкладам абавязаны паказваць моладзі, як трэба працаваць, любіць і берагчы сваю зямлю. А яшчэ калектыўная праца дазваляе навесці парадак каля месцаў масавага знаходжання, акультурыць іх тэрыторыю. Па-другое, дзякуючы суботніку зарабляюцца сродкі, якія ў далейшым пералічаць для якой-небудзь важнай мэты, накіраванай на дабрабыт людзей.









Далучыліся да суботніка і навучэнцы Мірскага дзяржаўнага каледжу.




Добраўпарадкаванне – гэта справа не аднаго дня. Вяртаючыся ў райцэнтр з г.п. Мір, зазірнулі ў в. Вялікая Слабада Турэцкага сельсавета. Тут працягваюцца работы па ўборцы тэрыторый, на якіх раней былі спілены старыя аварыйныя дрэвы. Механізатары мясцовага сельгаспрадпрыемства, якія задзейнічаны ва ўборцы спіленых галін, сцвярджаюць, што выконваюць карысную справу: убраная тэрыторыя дазволіць павялічыць пасяўныя плошчы сельгаспрадпрыемства.


Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара