19 мая — свята ўсіх піянераў, якое кожны год адзначаюць члены Беларускай піянерскай арганізацыі, зараз як Дзень піянерскага сяброўства. З гэтай нагоды журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з намеснікам дырэктра па вучэбна-метадычнай рабоце ўстановы дашкольнай адукацыі «Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі», старшынёй Карэліцкага раённага савета грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» Юліяй Сяргееўнай БЫНДАЙ.

— Юлія Сяргееўна, колькі налічвае ў сваіх радах раённая арганізацыя БРПА? Якія мэты ставіць перад сабой?
— Карэліцкі раённы савет грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” налічвае ў сваіх радах 994 навучэнцы, з іх 665 піянераў і 329 акцябрат.
Перад сабой мы ставім галоўную мэту: дапамагчы кожнаму піянеру стаць грамадзянінам, сваімі справамі і ўчынкамі прыносіць карысць сабе, сваёй сям’і, сваёй Радзіме.
— Якія карысныя справы на рахунку БРПА?
— Члены БРПА займаюцца дабрачыннай дзейнасцю: удзельнічаюць у акцыях па збору сродкаў асабістай гігіены і канцылярскіх тавараў з мэтай далейшай перадачы ва ўстановы аховы здароўя, цэнтры і аддзяленні паліятыўнай медыцынскай дапамогі, дзіцячыя дамы: акцыі “Цуды на Каляды”, “Усмешка”, “Мандарынкі добра”.
Прымаюць актыўны ўдзел у акцыях па добраўпарадкаванні тэрыторыі помнікаў і пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны “Абеліск”, “Няма забытых магілаў” і г.д.
Аказваюць пасільную дапамогу па навядзенні парадку на прысядзібных участках у адзінока пражываючых грамадзян пажылога ўзросту, ветэранаў вайны і працы, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў.
Наведваюць з канцэртнымі праграмамі дамы-інтэрнаты для пажылых людзей, дзе заўсёды імкнуцца падарыць усмешкі і добры настрой, бо для людзей сталага ўзросту няма найлепшага падарунка, чым увага і клопат з боку падрастаючага пакалення.
Любяць нашы піянеры ўдзельнічаць у мерапрыемствах інтэлектуальнай накіраванасці: у гэтым навучальным годзе прайшлі раённыя этапы “Што? Дзе? Калі?”, “Вялікая піянерская/акцябрацкая гульня».
— Хто з’яўляецца актывістамі піянерскага руху раёна?

— Наш раённы савет як адна вялікая, згуртаваная сям’я, дзе кожны, ад малога да вялікага, імкнецца ўнесці свой уклад у развіццё і росквіт піянерскага руху раёна. Тут хочацца адзначыць усе 10 піянерскіх дружын раёна на чале з іх важатымі.
Сярод усіх хочацца вылучыць старшыню дзіцячай Палаты Карэліцкага раённага савета БРПА Васько Сафію, навучэнку 8 «А» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы». Гэтая дзяўчынка заўсёды з радасцю дапамагае праводзіць Пленумы БРПА, удзельнічае ў конкурсах.
— Хто дапамагае піянерыі раёна здзяйсняць задумкі?
— Карэліцкі раённы Савет грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» цесна ўзаемадзейнічае з грамадскім аб’яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Гэта ўзаемадзеянне заключаецца ў правядзенні сумесных акцый, святаў, Дзён інфармавання, мерапрыемстваў па вядзенні здаровага ладу жыцця.
— Ці былі Вы самі піянеркай?
— Так. Спачатку, калі вучылася ў Вялікаслабодскай базавай школе, нас прымалі ў акцябраты, а пасля ў піянеры. Памятаю, для нас, як для навучэнцаў, гэта было сапраўднае свята. Ты стаіш прыгожы, у белай кашулі і табе павязваюць чырвоны гальштук. Было пачуццё гонару і адказнасці: цяпер носіш ганаровае званне – піянер.
— Калі прымаюць у піянеры ў нашым раёне?
— Стала ўжо добрай традыцыяй прымаць у рады піянераў цэнтралізавана: на мемарыяльным комплексе «Зорка» збіраюцца ўсе 10 устаноў адукацыі раёна, і прыняцце ў піянеры праходзіць як вялікае свята з запрашэннем ганаровых гасцей — начальніка аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірыны Валер’еўны Асташэвіч, першага сакратара РК «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Таццяны Аляксандраўны Шэўчык, старшыні раённага савета ветэранаў Валянціны Іванаўны Кошур, якім затым даецца права павязаць гальштукі.
Прыняцце ў рады акцябрат праходзіць паступова, асобна ў кожнай установе адукацыі. Гэта таксама свята, але ўжо агульнашкольнае. Мяне, як старшыню раённага савета, часта запрашаюць ва ўстановы адукацыі, і я з вялікім задавальненнем прымаю запрашэнне. Нават не ведаю, у які момант мяне больш ахоплівала пачуццё гонару: калі ў дзяцінстве самой прышпільвалі акцябрацкую зорачку, ці цяпер, калі прышпільваю ўжо навучэнцам.
— Што пажадаеце з нагоды Дня піянерскага сяброўства членам арганізацыі?
— Быць сапраўднымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, патрыётамі сваёй Айчыны, упэўнена ісці да здзяйснення сваіх мараў, і няхай спадарожнічаюць поспех і ўдача!
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена Карэліцкім РЦТДіМ.






