Залаты ўзрост — так часта называюць пенсійны перыяд. Ёсць у гэтым і свая «разыначка»: вопыт, мудрасць, магчымасць прысвяціць час сабе. Большасць праводзяць яго з карысцю. Як гэта ўдаецца Марыі Пятроўне Бучацкай з г.п. Карэлічы, субяседніца расказала падчас сустрэчы.
— Марыя Пятроўна, напачатку паведайце пра сябе. Адкуль Вашы карані і дзе давялося працаваць?
— Я сама з вёскі Лукі. Вучылася ў мясцовай школе. Марыла вучыцца ў Мінскім тэхналагічным тэхнікуме — не прайшла па конкурсе. Хацелася быць тэхнолагам, цікавілася шыццём, магла змайстраваць для сябе штосьці, мая мама таксама добра шыла. Натхнілі мяне на гэта папяровыя лялькі і папяровае адзенне для іх.
У выніку пайшла працаваць у Паланаеўскую сельскую бібліятэку, дзе адпрацавала два гады. Затым паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, але не скончыла, бо выйшла замуж. Уладкавалася на Карэліцкі льнозавод, якому прысвяціла трыццаць гадоў.
— Як успрынялі свой выхад на заслужаны адпачынак: з радасцю ці трывогай ад сустрэчы з новым перыядам жыцця?
— З вялікім хваляваннем. Для мяне работа — сэнс жыцця. Усё жыццё працавала сумленна. Магчыма, надалей прадаўжала б гэта рабіць, каб не пагоршылася здароўе. Яшчэ падкасіла і смерць сына Сяргея. Выратаванне знаходзіла ў працы ў вёсцы на дачным участку. Радавалася кожнаму пасаджанаму дрэўцу, кусціку, расліне, кветачцы. Хаця для мяне гэта было вельмі цяжка, але не здавалася. Мае думкі перабіваліся — думала аб зямлі і як прывесці прысядзібны ўчастак у парадак. Усе клопаты ўзяла на сябе, бо дзеці былі ў горадзе.
— Ваш прыход у ЦСАН Карэліцкага раёна быў запланаваным ці сюды хтосьці прывёў?
— Па суседстве на дачы жыве былая супрацоўніца цэнтра Анжаліка Мікалаеўна Шастак, якая пра яго і расказала. Я зацікавілася і прыйшла ў ЦСАН у першы год, калі тут адкрываліся гурткі. Была адзінай удзельніцай гуртка па фізкультуры, пазней яго рады папоўніліся. Яго наведваю па сённяшні дзень.
— Што даюць заняткі ў фізкультурна-аздараўленчым гуртку «Крокі да здароўя» і скандынаўская хада?
— Акрамя падтрымкі здароўя, вялікую ролю адыгрываюць зносіны з людзьмі. Тут сустрэла аднадумцаў, парэкамендавала яго наведваць знаёмым. Кіраўніком гуртка з’яўляецца Іна Генадзьеўна Ляўковіч — Чалавек з Вялікай Літары. Яна адносіцца да нас, пажылых, як дачка. Туды хочацца хадзіць, бо там разумеюць і чакаюць.
— Здароўе — найкаштоўнейшы дар і аснова ўсяго. Як ставіцеся да яго ў паважаным узросце? Чым займаецеся, акрамя згаданых заняткаў?
— У Цэнтры адкрыўся гурток па нейрагімнастыцы «Фітнес для розуму», які вядзе псіхолаг Алена Юр’еўна Акулік. Яго наведвае шмат жадаючых. Падчас першай сустрэчы зарыентавалася хутка, было даступна, цікава, карысна. Шмат чытаю і спрабую замацоўваць прачытанае.
— На адным з мерапрыемстваў у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна давялося пачуць «Баладу аб маці» ў Вашым выкананні — яна ўскалыхнула да глыбіні душы.
— Люблю чытаць кнігі. Калі сустрэну верш для душы, абавязкова вывучу. Шмат ведаю іх на памяць. Паэзія для мяне — сапраўдная аддушына.
— На календары і вуліцы — восень. Дні становяцца меншымі, дрэвы паступова скідаюць сваё ўбранства, навокал стаіць цішыня. Вы любіце гэтую пару года?
— Люблю восень і вершы пра яе. Хачу нагадаць вершаваныя радкі:
Осень, мы с тобой
не одиноки.
У тебя поклонников
не счесть.
Вот, к примеру, ветер
ясноокий
Снова серенады будет
петь.
Или же туман, твой
верный рыцарь,
Преданно ложится возле
ног.
И дожди стараются
пролиться
В твой золотой чертог.
— «Рэкі не п’юць сваю ваду, дрэвы не ядуць свае плады, сонца не свеціць само па сабе і кветкі духмяна не пахнуць для саміх сябе. Жыць для іншых — гэта закон прыроды. Мы ўсе народжаны, каб дапамагаць адзін аднаму», — гаворыцца ва ўсходняй мудрасці. Якое меркаванне Вы можаце выказаць на гэты конт?
— Тут хочацца адказаць словамі вялікага рускага пісьменніка Антона Чэхава: «Пакуль чалавек адчувае боль, ён жывы. Пакуль чалавек адчувае чужы боль, ён чалавек». А яшчэ мудрацы раяць: «Калі атрымаў дабро, памятай усё жыццё», а «Калі зрабіў добрую справу, забудзь пра яе».
— Адзінота не прыгавор, а прастора для сябе. Хоць так мяркуюць не ўсе: многія баяцца заставацца адны.
— Так, для мяне гэта аддушына. На душы наступае супакаенне. Не баюся адзіноты. Да таго ж не люблю хадзіць па хатах і сядзець на лаўках. Лепш прачытаю кнігу ці вывучу верш.
— «Не шукай вялікіх подзвігаў. Скажы добрае слова змрочнаму. Аддай лішнюю булку галоднаму. Не асудзі і ўжо выратуешся. Вялікая святасць пачынаецца з малога, але шчырага», — лічаць старцы, а да слоў святых людзі стараюцца прыслухоўвацца. Што Вы пажадаеце чытачам раённай газеты «Полымя»?
— Дабрыні. Чыстага, яснага, мірнага неба. Любові, яна здольная загаіць усе раны, здольная вылечыць, дараваць падман і нават той, які дараваць нельга. І яшчэ самае галоўнае — душэўнай прыгажосці, бо яна для для нас каштоўная. Мы воблік можам змяніць за дзень, а душу не зменіш. Усім жадаю, каб прыгажосць з гадамі не марнела, а ўсё больш і больш квітнела, напаўнялася любоўю, дабрынёй, пяшчотай, памяркоўнасцю, павагай на радасць родным і блізкім. Яшчэ выказваю словы падзякі калектыву ЦСАН Карэліцкага раёна за нялёгкую, але вельмі патрэбную працу, цёплыя і паважаныя адносіны да нас, наведвальнікаў сярэбранага ўзросту.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ







