У г.п. Карэлічы на стадыёне “Юнацтва” прайшлі раённыя спаборніцтвы санітарных і пажарных дружын.
З самай раніцы на раённым стадыёне 5 каманд санітарных і 11 каманд пажарных дружын арганізацый і прадпрыемстваў выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё. “Раўняйся! Смірна!” – гучыць загад, і ўдзельнікі спаборніцтва зладжана выконваюць каманду, дэманструючы сваю гатоўнасць да маючых адбыцца выпрабаванняў.
Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўгеній Чычкан, які пазначыў важнасць і прэстыж дадзенага мерапрыемства і пажадаў усім удзельнікам поспехаў пры праходжанні этапаў спаборніцтваў.
– Сучаснае грамадства ўсё часцей сутыкаецца з небяспекай прыроднага і тэхнагеннага характару, пагрозамі ваенных канфліктаў. Адной з асноўных задач абароны насельніцтва ад надзвычайных сітуацый з’яўляецца падрыхтоўка санітарных і пажарных дружын на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, падтрыманне іх пастаяннай гатоўнасці. Такія спаборніцтвы – гэта добрая пляцоўка для эфектыўных формаў навучання і атрымання практычных навыкаў ва ўмовах, набліжаных да экстрэмальных сітуацый. У любой нестандартнай сітуацыі асноўная мэта – прыкласці максімум намаганняў для таго, каб выратаваць людзей і аказаць ім першую дапамогу, – адзначыў начальнік Карэліцкага раённага аддзела МНС Дзяніс Стадольнік.
Каманды сандружын павінны былі пераадолець 5 этапаў: праверку табельнага абсталявання санітарнага фарміравання, тэарэтычны конкурс па аказанні першай даўрачэбнай дапамогі, працу ў ачагу камбінаванага і хімічнага паражэння, працу ў ачагу інфекцыйнага захворвання. “Як рыхтуецца раствор для дэзынфекцыі?”, “Як правільна даглядаць за чалавекам з інфекцыйным захворваннем?” – на гэтыя і іншыя пытанні суддзі, кваліфікаваныя медыкі, чакалі дакладныя адказы.
Адкрыла спаборніцтва сандружына СВК “Маяк-Заполле”. Так, бадзёра, адна за адной набліжаліся дружыны да першага этапу, на якім правяралася табельнае абсталяванне і ўменне ім карыстацца. Далей байцы атрадаў пераходзілі ў ачаг камбінаванага паражэння. Яны спынялі крывацёк, накладвалі шыны, абязбольвалі, транспартавалі хворых.
Удзельнікі пажарных дружын павінны былі пераадолець 100-метровую паласу перашкод, паўдзельнічаць у эстафеце, выканаць баявое разгортванне. Добрая фізічная падрыхтоўка і зладжаныя дзеянні дапамагалі дружынам справіцца з задачамі.
Упартая і справядлівая барацьба, камандны дух, стойкасць і кемлівасць – гэта ўсё можна было ўбачыць на любым з этапаў спаборніцтва.
Варта адзначыць, што важную ролю ў спаборніцтвах адыграў і строгі судзейскі персанал, які ў выпадку няпоўнага адказу або няправільных дзеянняў указваў удзельнікам на недахопы: канструктыўная крытыка дазволіць камандам удасканаліць веды і навыкі.
Па выніках спаборніцтва пераможцы і каманды, якія занялі прызавыя месцы, былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад арганізатараў спаборніцтваў.
Лепшай санітарнай дружынай раёна прызнана дружына ДП “Лукі-Агра”, другое месца заняла санітарная дружына СВК “Маяк-Заполле”, трэцяе месца – у санітарнай дружыны СВК “Свіцязянка-2003”.
Сярод пажарных дружын па выніках месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца – ДП “Чарняхоўскі-Агра”, другое – Карэліцкі раён газазабеспячэння, трэцяе – СВК “Маяк-Заполле”.
Віншуем пераможцаў і прызёраў і жадаем поспехаў на абласным этапе!
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






