Ёсць свята, мабыць, адзінае на Зямлі, да якога мае дачыненне кожны чалавек, — гэта свята, прысвечанае Дню настаўніка. Яно адгукаецца ў нашых сэрцах бязмежнай удзячнасцю да тых, каму мы давяраем самае каштоўнае, што маем у жыцці — лёс нашых дзяцей, іх адукацыю і духоўнае выхаванне. Менавіта пад кіраўніцтвам настаўніка расце будучы грамадзянін, будучы дзеяч і будучы барацьбіт. А пытанні адукацыі і выхавання, як вядома, былі і ёсць пытаннямі, ад якіх залежыць будучае.

Вось таму так важна, каб рады педагогаў у школах папаўняліся таленавітымі, улюбёнымі ў сваю справу спецыялістамі, якія прынялі рашэнне стаць настаўнікам па прыкладзе сваіх любімых выкладчыкаў. Каб у гэтых радах з кожным годам большала колькасць юнакоў, якія зменяць памылковае меркаванне, маўляў, мужчыне быць педагогам не прэстыжна, на ўпэўненасць: школа, як карабель каля прычала, дзе чакаюць вучняў настаўнікі, “каб новым жыццям палажыць пачатак”. І каму, як не мужчынам, стаяць каля штурвала гэтага карабля, упэўнена вясці яго, пераадольваючы шматлікія перашкоды, да дасягнення канчатковай мэты: выпуску ў самастойнае жыццё адукаваных, выхаваных, моцных духам, непахісных у памкненнях, адданых Радзіме і свайму народу. Вось чаму напярэдадні Дня настаўніка прапаную чытачам сустрэчу з таленавітым педагогам, чалавекам з вялікай літары, якога ведаю даўно і глыбока паважаю, які заваяваў заслужаны аўтарытэт і павагу сярод вучняў, бацькоў, калегаў па працы, дырэктарам СШ № 2 г.п. Карэлічы Вікенціем Арсеньевічам Браніцкім.

Характарызуючы яго як чалавека і кіраўніка, як калегу па працы, начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч шчыра зазначае: “Вікенцій Арсеньевіч — чалавек рэдкай працавітасці і адказнасці, валодае каштоўнай якасцю — уменнем ствараць і захоўваць камфорт узаемаадносін у калектыве, шанаваць і цаніць кадры, паважаць людзей. Сціпласць і сумленнасць, адсутнасць пагардлівасці — галоўныя рысы яго характару, што яшчэ больш павышае чалавечыя сутнасць і годнасць Вікенція Арсеньевіча.”
Сам жа ён не лічыць сябе нейкай асаблівай асобай, супергероем, а ўсё дасягнутае на працягу 34 гадоў педагагічнай дзейнасці, у тым ліку кіраўнічай, па яго прызнанні — заслуга паплечнікаў па рабоце, вопытных, улюбёных у сваю прафесію, добразычлівых, побач з якімі не можаш працаваць абы-як, гэта да многага абавязвае. Дырэктар жа школы, на яго думку, у першую чаргу — настаўнік, якому вераць дзеці, бацькі, калегі, у сумленнасці якога яны не сумняваюцца, падтрымоўваюць і дапамагаюць ва ўсім. “Для кіраўніка, — прызнаецца Вікенцій Арсеньевіч, — галоўнае — любіць сваю справу, разумець, што толькі працай можна дасягнуць станоўчых вынікаў, памятаць: павага да людзей — перш за ўсё — павага да самога сябе, і права на яе мае толькі той, хто паважае іншых, а чалавекам станеш толькі тады, калі навучышся бачыць чалавека ў другім”. З гэтай беспамылковай формулай жыцця крочыць ён пастаянна, напаўняючы яе новым зместам адпаведна патрабаванням часу, дзе на першым месцы — сям’я, школа, яе каштоўнасці і праблемы, навучальны працэс, выхаванне, а разам з імі — роздумы, новыя клопаты, мары і планы…
Шлях да прафесіі
Нарадзіўся Вікенцій Арсеньевіч 26 кастрычніка 1968 года ў вёсцы Новыя Ганчары Навагрудскага раёна ў сялянскай сям’і, дзе выхоўвалася чацвёра дзяцей. Як многія вясковыя дзеці, хлопчык марыў стаць лётчыкам. Мары змяніліся ў многім пад уплывам маці: ёй, простай сялянцы, хацелася, каб Віця атрымаў вышэйшую адукацыю, прысвяціў сябе прафесіі настаўніка. Тата, трактарыст мясцовага калгаса, падтрымоўваў парады жанчыны, але нечаканая хвароба забрала яго ў сям’і: памёр, калі Віця вучыўся ў 7 класе мясцовай Багудзенскай васьмігодкі. Здольны хлопчык стараўся добра вучыцца, чым радаваў матулю, якой нялёгка было адной ставіць на ногі дзетак. Старанні не прайшлі дарэмна: Заполле-Ятраўскую сярэднюю школу ён скончыў з залатым медалём і адразу паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна. Пры гэтым хачу абмовіцца: Заполле-Ятраўская СШ знаходзілася за 10 кіламетраў ад бацькоўскага дома, таму юнаку прыйшлося ў вучэбны час жыць у прышкольным інтэрнаце. Але часовыя нязручнасці не сталі перашкодай у дасягненні высокіх вынікаў у вучобе, наадварот, загартавалі характар, спрыялі выпрацоўцы самастойнасці, надзялілі пачуццём адказнасці пры прыняцці пэўных рашэнняў, з’явіліся добрай школай жыцця. І што немалаважна, у старэйшых класах пад уплывам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ірыны Васільеўны Жук сфарміравалася цвёрдае рашэнне стаць настаўнікам. Чаму? Сёння Вікенцій Арсеньевіч успамінае: “Раней не было такой вялікай колькасці інфармацыі, як зараз, і ўрокі Ірыны Васільеўны можна параўнаць з акенцам у вялікі свет. Праз творы яна закладвала ў нашых душах разуменне, як трэба жыць, на каго раўняцца, ад чаго адказвацца. Яе ўрокі, напоўненыя духоўнасцю, зачароўвалі, па-сапраўднаму выхоўвалі, дапамагалі знаходзіць адказы на многія пытанні рэчаіснасці. Не раз і сёння, у складаныя моманты, калі вагаюся ў прыняцці нейкіх рашэнняў, вяртаюся памяццю на ўрокі літаратуры…”.
Шлях да прафесіі аказаўся не такім простым, як думалася, але шчодрым на добрых людзей, з падтрымкай і дапамогай якіх Вікенцій Арсеньевіч спасцігаў мудрасць жыцця, прафесіі і кіраўнічай дзейнасці. Пасля 1-га курса быў прызваны ў армію (1987-1989 гады), пасля дэмабілізацыі працягваў вучобу ў інстытуце, праз два гады ажаніўся. Жонка, Людміла Міхайлаўна, таксама вучылася на фізіка-матэматычным факультэце, аказалася, як прызнаецца Вікенцій Арсеньевіч, падарункам лёсу, бо, дзякуючы ёй сям’я стала надзейным тылам, прытулкам вернасці, любові, падтрымкай і абярэгам ад няўдач і памылак. Адзінадушна яны прынялі рашэнне перавесціся на завочнае аддзяленне, і першыя крокі сваёй працоўнай дзейнасці зрабілі ў Смольчыцкай СШ Карэліцкага раёна, адкуль праз год пераехалі ў Баранавіцкую СШ па запрашэнні яе тагачаснага дырэктара Мікалая Аляксандравіча Панасенкі (яго ўспамінаюць Браніцкія з цеплынёй і вялікай удзячнасцю, называючы сапраўдным настаўнікам па жыцці). Жылі спачатку на кватэры, у хуткім часе ім выдзелілі жыллё ў двухкватэрным доме, якое прывялі ў належны парадак, дзе жывуць да сённяшняга дня. Адсюль выпусцілі ў самастойнае плаванне дачушку (матэматык па адукацыі) і сына (інжынер-праграміст), куды любяць прыязджаць у госці з Мінска дарослыя ўжо дзеці і любімы ўнучак Косця. Вікенцій Арсеньевіч і Людміла Міхайлаўна памятаюць, з якім хваляваннем ішлі на ўрокі ў першыя гады працы, і ў думках пастаянна дасылаюць удзячнасць тым, хто акружыў іх клопатам і дапамогай пры спасцігненні сакрэтаў прафесіі настаўніка: педкалектывам Смольчыцкай і Баранавіцкай СШ, загадчыкам аддзела адукацыі В.В. Шэўку, В. І. Апалоніку, цяперашняму начальніку аддзела адукацыі І. В. Асташэвіч, работнікам Карэліцкай СШ № 2, якой кіруе апошнія 15 гадоў.
Узаемаразуменне, падтрымка калектыву — аснова поспеху
Гэтае правіла засвоіў для сябе Вікенцій Арсеньевіч, калі з 1994 па 2010 гады працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Баранавіцкай СШ. Прызначэнне ж у 2010 г. дырэктарам Карэліцкай СШ № 2 стала нечаканым, выклікала буру роздумаў. “Я разумеў, што будзе нялёгка. У сельскай мясцовасці прасцей: ты ведаеш людзей, людзі — цябе, у калектыве наладжаны цудоўныя ўзаемаадносіны. А тут — усё неабходна пачынаць, што называецца, з нуля, дый гаспадарчых праблемаў — мора. Настаўнікі — вопытныя, трэба дасягаць да іх узроўню, каб заваяваць давер і аўтарытэт. А значыць, працаваць, працаваць, працаваць, укладаць у працу сэрца і душу, у любых сітуацыях захоўваць чалавечнасць ва ўзаемаадносінах з калегамі”.
Дырэктар СШ № 1 г.п. Карэлічы А. А. Вярбіцкая так адзываецца аб Вікенцію Арсеньевічу: “Кампетэнтны спецыяліст, добра валодае нарматыўнымі і прававымі дакументамі ў сферы адукацыі. Заўсёды падкажа, стараецца ніколі не пакрыўдзіць чалавека. Камунікабельны, умее выслухаць субяседніка, падставіць надзейнае плячо. У нечым дыпламат, у нечым справядлівы суддзя, пры гэтым надзіва памяркоўны і сціплы. Школа відазмянілася пад яго кіраўніцтвам: на яго долю выпала столькі рамонтаў, але ён ніколі не паказаў выгляду, чаго гэта яму каштавала! Дабрэйшы чалавек, улюбёны ў сваю справу».
Вікенцій Арсеньевіч застаецца ж пры сваім меркаванні: дасягненні ўзначальваемай ім установы — гэта заслуга калектыву, які разам з дапаможным персаналам налічвае 68 чалавек. Сёлета ў школе навучаецца 406 дзяцей, гэта патрабуе шмат намаганняў, каб навучанне і выхаванне вялося на высокім узроўні, і педагогі СШ № 2 на чале з дырэктарам спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Зроблена за 15 гадоў нямала, ганарыцца ёсць чым: нарэшце туалеты перанесены з вуліцы ў школьны будынак, праведзены капітальны рамонт харчовага блока і вучэбных кабінетаў, якія абсталяваны ўсім неабходным для паспяховага навучання, загрузка школьных памяшканняў — 100%. Школа ззяе светлымі фарбамі, здаецца, што ўсе памяшканні сталі больш прасторнымі, у іх утульна і камфортна. Дзеля зручнасці і паляпшэння работы настаўнікаў даабсталяваны кабінеты ў будынку былога Дома піянераў, зроблены рамонт даху, пабудавана новая спартыўная пляцоўка, непазнавальна змянілася кветкавае афармленне школьнага двара. І трэба было бачыць, з якім гонарам паказваў Вікенцій Арсеньевіч школьныя кабінеты, якія не ўступаюць гарадскім; з якой павагай гаварыў аб сваіх калегах, аб намесніку па вучэбнай рабоце Святлане Генадзьеўне Шчука, намесніку па гаспадарчай рабоце Н. М. Роўдан, па выхаваўчай — В. У. Івашка, аб настаўніцы абслугоўваючай працы І. М. Кошур, якая стварыла ў школе кветкавы рай, і многіх іншых. Адчувалася, што дырэктар і калектыў — адна сям’я, дзе існуюць даверлівыя ўзаемаадносіны і ўзаемапавага.
Для Вікенція Арсеньевіча недапушчальна сітуацыя, дзе дырэктар — сабе, калегі — сабе. Там, на яго думку, дзе адсутнічаюць самалюбаванне сабою, самаўсхваленне самога сябе, працуе каманда аднадумцаў, дзе адзін за ўсіх, а ўсе — за аднаго і будуць станоўчыя вынікі. А мне падумалася: будучае школ якраз за такімі кіраўнікамі, удумлівымі, адукаванымі, добрасумленнымі, самаадданымі, працавітымі, якія любяць сваю прафесію, умеюць павесці за сабою настаўніцкі і вучнёўскі калектывы, бацькоў. Дзякуючы агульным намаганням дасягнутае ў Карэліцкай СШ № 2 гаворыць само за сябе: вучні атрымоўваюць глыбокія веды, працэнт паступлення ў вну склаў сёлета 79%; стабільна высокія паказчыкі ў аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай работы; добрыя вынікі паказваюць выпускнікі ўстановы на ЦТ.
Час не стаіць на месцы, многае змяняецца ў звыклым рытме адукацыйнага працэсу, таму да новаўвядзенняў Вікенцій Арсеньевіч адносіцца з разуменнем: падтрымоўвае ўвядзенне адзінага дзяржаўнага іспыту; забарону ў новым навучальным годзе мабільных тэлефонаў у школах, пры гэтым адзначае, што настаўнікі павінны дапамагчы вучням з цягам часу ўсвядомлена і добраахвотна адказацца ад карыстання гаджэтамі ў час заняткаў, зразумеўшы, што забарона ўведзена для іх жа саміх.
Сёння ў планах дырэктара вырашэнне многіх пытанняў, сярод якіх — даабсталяванне вучэбных кабінетаў, каб у кожным з іх быў хуткасны інтэрнэт, каб былі створаны неабходныя ўмовы для працы выкладчыкаў і вучняў; ёсць нявырашаныя пытанні гаспадарчага характару; хочацца больш увагі надаваць маладым педагогам з мэтай дапамогі ў станаўленні іх прафесійных навыкаў; завяршыць работу па стварэнні ў школе краязнаўчага музея і многае іншае.
Хочацца пажадаць Вікенцію Арсеньевічу і ўсяму педкалектыву ажыццяўлення задуманага і новых поспехаў.
Напярэдадні прафесійнага свята Вікенцій Арсеньевіч дасылае настаўніцтву раёна прачулыя віншавальныя словы, да якіх далучаюся і я (на жаль, аўтар невядомы):
И снова в позолоте тополя,
А школа, как корабль у причала,
Где ждут учеников учителя,
Чтоб новой жизни положить начало.
На свете нет богаче и щедрей,
Чем эти люди, вечно молодые.
Мы помним всех своих учителей,
Хотя и сами мы почти седые…
Они в судьбе у каждого из нас,
По ней проходят словно красной нитью.
Мы гордо произносим каждый раз
Простых три слова:
«Это мой учитель!»
Мы все в его надежнейших руках:
Ученый, врач, политик и строитель…
Живи всегда в своих учениках
И счастлив будь, наш капитан Учитель!
Галіна КАЛТУНОВА
Фота Іны ЛЕЙКІ























